Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятля, рэанімацыя і вяртаньне ў ЗША. Як у Беларусі складваюцца лёсы перабежчыкаў з Захаду

Грамадзянін ЗША Эван Ньюман, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі
Грамадзянін ЗША Эван Ньюман, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі

Беларуская прапаганда ахвотна публікуе інтэрвію зь людзьмі, якія пераяжджаюць у Беларусь праз магчымасьць арышту на радзіме. Расказваем, як складваюцца іхныя лёсы пасьля таго, як цікавасьць да іх заціхае.

Апошнімі гадамі зь Беларусі з палітычных прычын зьехалі сотні тысяч беларусаў. Большасьць асела ў Польшчы, дзясяткі тысяч перабраліся ў Літву й іншыя эўрапейскія краіны, вырасла новая беларуская эміграцыя за акіянам. Але ёсьць і адваротная зьява, калі грамадзяне ЭЗ і ЗША пераяжджаюць у Беларусь, дзе вінавацяць у палітычным перасьледзе свае ўлады. Расказваем пра некалькі самых гучных выпадкаў.

Томаш Шмыт. Падазраваны ў шпіянажы пракурор з Польшчы, якому пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне

Магчыма, самы вядомы і гучны перабежчык. На радзіме Томаш Шмыт быў судзьдзём адміністрацыйнага ваяводзкага суду Варшавы, займаў гэтую пасаду 12 гадоў, да самага ад’езду ў Менск у траўні 2024 году.

У Польшчы Шмыт стаў шырока вядомы ў 2019 годзе, калі актыўна ўдзельнічаў у так званым «хэйтэрскім скандале». Істота справы была ў канфлікце тагачаснага польскага ўраду, які кантралявала кансэрватыўная партыя «Права і Справядлівасьць» на чале зь Ярославам Качыньскім (ПіС), і судовага корпусу. ПіС актыўна спрабаваў абмежаваць незалежнасьць польскіх судзьдзяў, Шмыт шмат выступаў у мэдыя з падтрымкай дзеяньняў партыі Качыньскага.

Томаш Шмыт падчас першай прэсавай канферэнцыі ў Менску, травень 2024
Томаш Шмыт падчас першай прэсавай канферэнцыі ў Менску, травень 2024

У канцы 2023 году ўлада ў Польшчы зьмянілася, пасаду прэм’ера заняў больш лібэральны і праэўрапейскі Дональд Туск. Ужо празь некалькі месяцаў Шмыт быў у Менску, куды зьехаў падчас адпачынку. На адмыслова сабранай прэсавай канфэрэнцыі ён публічна адмовіўся ад пасады варшаўскага судзьдзі і заявіў пра палітычна матываваны перасьлед. У Варшаве адказалі крымінальнай справай з падазрэньнем у шпіянажы на карысьць Беларусі і Расеі. Сьледзтвам займаецца Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы. Якія менавіта зьвесткі былы судзьдзя мог перадаваць у Менск і Маскву, невядома, справа Шмыта закрытая. На радзіме яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Зараз Томаш Шмыт жыве ў Менску, працуе аглядальнікам у БелТА. Часта зьяўляецца на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі ў якасьці экспэрта, дзе разважае на ўнутрыпольскія і іншыя тэмы.

Эміль Чэчка. Дэзэртыр з польскага войска. Знойдзены павешаным у здымнай кватэры ў Менску

Польскі жаўнер Эміль Чэчка быў адным зь першых перабежчыкаў з краін Захаду ў Беларусь пасьля падзеяў 2020 году. Яго голым знайшлі ў лесе на беларуска-польскай мяжы ў сьнежні 2021 году. Неўзабаве пасьля гэтага Чэчка даў прэсавую канфэрэнцыю ў Менску, дзе расказаў аб нібыта масавых расстрэлах польскімі памежнікамі людзей, якія спрабуюць нелегальна перайсьці мяжу Беларусі з Польшчай. Тады акурат разгараўся мігранцкі крызіс, і Польшча для ўзмацненьня аховы мяжы, акрамя памежнікаў, пачала залучаць рэгулярнае войска.

Эміль Чэчка пасьля уцёкаў у Беларусь
Эміль Чэчка пасьля уцёкаў у Беларусь

За дэзэртырства Чэчкі з польскага войска і яго ўцёкі ў Менск у Польшчы пакаралі яго камандзіраў. Мясцовыя мэдыя высьветлілі, што на радзіме жаўнеру пагражаў крымінальны перасьлед за зьдзекі над маці, у тым ліку фізычныя. Пасьля дэзэртырства супраць Чэчкі завялі яшчэ адну крымінальную справу, у якой жаўнеру маглі дадаць яшчэ 10 гадоў турмы.

