Адметна, што за восем месяцаў да завядзеньня крымінальнай справы ва Ўкраіне беларус зьехаў у Малдову — за паўтара месяца да прэзыдэнцкіх выбараў, якія праходзілі ў гэтай краіне на фоне маштабнай прарасейскай інфармацыйнай кампаніі.
Свабода высьветліла дэталі дзейнасьці беларуса і абвінавачаньняў супраць яго.
У «чорным піяры» — больш за 10 гадоў, а справу завялі толькі сёлета
Юры Захараў займаўся «чорным піярам» сама меней з 2015 году, але падазрэньні яму выставілі толькі сёлета ў сакавіку. Нагодай стала сэрыя публікацыяў, якія дыскрэдытавалі дабрачынны фонд «Батальён Валянтэр» і ягонае кіраўніцтва — дырэктара Ўладзіміра Ярэменку і заснавальніка фонду, журналіста Рамана Бачкалу.
Публікацыі выходзілі з 6 студзеня кожны дзень і тычыліся кантактаў Рамана Бачкалы і шэрагу створаных ім грамадзкіх антыкарупцыйных арганізацыяў зь Міністэрствам абароны Ўкраіны, нібыта з мэтай прыхаваць «карупцыйныя схемы» ў вайсковых закупах. Хоць у публічнай прасторы няма інфармацыі ні ад праваахоўных органаў, ні ад вайсковых структураў аб нейкай датычнасьці Бачкалы і яго арганізацыяў да карупцыі.
Як адзначаецца ў тэксьце падазрэньня, выстаўленага Юрыю Захараву, ён разам з сваёй жонкай Аляксандрай (супраць яе справу завялі 1 траўня 2025 году) арганізаваў разьмяшчэньне і пашырэньне на падкантрольных яму інфармацыйных рэсурсах «публікацыяў нэгатыўнага характару, якія ўтрымлівалі непраўдзівую і дыскрэдытацыйную інфармацыю пра ўкраінскага журналіста, вайсковага карэспандэнта, грамадзкага дзеяча» Рамана Бачкалу і яго валянтэрскую арганізацыю.
Жонку Захарава затрымалі, але, імаверна, пазьней выпусьцілі — паводле наяўнай інфармацыі, яна ўнесла фінансавы заклад, большы за 266 тысяч грыўняў (прыблізна 6 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Як працавала схема
Да вайны ва Ўкраіне быў вялікі рэкламны рынак, яго аб’ём набліжаўся да аднаго мільярда даляраў. Вялікую долю ў ім займаў так званы «чорны піяр», які выкарыстоўвалі для зьнішчэньня рэпутацыі палітыкаў, бізнэсу ці арганізацыяў.
Для такіх інфармацыйных кампаніяў ствараліся адмысловыя сайты, так званыя «зьліўныя бачкі». Гэтая зьява атрымала жаргонную назву «джынса» — калі замоўленыя матэрыялы рыхтуюцца і распаўсюджваюцца празь сетку пэўных сайтаў, а потым іх перадрукоўваюць нават вялікія інфармацыйныя агенцтвы, часам таксама за грошы. Цяпер такое робіцца праз адпаведныя Telegram-каналы і спадарожныя ім сайты. Пры гэтым «чорным піярам» у палітычнай барацьбе займаліся і прадстаўнікі ўлады, і апазыцыя.
Юры Захараў трапіў у гэтую сфэру ці не адразу пасьля свайго пераезду ва Ўкраіну. Азы «прафэсіі» ён засвоіў у партнэрскай сетцы мэдыйнай структуры Ігара Мізраха — вядомага ва Ўкраіне рэйдэра, чорнага піярніка і паліттэхноляга (ён памёр у кіеўскім СІЗА пры невядомых абставінах. — РС).
Беларус пачаў зарабляць, прапаноўваючы за грошы выдаляць з усіх падкантрольных яму рэсурсаў дыскрэдытацыйную інфармацыю пра вядомых людзей. Захараў адміністраваў Telegram-канал «Невероятно, но факт...», зьвязаны яшчэ зь дзясяткам сайтаў, якія, паводле сьледзтва, ён сам і стварыў менавіта для такіх мэтаў.
Каго шантажаваў
Людзі, знаёмыя зь Юрыем Захаравым або зь яго дзейнасьцю, называюць яго «інфармацыйным кілерам, уладальнікам „крывавага чорнага бізнэсу“ і бязьлітаснай пачварай». Паводле ягоных «канкурэнтаў», беларус шантажаваў усіх — сяброў, партнэраў, сваіх заступнікаў, палітыкаў, чыноўнікаў, вайскоўцаў і іхных жонак, а нават сваіх блізкіх сваякоў. Таксама публікаваў матэрыялы на замову «расейскіх куратараў».
Захараву прыпісваюць суарганізацыю ў 2014–2016 гадах так званага «Фінансавага майдану». Гэта была спроба расхістаць сытуацыю і павярнуць яе супраць ураду Арсенія Яцэнюка. Захараў нібыта на грошы прарасейскай Партыі рэгіёнаў і расейскіх «куратараў» шукаў людзей, якія за адпаведныя «ганарары» пікетавалі Нацыянальны банк і Вярхоўную раду.
Аднак пакуль у крымінальнай справе толькі адзін эпізод — вымаганьне грошай за выдаленьне з Telegram-каналу і спадарожных сайтаў публікацыяў пра журналіста Рамана Бачкалу і яго дабрачынны фонд «Батальён Валянтэр», якія займаюцца дапамогай вайскоўцам. Свае паслугі, згодна з матэрыяламі справы, Захараў ацаніў спачатку ў 120 тысяч грыўняў (прыблізна 2,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС), а потым падвысіў стаўкі да трох тысяч даляраў, ужо ў крыптавалюце. Урэшце гэтыя грошы на адзін зь яго крыптагаманцоў пералічыў дырэктар фонду Ўладзімір Ярэменка.
Пасьля атрыманьня грошай матэрыялы так і ня зьніклі з рэсурсаў, а Telegram-канал дагэтуль працягвае сваю дзейнасьць. Сьледчыя плянуюць вывучыць рух «лічбавых грошай» і фінансавых рэсурсаў на банкаўскіх рахунках, каб вызначыць сьпіс магчымых іншых ахвяраў Захарава. Як стала вядома Свабодзе, адпаведныя банкаўскія дакумэнты вывучаюць сьледчыя Кіраваградзкай, Жытомірскай і Чарнігаўскай вобласьцяў.
Чым займаўся Захараў да прыезду ва Ўкраіну
Юры Захараў нарадзіўся 18 траўня 1988 году ў Маладэчне. Яго маці, паводле зьвестак на 2021 год, працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, а бацька — у ЗАТ «Струм», што выпускае мэдычную мэблю.
Згодна з інфармацыяй, якую Свабодзе перадала ініцыятыва «Кібэрпартызаны», Юры вучыўся ў сярэдняй школе № 3 у Маладэчне. У 2004 годзе яна стала гімназіяй з паглыбленым вывучэньнем фізыка-матэматычных, філялягічных і хіміка-біялягічных дысцыплінаў і цяпер лічыцца адной з найбольш прэстыжных навучальных установаў у горадзе.
У той жа час няма дакладнай інфармацыі, ці атрымаў Захараў агульную сярэднюю адукацыю, ці завяршыў вучобу ў школе пасьля 9-й клясы. Таксама незразумела, ці працягваў ён прафэсійнае навучаньне, а калі так — у якой установе.
З 2003 да 2009 году Захараў працаваў на пяці прадпрыемствах розных сфэраў і формаў уласнасьці. Быў рамонтнікам, займаўся бытавым абслугоўваньнем, надаваў паслугі ў абслугоўваньні ліфтаў, урэшце ў 2008 годзе трапіў на прыватнае прадпрыемства ў Менску «Дон Боска», якое спэцыялізавалася на продажы кампутараў.
У кастрычніку 2009 году ён зарэгістраваўся ў Маладэчне індывідуальным прадпрымальнікам у галіне тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту офісных машын і вылічальнай тэхнікі. 25 верасьня 2015 году Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі скасавала яго рэгістрацыю празь невыкананьне прадпрымальніцкай дзейнасьці цягам 12 месяцаў запар і неінфармаваньне аб прычынах гэтага.
Паездкі ва Ўкраіну
Паводле інфармацыі «Кібэрпартызанаў», з 2011 году Захараў ужо амаль ня жыў у Беларусі. Ён, імаверна, быў двойчы жанаты і двойчы разводзіўся ў Беларусі. У трэці раз ён ажаніўся ўжо з грамадзянкай Украіны, разам зь якой, паводле сьледзтва, вымагаў грошы ў «герояў» сваіх публікацыяў.
Ва Ўкраіну і Беларусь Захараў езьдзіў на аўтамабілях беларускай, расейскай і ўкраінскай рэгістрацыі.
