Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што Расея цяпер вэрбуе людзей для дывэрсіяў супраць Украіны ў Беларусі

На пасяджэньні міжнароднага круглага стала ў Кіеве, 23 чэрвеня 2026
На пасяджэньні міжнароднага круглага стала ў Кіеве, 23 чэрвеня 2026

У Кіеве прашоў міжнародны круглы стол на тэму «Беларускі чыньнік у сыстэме эўрапейскай бясьпекі: як не дапусьціць адкрыцьця новага фронту расейскай агрэсіі».

У сустрэчы ўзялі ўдзел экспэрты з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі.

Загадчык навучальна-навуковай лябараторыі супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту Віталь Кулік заявіў, што Расея выкарыстоўвала рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі для атакі Жытомірскай і Ровенскай вобласьцяў для зьнішчэньня лягістыкі замежнай вайсковай дапамогі.

«Ідзе выбіваньне чыгункі, зьнішчэньне транспартнай інфраструктуры, і гэта датычыць Корасьценя, Алеўска, Ровенскай вобласьці. То бок яны імкнуцца выбіць транспартныя вузлы, ідзе паляваньне за рухомым складам чыгункі. Ціск пэрманэнтны», — сказаў Віталь Кулік.

Паводле яго, такімі дзеяньнямі на памежжы Расеі імкнецца перарэзаць асноўную артэрыю паставак з заходняй Украіны на фронт. «Мова ідзе пра дарогу Кіеў-Чоп», — удакладніў ён.

«Пытаньне павінна стаяць жорстка. Гэта спыненьне дзеяньня гэтых рэтрансьлятараў і зьмяншэньне, магчыма паэтапнае, удзелу Беларусі ў вайне. Украіне не здымае адказнасьці з Лукашэнкі, але ўдзел у матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы вайскоўцаў Расеі стаіць у парадку дня», — адзначыў ён.

Апроч таго, паводле яго, ва Ўкраіне зафіксавалі перанос з Прыднястроўя ў Беларусь адміністраваньня сеткі Telegram-каналаў, якія займаюцца прапагандай, а таксама пошукам і вэрбаваньнем за грошы людзей для ажыцьцяўленьня дывэрсій супраць Украіны.

«Там разгортваецца цэлая экасыстэма адміністраваньня Telegram-каналаў і іншых сацыяльных сетак, якія выкарыстоўваюцца для пошуку людзей, якіх за грошы спрабуюць выкарыстоўваць у тэрарыстычных атаках супраць Украіны, а таксама распаўсюджваюць прапагандысцкія наратывы. Ёсьць такія інфармацыйныя хабы, генэрацыі паведамленьняў і яны знаходзяцца ў Беларусі», — паведаміў ён.

Чаму тэму Беларусі ў Кіеве раней не абвастралі

Удзельнікі круглага стала адзначалі, што Беларусь зьяўляецца адным з ключавых фактараў бясьпекі ў Эўропе і, найперш, усходнеэўрапейскіх краін.

Пасол МЗС Украіны ў асаблівых даручэньнях Яраслаў Чарнагор адзначыў, што датычна Беларусі «усё рухаецца такім чынам, як і павінна было».

«Калі пасьля 2022 году ў інтарэсах Украіны было не абвастраць пытаньне Беларусі, бо ў нас былі клопаты на ўсходзе і на поўдні, то цяпер мы ня можам не заўважаць таго, што адбываецца ў Беларусі, таму што гэты час, умоўнай цішы, быў выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі, каб падрыхтавацца, яны ўвесь час рыхтаваліся, назапашвалі сілы і ўсе свае сілы накіроўвалі на падтрымку расейскай арміі. Цяпер такі стан рэчаў, калі Ўкраіна, абараняючы свае інтарэсы, ня можа ігнараваць, напрыклад, разьмяшчэньне тых жа рэтрансьлятараў, і гэтая праблема ня новая — яна была і ў пачатку году», — сказаў дыплямат.

Кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна назвала важнай працу СМІ памежных зь Беларусьсю краін, як крыніцу інфармаваньня беларусаў, якія наведваюць гэтыя краіны.

«Нам да беларускага грамадзтва, да людзей, якія ўнутры краіны і працуюць, на жаль, на вайсковых прадпрыемствах, якія вырабляюць снарады для расейскай арміі, якія лечаць расейскіх салдат, якія шыюць адзеньне для расейскага войска, каб менавіта да такіх людзей мы маглі дагрукацца», — сказала яна.

Як не дапусьціць новага наступу зь Беларусі на Ўкраіну

Колішні намесьнік міністра эканомікі Польшчы Пётар Кульпа падкрэсьліў, што цяпер асабліва важна не дапусьціць новага наступу зь Беларусі на Ўкраіну і наўпроставага ўцягненьня краіны ў расейскую агрэсію.

Мэдыяамбудсмэн, кіраўнік літоўскай рады ў пытаньнях журналісцкай этыкі Дайнюс Радзявічюс мяркуе, што Лукашэнка, назіраючы за тым, што цяпер адбываецца ў Крыме і Маскве, павінен разумець, што другой памылкі пасьля дапамогі Расеі ва ўварваньні ва Ўкраіну ён ня можа дапусьціць, бо ўцягваньне ў вайну было б трагедыяй для яго народу і яго асабіста.

«Сыгнал павінен быць зразумелы — для рэжыму, і для беларусаў унутры і за мяжой, што ў іх магчымасьцях зрабіць так, каб Беларусь, у параўнаньні з Крымам і Масквой не пацярпела», — адзначыў ён.

Эдуардс Лініньш, аглядальнік Латвійскага радыё, мяркуе, што Беларусь нельга разглядаць асобнай пагрозай.

«Яна зьяўляецца толькі прыдаткам расейскай агрэсіі, і ў гэтым сэнсе, мы разумеем, што для выкарыстаньня беларускіх вайсковых сіл для Расеі стварае больш рызыкаў, чым магчымасьцяў, хоць, вядома ж, увесь характар расейскіх дзеяньняў не дае магчымасьці зусім гэта выключыць», — сказаў экспэрт.

«Свабодная Беларусь — нацыянальная мэта Ўкраіны»

«Свабодная Беларусь — нацыянальная мэта Ўкраіны. І хацелася б, каб пры Лукашэнку не адбылося поўнавартаснага ўцягваньня Беларусі ў вайну. Але калі ў Беларусі цяпер працягваюцца крокі па будаўніцтве інфраструктуры, гэта, відавочна, не накіравана толькі на абслугоўваньне расейцаў у расейска-ўкраінскай вайне. Тое самае з палігонамі, сфэрай ВПК Расеі. Усё ня проста так адбываецца», — адзначыў кіраўнік Цэнтру аналізу і стратэгій Ігар Чаленка.

Аналізуючы апошнія заявы вайсковага кіраўніцтва Беларусі, Ігар Чаленка ня выключыў, што цяпер Расея намагаецца стварыць так званы Casus belli — фармальную нагоду для фактычнага і поўнага ўцягваньня Беларусі ў вайну супраць Украіны.

Чаму гэта важна

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту і папярэдзілі, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у сваю вайну.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG