Паводле Алеся Бяляцкага, які сам зьяўляецца былым палітвязьнем, колькасьць пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі перавысіла 100 тысяч чалавек, піша @DzikMedia.
Апрача таго Бяляцкі сказаў, што ў Беларусі завялі больш за 10 тысяч крымінальных справаў паводле палітычных матываў, і яшчэ тысячы людзей падвяргаліся і працягваюць падвяргацца перасьледу з боку ўладаў.
Праваабаронца падкрэсьліў, што рэпрэсіі сталі адным з асноўных інструмэнтаў утрыманьня ўлады ў Беларусі. На яго думку, дзейны рэжым выкарыстоўвае ціск, арышты і крымінальны перасьлед для захаваньня кантролю над грамадзтвам, паколькі не мае шырокай падтрымкі сярод беларусаў.
Бяляцкі стварае міжнародную праваабарончую фундацыю
Раней стала вядома, што ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі стварае міжнародную праваабарончую фундацыю, які будзе працаваць ня толькі зь Беларусьсю. Бяляцкі застанецца старшынём праваабарончай арганізацыі «Вясна», аднак будзе займацца пераважна міжнароднымі справамі.
«Мы будзем імкнуцца паляпшаць сытуацыю з унівэрсальнасьцю правоў чалавека, з рэгіянальнай бясьпекай, зь міжнародным правасудзьдзем, зь мірабудаўніцтвам, якое асабліва важнае для нашага рэгіёну. Мы павінны нагадваць пра каштоўнасьць правоў чалавека, пра ўнівэрсальнасьць гэтых правоў, — што яны належаць усім, дзе б людзі ні жылі», — сказаў Нобэлеўскі ляўрэат Свабодзе.
«Фундацыя Алеся Бяляцкага» зарэгістраваная і будзе базавацца ў Польшчы, але працаваць будзе як міжнародная арганізацыя. Значная частка яе працы мае быць зьвязаная з падтрымкай моладзі і моладзевых ініцыятываў, накіраваных на разьвіцьцё і захаваньне правоў чалавека ў розных краінах.
Алесь Бяляцкі таксама патлумачыў, што ў новай фундацыі будуць працаваць грамадзяне розных краін, сярод якіх маюць быць двое ці трое цяперашніх праваабаронцаў «Вясны».
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).