На штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Гаазе разгледзелі і прынялі Рэзалюцыю па Беларусі. 8 ліпеня рэзалюцыя па Беларусі ўвайшла ў тэкст выніковай дэклярацыі ПА АБСЭ і за яе прагаласавалі на пленарным паседжаньні.
Дакумэнт прынялі пад назвай «Сытуацыя ў Беларусі ў кантэксьце рэгіянальнай бясьпекі, транснацыянальных рэпрэсій і правоў чалавека». Яго на абмеркаваньне ўнёс швэдзкі дэлегат Б’ёрн Сёдэр, а ў распрацоўцы палажэньняў бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, адзначыла на сваёй старонцы Каардынацыйная рада.
У рэзалюцыі Беларусь пад рэжымам Лукашэнкі назвалі «крыніцай пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы». Дакумэнт зьвяртае ўвагу на выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, гібрыдныя атакі супраць суседніх краін, удзел рэжыму ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, сыстэмныя рэпрэсіі ўнутры краіны і транснацыянальны перасьлед беларусаў за мяжой.
«Без дэмакратычнай Беларусі ня будзе бясьпечнай Эўропы. Падтрымка гэтага дакумэнту — гэта ня толькі падтрымка беларусаў, але і ўнёсак у бясьпеку ўсяго рэгіёну», — адзначыў Б’ёрн Сёдэр.
Беларусь таксама нясе простую ваенную пагрозу ў выніку адмовы ад няядзернага статусу і разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі расейскіх войскаў.
У рэзалюцыі згадваюцца транснацыянальныя рэпрэсіі з боку уладаў Беларусі, у тым ліку перасьлед, запалохваньне і ціск на беларусаў за мяжой, а таксама злоўжываньне міжнароднымі мэханізмамі.
«Наватарскія падыходы рэжыму Лукашэнкі да транснацыянальных рэпрэсій служаць магутнай мадэльлю для перайманьня Расейскай Фэдэрацыі і іншых аўтарытарных дзяржаў у іх спробах прымусіць замаўчаць апанэнтаў за мяжой», — гаворыцца ў дакумэнце.
Асобна ў рэзалюцыі падкрэсьлілі патрэбу абароны беларусаў у выгнаньні, у тым ліку праз доступ да дакумэнтаў, легальнага статусу і базавых правоў, а таксама падтрымкі ўдзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у працы ПА АБСЭ.
Выступ Бяляцкага
Паралельна штогадовай сэсіі ПА АБСЭ адбылося мерапрыемства на тэму «People First» («Людзі перадусім»), прысьвечанае прыярытызацыі чалавечага вымярэньня на будучых мірных перамовах па Ўкраіне. На сустрэчы выступіў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі заклікаў дадаць у фокус кампаніі «People First» беларусаў, якія зазналі жорсткіх рэпрэсіяў за антываенную пазыцыю і салідарнасьць з Украінай:
«Найважнейшым прыярытэтам пагадненьняў, дасягнутых у выніку перамоваў, а то і адной з папярэдніх умоваў для іх пачатку — павінна стаць вызваленьне ўсіх палонных расейскай вайны супраць Украіны».
Пры гэтым Бяляцкі адзначыў, што па-за ўвагай нельга пакінуць яшчэ адну групу людзей.
«Зь першых дзён поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну беларусы выходзілі на вуліцы на пратэст. Арышты, прастрэленыя калені, жорсткія катаваньні і зьбіцьцё, невыносныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай і працяглыя турэмныя тэрміны — гэта тое, з чым сутыкнуліся сотні людзей у Беларусі за сваё супрацьстаяньне расейскай агрэсіі супраць Украіны», — цытуе Бяляцкага «Вясна».
Праваабаронца нагадаў пра масавы перасьлед грамадзян — у тым ліку ў маштабнай «справе Гаюна» і за абарону правоў украінскіх дзяцей. Паводле яго слоў, на гэты момант у Беларусі налічваецца 863 палітвязьні, аднак насамрэч колькасьць людзей, якія зазнаюць палітычна матываванага перасьледу, застаецца значна большай.
Форум