Дэмакратычныя сілы Беларусі створаць працоўную групу ў пытаньнях бясьпекі. У чым яе неабходнасьць

Ілюстрацыйнае фота

У Аб’яднаным пераходным кабінэце паведамілі аб правядзеньні нарады з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў яе офісу і кабінэту, Каардынацыйнай рады, арганізацыі BelPol і міжнароднай экспэртнай ініцыятывы iSANS.

На гэтай сустрэчы абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з магчымай эскаляцыяй вакол Беларусі. Асобную ўвагу скіравалі на аналіз сытуацыі ў сфэры рэгіянальнай бясьпекі.

Паводле ўдзельнікаў нарады, існуе шэраг прыкмет, якія могуць сьведчыць пра падрыхтоўку рэжыму Пуціна да чарговага этапу эскаляцыі. У сувязі з гэтым была выказалі ацэнку, што існуе высокая імавернасьць уцягваньня тэрыторыі Беларусі і рэжыму Лукашэнкі ў гэты сцэнар.

Апроч таго, разгледзелі пытаньні падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і камунікацыі з міжнароднымі партнэрамі. Асобны акцэнт зрабілі на неабходнасьці ўзмацненьня працы з Украінай, а таксама на абмеркаваньні таго, якім чынам беларускія дэмакратычныя сілы могуць практычна дапамагчы Ўкраіне.

«Па выніках сустрэчы дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні пастаяннай працоўнай групы ў пытаньнях бясьпекі, а таксама аб яшчэ больш шчыльнай каардынацыі паміж ключавымі структурамі беларускіх дэмакратычных сіл», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Wall Street Journal: Расея цісьне на Лукашэнку, спрабуючы адкрыць новы фронт у вайне супраць Ўкраіны

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

24 чэрвеня Зяленскі, спасылаючыся на дадзеныя ўкраінскага войска, заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня. Зяленскі заявіў, што незразумела, ці цалкам дэмантавала Беларусь рэтрансьлятары, ці проста прыпыніла іх выкарыстаньне на дадзены момант.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».

15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».

У канцы чэрвеня The Wall Street Journal напісала, што Крэмль узмацняе ціск на Аляксандра Лукашэнку, каб ён пашырыў залучанасьць Беларусі ў вайну Расеі супраць Украіны. Аднак прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «паведамленьні СМІ аб ціску на Беларусь, які нібыта чыніць Расея ў сувязі з „спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй ва Ўкраіне“ (так расейская ўлада і прапаганда называе напад на Ўкраіну. — РС) і патэнцыйным выкарыстаньні беларускай тэрыторыі для новых апэрацыяў абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла новую рэзалюцыю па Беларусі. Дзяржаву назвалі назвалі «крыніцай пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы»Крэмль адкідае сьцьверджаньні СМІ аб ціску Расеі на Беларусь у сувязі з вайной ва ЎкраінеУ Кіеве заявілі, што Расея цяпер вэрбуе людзей для дывэрсіяў супраць Украіны ў Беларусі