17 сакавіка Чэчку знайшлі павешаным у арэнднай кватэры ў Менску. Беларускія дзяржаўныя СМІ намякалі на, магчыма, гвалтоўны характар сьмерці, распачалося сьледзтва. Вынікі яго афіцыйна не публікавалі.

Пахавалі Чэчку праз два месяцы пасьля сьмерці на польскіх вайсковых могілках у Даўгінаве. Маці і родныя дэзэртыра на пахаваньне прыехаць адмовіліся. У жніўні 2023 году горадзенскія ўлады назвалі прозьвішчам Чэчкі вуліцу, дзе знаходзіцца польскі кансулят.

Эван Ньюман. Грамадзянін ЗША, на радзіме быў падазраваным у гвалце над паліцыянтамі і ўдзеле ў штурме Капітолію. Памілаваны Дональдам Трампам

У Беларусь Эван Ньюман дабіраўся праз Украіну, перайшоўшы мяжу нелегальна, у верасьні 2021 году. Амэрыканца адразу ж паказалі ў дзяржаўнай тэлевізіі, менш чым праз год далі палітычны прытулак. На радзіме, у ЗША, Ньюмана падазравалі ў 14 злачынных эпізодах, у тым ліку ў штурме дзяржаўнага будынку і нападзе на афіцэраў паліцыі.

Неўзабаве пасьля атрыманьня статусу палітуцекача Ньюман асеў у Берасьці, дзе пачаў працаваць рэпэтытарам ангельскай мовы для дзяцей, а затым адкрыў рэстаран амэрыканскай кухні Route 66.

Эван Ньюман падчас інтэрв'ю ў сваім берасьцейскім рэстаране амэрыканскай кухні ў студзені 2025 году
Эван Ньюман падчас інтэрв'ю ў сваім берасьцейскім рэстаране амэрыканскай кухні ў студзені 2025 году

«Мяне зьдзівіла, якія ў вас чыстыя вуліцы і як усё дакладна арганізавана, — расказваў Ньюман у адным з інтэрвію беларускім прапагандыстам. — Аўтобусы езьдзяць пастаянна, цягнікі езьдзяць пастаянна. Гэта прыемна зьдзівіла».

Увосень 2024 году пасаду прэзыдэнта ЗША заняў Дональд Трамп, Ньюман яго актыўны прыхільнік. Зімой 2025 году Трамп памілаваў Ньюмана разам зь іншымі ўдзельнікамі штурму Капітолію. Нейкі час пасьля гэтага амэрыканец заставаўся ў Берасьці. Але ўжо летам 2025 сацсеткі Route 66 перасталі абнаўляцца, а пад адрасам амэрыканскага рэстаранчыку зьявілася іншая ўстанова. «Яны закрыліся летам яшчэ», — сказалі там Свабодзе пра лёс берасьцейскага бізнэсу Ньюмана.

Скрыншот з запісу, дзе бачны момант штурма Капітолія з удзелам Ньюмана
Скрыншот з запісу, дзе бачны момант штурма Капітолія з удзелам Ньюмана

Як стала вядома Свабодзе, у цэнтры вывучэньня ангельскай мовы, дзе амэрыканец працаваў пасьля атрыманьня палітычнага прытулку ў Беларусі, яго таксама больш няма. Некалькі крыніц пацьвердзілі, што неўзабаве пасьля памілаваньня Ньюман вярнуўся ў ЗША.

Аляксей Росьлікаў. Былы дэпутат Саэймы Латвіі, да 20 гадоў турмы за дапамогу дзяржаве-агрэсару

Былы дэпутат Саэймы Латвіі і ўжо таксама былы дэпутат Рыскай думы Аляксей Росьлікаў (гэтага мандату Росьлікава пазбавілі ўжо пасьля ад’езду з Латвіі. — РС) у Беларусі зьявіўся ў красавіку 2026 году. Перамяшчэньню Росьлікава з Рыгі ў Менск папярэднічалі шматлікія скандалы, гучныя заявы з трыбуны ў Саэйме накшталт «Нас больше, русский язык — наш язык!» і пагроза крымінальнага перасьледу за дзейнасьць на карысьць варожым Латвіі дзяржавам.