Адзін з украінскіх аўтамабіляў — Hyundai зь дзяржаўным нумарам рэгістрацыі АА 5015 ЕЕ. Паводле інфармацыі Свабоды, прынамсі на 2017 год ён мог належаць адной з спартовых базаў або Генэральнай дырэкцыі абслугоўваньня іншаземных дэлегацыяў — гэта дзяржаўнае прадпрыемства Ўкраіны, якое забясьпечвае функцыянаваньне дыпляматычных прадстаўніцтваў, консульскіх установаў, а таксама прадстаўніцтваў міжнародных міжурадавых арганізацыяў, акрэдытаваных ва Ўкраіне. Дырэкцыя падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму кіраўніцтву справаў. Абодва аб’екты (спартовая база і дырэкцыя) знаходзяцца на закрытай тэрыторыі ў Кіеве — на Труханавым востраве, папулярным месцы адпачынку фактычна ў цэнтры сталіцы. Туды аўтамабілі могуць праехаць толькі з адмысловым пропускам, а ўладальнік гэтага аўтамабіля яго меў.
Адметна, што 19 траўня 2013 году на гэтым аўтамабілі Захараў уяжджаў у Беларусь не на падставе свайго пашпарту, а з пасьведчаньнем на вяртаньне ў краіну свайго грамадзянства. Такі дакумэнт атрымліваюць у амбасадзе Беларусі пры страце пашпарту або заканчэньні тэрміну яго дзеяньня. Назад ва Ўкраіну ён вярнуўся празь пяць дзён на тым жа аўтамабілі, але ўжо з новым пашпартам. Разам зь ім быў і ўласьнік машыны — Я. Панамароў (цяпер у гэтай машыны іншы ўласьнік).
Пасьля 2016 году Захараў перасякаў беларускую мяжу на розных аўтамабілях — чарнігаўскай, менскай і магілёўскай рэгістрацыі. Сярод ягоных спадарожнікаў пэрыядычна былі грамадзяне Расеі.
У Кіеве спачатку зарабляў рамонтам кампутараў
У лістападзе 2011 году Юры Захараў на бясплатным партале для пошуку працы разьмясьціў абвестку ад імя кампаніі «Лідер Computers», якая надавала хуткую кампутарную дапамогу 24/7 у Кіеве — усталёўвала праграмы, наладжвала і рамантавала кампутарную тэхніку з выездам на дом. Але, як вынікае зь дзяржаўных рэестраў Украіны, юрыдычна такой кампаніі не існавала.
Адначасова Захараў прасоўваў свае паслугі ў розных сацыяльных сетках, дзе ствараў групы «Ремонт компьютеров, ноутбуков и нетбуков в Киеве». Напрыклад, у Facebook у ягоную супольнасьць уваходзілі 208 чалавек.
Сярод іх вядомыя ва Ўкраіне палітыкі, дэпутаты, журналісты, бінэсоўцы, у тым ліку шэф-рэдактарка сайту «Лівий берег» Соня Кошкіна, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мікола Княжыцкі (фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць»), ранейшы мэр Львова (1998–2002) і міністар рэгіянальнага разьвіцьця Ўкраіны (2007–2010) Васіль Куйбіда, колішнія дэпутаты Вярхоўнай Рады Яўген Суслаў (фракцыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына») і Віктар Швец, колішні дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады Заран Шкірак і адміністратар ягонай грамадзкай арганізацыі «Новий Київ». Прынамсі два прозьвішчы — Княжыцкага і Шкірака — фігуравалі ў публікацыях Захарава на Telegram-канале.
Свабода зьвярнулася да некаторых з гэтых украінцаў, каб высьветліць, ці карысталіся яны паслугамі Захарава і ці былі зь ім увогуле знаёмыя. Тыя, хто адказаў, напісалі, што ня ведаюць, як апынуліся ў гэтай групе. Імаверна, Захараў проста выкарыстоўваў магчымасьці Facebook і сам далучыў іх да групы.
«Я ня ведаю гэтую асобу. Там, бачу, ёсьць Алег Піліпенка, актывіст зь Львова. Ён часам да мяне зьвяртаўся. Можа празь яго нейкім чынам», — сказаў Свабодзе Мікола Княжыцкі.
Як і іншыя, ён кажа, што ня ведае, якім чынам апынуўся ў складзе групы Захарава, і што ніколі зь ім не кантактаваў.
Цяпер гэтая група «мёртвая». Адзін зь беларускіх сяброў Захарава пад імем Чэслаў Шакола (невядома, гэта псэўданім ці сапраўднае імя. — РС) цяпер там публікуе спасылкі на матэрыялы рэлігійнага характару.
На асабістай старонцы Захарава ў Facebook 332 сябры, сярод іх вельмі шмат профіляў, зьвязаных з пратэстанцкімі цэрквамі. Але з 2012 году старонка не абнаўляецца.
Сяброўства зь бізнэсоўцам, які хаваўся ва Ўкраіне ад сьледзтва ў Беларусі
У 2012 годзе Юры Захараў пяць разоў перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу на трох розных аўтамабілях прадстаўніцкай клясы, якія належалі грамадзяніну Беларусі Віктару Крэйдзічу. У пачатку 2000-х Крэйдзіч быў намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі барацьбы, а ў 2006-м яго запрасілі ва Ўкраіну на пасаду трэнэра нацыянальнай зборнай у вольнай барацьбе.
Як паведамлялі ў супольным расьсьледаваньні ініцыятыва «Бюро» і праект Радыё Свабода «Схемы», ён хаваўся ва Ўкраіне ад сьледзтва ў Беларусі ў межах дзьвюх карупцыйных справаў. Ва Ўкраіне Крэйдзіч меў некалькі бізнэсаў, у тым ліку ў анэксаваным Расеяй Крыме — санаторый ў Еўпаторыі, дзе яго партнэркай і сузаснавальніцай была жонка ўкраінскага спартоўца, дэпутата ад Партыі рэгіёнаў Эльбруса Тэдэева, які называў колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча сваім «царом і богам».
Паводле ўкраінскіх мэдыя, памочнікам Тэдэева пэўны час быў Андрэй Ярмак, які да лістапада 2025 году ачольваў офіс прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Апошнія два гады ўкраінскія палітыкі абвінавачваюць офіс прэзыдэнта Ўкраіны ў датычнасьці да ананімных Telegram-каналаў, якія займаюцца дыскрэдытацыяй апазыцыйных цяперашняй уладзе палітыкаў.
Цяпер Крэйдзіч, імаверна, знаходзіцца ў Расеі ці Беларусі. Ён актыўна працуе ў якасьці сябра прэзыдыюму Міжнароднай грамадзкай палаты, у якой ачольвае Камісію спартовай дыпляматыі і агучвае прарасейскую рыторыку.
Палату стварылі ў 2017 годзе спачатку ў межах так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі як непалітычную пляцоўку для разьвіцьця міжнародных сувязяў і спартовай дыпляматыі. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Маскве.
З трох камэрцыйных прадпрыемстваў, створаных Крэйдзічам ва Ўкраіне, у двух анулявалі падатковае пасьведчаньне на патрабаваньне кантрольных органаў, а санаторый у Крыме сузаснавальнікі пасьпелі перарэгістраваць паводле расейскіх законаў.
У 2014 годзе Крэйдзіч у Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласьці зарэгістраваў грамадзкую арганізацыю, якая займалася прасоўваньнем ва Ўкраіне «славянскага адзінства», — дабрачынны фонд «Слов’янська єдність». Ён дагэтуль мае дзяржаўную рэгістрацыю і не забаронены ва Ўкраіне, як іншыя аналягічныя грамадзкія арганізацыі.
Як сьледзтва выйшла на Захаравых
Пацярпелым бокам у крымінальнай справе прызналі журналіста Рамана Бачкалу, сузаснавальніка фонду «Батальён Валянтэр», і Ўладзіміра Ярэменку, дырэктара гэтага фонду.
І Раман Бачкала, і Ўладзімір Ярэменка, якіх шантажаваў Захараў, сказалі Свабодзе, што зь ім асабіста і ягонай жонкай ніколі не былі знаёмыя. Яны мяркуюць, што за Захаравымі ніхто не стаяў, а грошы яны вымагалі ад свайго імя і для сябе.
«Я ня ведаў гэтую асобу і толькі ад вас даведаўся ягонае імя і што ён грамадзянін Беларусі. [...] Я ня думаю, што за ім стаяць нейкія палітычныя сілы, бо, улічваючы характар дзеяньняў, а гэта вымаганьне, я думаю, што гэта проста нейкія фізычныя асобы, якія такім шляхам вырашылі зарабляць грошы», — сказаў Раман Бачкала.
Журналіст мяркуе, што сьледчыя вызначылі датычнасьць Захарава да справы, вывучыўшы IP-адрасы, зь якіх ішлі вымагальніцкія лісты, а таксама крыптагаманцы, на якія пералічвалі грошы.
«Як правіла, гэтыя махляры грошай фізычна не атрымліваюць. Яны атрымліваюць іх на электронныя гаманцы. І спэцыялісты ў барацьбе з кібэрзлачыннасьцю маюць законныя мэтады паглядзець, на каго гаманец зарэгістраваны, на чыім і якім тэлефоне яго адкрывалі ці на якім кампутары да яго быў доступ, і па такім ланцужку можна высьветліць асобу. Магчыма, менавіта так і яго вызначылі», — патлумачыў Бачкала.
Аднак сьледзтва пакуль не заблякавала гэты Telegram-канал, ён працуе дагэтуль, а пасьля пачатку дасудовага расьсьледаваньня ў гэтай справе ягоная аўдыторыя павялічылася амаль удвая — да 2 227 000 чытачоў. І, паводле Рамана Бачкалы, канал надалей вымагае грошы — ужо ў іншых асобаў. Цяпер на ім заклікаюць да супрацы рэклямадаўцаў, якім прапануюць «партнэрскія праекты» і «спэцыяльныя фарматы».
«Можа, канал перайшоў пад кантроль трэціх асобаў — добраахвотна ці нядобраахвотна, можа быць па-рознаму. Магчыма, гэта нейкія новыя людзі, або зьвязаныя асобы, або ён сам (Захараў. — РС) працягвае гэта рабіць з-за мяжы. І так можа быць», — ня выключыў журналіст.
Паводле Бачкалы, заяву ў паліцыю падаваў дырэктар фонду Ўладзімір Ярэменка. Ён жа пералічваў Захараву крыптавалюту.
Уладзімір Ярэменка ўдакладніў Свабодзе, што «нэгатыўныя» публікацыі на Telegram-канале аб дзейнасьці фонду знайшлі падчас мэдыяманіторыгу яны самі і зьвярнуліся да адміністратара з прапановай падаць доказы высноваў у сваіх публікацыях або выдаліць іх як непраўдзівыя. «Яны не адрэагавалі, і тады мы зьвярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай аб паклёпе і вымагальніцтве грошай», — удакладніў Ярэменка.
«У іх будзе магчымасьць даказаць свае словы ў судзе, падаць сьледчым органам усе дакумэнты, якія яны маюць, сьведкаў і гэтак далей», — кажа дырэктар фонду «Батальён Валянтэр».
Выехаў з Украіны перад выбарамі прэзыдэнта ў Малдове
У пачатку ліпеня стала вядома, што Юрыя Захарава завочна арыштавалі ва Ўкраіне. Дасудовае расьсьледаваньне гэтай справы працягнулі да сярэдзіны верасьня.
Аднак беларус ужо не ва Ўкраіне. Ёе зьехаў у Малдову і больш не вяртаўся. Дарэчы, менавіта з-за мяжы ён і вымагаў грошы ад фонду «Батальён Валятэр», бо гэта, паводле сьледзтва, адбывалася сёлета ў лютым.
Пакуль невядома, на якім транспарце Юры Захараў перасякаў мяжу і ці канчаткова ён спыніўся ў Малдове. Зьвяртае ўвагу той факт, што ён выехаў праз пункт пропуску «Маякі-Удобнае» 10 верасьня 2024 году, а 20 кастрычніка ў краіне праходзілі выбары прэзыдэнта і рэфэрэндум аб далучэньні Малдовы да Эўразьвязу.
Тая палітычная кампанія праходзіла ва ўмовах беспрэцэдэнтнага інфармацыйнага ціску Расеі і прарасейскіх сілаў у Малдове, дзейнасьць якіх з расейскай тэрыторыі каардынаваў алігарх Ілан Шор (ён уцёк у Расею). Перад выбарамі тысячы акаўнтаў у сацыяльных сетках пачалі скаардынавана прасоўваць расейскія наратывы. Улады Малдовы заяўлялі, што Ілан Шор вылучыў сама меней 39 мільёнаў даляраў, каб купіць галасы за прарасейскі лягер на рэфэрэндуме, а ў Расеі і на Бальканах рыхтавалі арганізатараў фэйкавых пратэстаў супраць вынікаў галасаваньня.
Сярод арганізацый, якія атрымлівалі расейскае фінансаваньне, называлі сама меней дзьве арганізацыі, назвы якіх былі зьвязаныя зь Беларусьсю.
Форум