Аляксей Росьлікаў
Аляксей Росьлікаў

На момант ад’езду Росьлікаў ужо быў абмежаваны ў перамяшчэньнях і змог выехаць з Латвіі толькі пад выглядам удзелу ў канфэрэнцыі ў Швайцарыі. У Менску былы дэпутат працягвае рабіць гучныя заявы і камэнтаваць палітыку латвійскага ўраду ў ранейшай манеры. Адно што рабіць цяпер ён гэта можа пераважна праз кароткія відэа ў сацсетках.

«Вы хочаце, каб я вярнуўся і проста на мяжы на мяне надзелі кайданкі? — сказаў ён у інтэрвію тэлеканалу „Настоящее время“. — Сёньня супраць мяне скіраваная вялізная палітычная машына, і, адпаведна, я такога задавальненьня ім не дастаўлю! Пакуль я буду знаходзіцца тут (у Беларусі), працаваць адсюль, працягваць трансьляваць сваю пазыцыю. Ну далей як бог».

Юрый Аляксееў. Рэдактар Imhoclub.lv, год турмы за захоўваньне боепрыпасаў

Супрацоўнік сфэры мэдыя Юрый Аляксееў таксама перабраўся ў Беларусь з Латвіі. Адбылося гэта ў канцы 2024 году, палітычны прытулак у Беларусі Аляксееў атрымаў у лістападзе 2025 году.

У Латвіі Аляксееў спрабаваў пераканаць грамадзтва ў каштоўнасьцях «рускага сьвету», крытыкаваў Эўразьвяз і «калектыўны Захад» на сваім рэсурсе Imhoclub.lv, а яшчэ захоўваў боепрыпасы, за што быў асуджаны на адзін год турмы з адтэрміноўкай на год.

Скрыншот са старонкі Юрыя Аляксеева, дзе ён паведамляе аб атрыманьні палітычнага прытулку ў Беларусі
Скрыншот са старонкі Юрыя Аляксеева, дзе ён паведамляе аб атрыманьні палітычнага прытулку ў Беларусі

«Загадваю: даць Аляксееву Юрыю, 1958, грамадзяніну Латвійскай Рэспублікі, статус уцекача ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з часткай першай артыкулу 19 Закону, паколькі заяўнік мае абгрунтаваныя асьцярогі стаць ахвярай перасьледу ў дзяржаве грамадзянскай прыналежнасьці на падставе яго палітычных перакананьняў і не жадае карыстацца абаронай гэтай дзяржавы», — гаворыцца ў рашэньні аб наданьні прытулку Аляксееву ў Беларусі.

Чым Юрый Аляксееў займаецца ў Беларусі зараз, дакладна невядома. Мяркуючы па ягоных сацсетках, усё тым жа. Акрамя фота алькаголю і пельменяў, там можна знайсьці допісы зь ягоным бачаньнем сучаснай сусьветнай палітыкі і прызнаньні ў любові да Беларусі.

Антанас Кандротас. Да 9 гадоў турмы за беспарадкі ля Сейму Літвы і іншыя злачынствы

Антанасу Кандротасу, ён жа Цэлафанас, на радзіме ў Літве інкрымінавалі пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яго падазраюць у арганізацыі ўзброеных групаў, фінансавых махінацыях, незаконным зборы інфармацыі, супрацы з спэцслужбамі замежных краін. У дадатак Антанас не цураецца публічна выказваць усё, што ён думае пра ЛГБТ-супольнасьць. Гэта ў Эўразьвязе таксама можа мець наступствы.

Антанас Кандротас (зьлева) падчас інтэрв'ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачаньню
Антанас Кандротас (зьлева) падчас інтэрв'ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачаньню

Пра ад’езд Кандротаса ў Беларусь стала вядома на пачатку траўня. Ён адразу даў інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі, у якім паабяцаў вярнуцца ў Літву ў самым хуткім часе, а таксама чарговы раз пахваліў беларускі рэжым.

«Я ўжо ня першы раз у гэтым Менску, — расказваў Кандротас яшчэ ў адным інтэрвію прапагандысцкаму YouTube-каналу „Грани Свободы“. — Паколькі я прадпрымальнік, то ў мяне тут у асноўным працоўныя пытаньні. Я бачу вялікія тут пэрспэктывы, вялікі патэнцыял. І, думаю, трэба ўжо гучна гаварыць наконт супрацоўніцтва».

Вяртаньня Кандротаса ў Літву пакуль не адбылося. Паводле агучанай ягонымі паплечнікамі вэрсіі, Кандротас у Менску трапіў у рэанімацыю з падазрэньнем на інфаркт. У Літве гэта расцанілі як спробу ўхіліцца ад яўкі на судовае паседжаньне ў Вільні.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG