Як піша расейскае агецтва «Интерфакс», прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «паведамленьні СМІ аб ціску на Беларусь, які нібыта чыніць Расея ў сувязі з „спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй ва Ўкраіне“ (так расейская ўлада і прапаганда называе напад на Ўкраіну. — РС) і патэнцыйным выкарыстаньні беларускай тэрыторыі для новых апэрацыяў абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці».
Пяскоў сказаў гэта журналістам, камэнтуючы на іх просьбу адпаведнае паведамленьне WSJ.
ISW пра ціск Крамля на Беларусь: Лукашэнка спрабуе знайсьці балянс
Крэмль узмацняе ціск на Аляксандра Лукашэнку, каб ён пашырыў залучанасьць Беларусі ў вайну Расеі супраць Украіны, але Лукашэнка працягвае спробы супраціўляцца патрабаваньням Масквы, піша ў сваёй справаздачы амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).
ISW зьвярнуў увагу на артыкул газэты The Wall Street Journal, якая 23 чэрвеня з спасылкай на неназваных расейскіх і эўрапейскіх службоўцаў напісала, што Крэмль цісьне на Аляксандра Лукашэнку, каб той дазволіў Расеі больш актыўна выкарыстоўваць Беларусь у вайне супраць Украіны і дазволіў расейскім войскам запускаць дроны супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі, а таксама пашырыць лінію фронту на захад, каб прымусіць Кіеў перадысьлякаваць войскі да беларуска-ўкраінскай мяжы.
Пры гэтым Крэмль пагражае спыніць фінансавую падтрымку Беларусі, калі яна ня выканае яго патрабаваньні.
Заява прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага аб тым, што Беларусь дэ-факта станоўча адрэагавала на яго ўльтыматум, адключыўшы рэтрансьлятары, якія выкарыстоўваюцца для карэкцыі расейскіх удараў, на думку аналітыкаў, сьведчыць, што Лукашэнка працягвае супраціўляцца поўнаму залучэньню Беларусі ў ваенныя высілкі Крамля.
«Замест гэтага Менск спрабуе знайсьці балянс паміж захаваньнем расейскай падтрымкі для Беларусі і тым, што засталося ад падарванага сувэрэнітэту краіны. З 2022 году Лукашэнка адмаўляецца дазволіць Расеі выкарыстаць Узброеныя сілы Беларусі для падтрымкі расейскіх апэрацыяў ва Ўкраіне або правесьці масавы прызыў беларусаў у расейскую армію», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Паводле інстытуту, Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя службоўцы Беларусі, у прыватнасьці, надалей унікаюць прыняцьця крамлёўскай рыторыкі, якая паказвае Ўкраіну як пагрозу для Беларусі.
«Лукашэнка працягвае марудзіць і адхіляць узмоцненыя спробы Крамля ўцягнуць Беларусь у вайну з Украінай, захоўваючы пры гэтым адносна нэўтральную рыторыку ў дачыненьні да Ўкраіны», — дадалі аналітыкі.
Беларусь не прымае беспасярэдняга ўдзелу ў вайне супраць Украіны, але ў лютым 2022 году яе ўлады надалі беларускую тэрыторыю для праходу і разгортваньня расейскіх войскаў, і ўдары па Ўкраіне былі нанесеныя з тэрыторыі Беларусі.
Што пісала The Wall Street Journal
Найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі — Беларусь — разглядаецца як патэнцыйны новы фронт у супрацьстаяньні Крамля з Захадам, бо Масква імкнецца ўмацаваць свой ваенны саюз з гэтай краінай, а Ўкраіна пагражае ўдарамі па яе тэрыторыі, напісала 23 чэрвеня The Wall Street Journal.
Сёлета Масква пачала кампанію ціску на Беларусь, каб выкарыстаць яе як пляцдарм для пашырэньня вайны Расеі ва Ўкраіне або для пачатку гібрыдных апэрацыяў супраць краін NATO, заявілі выданьню былыя і цяперашнія расейскія і эўрапейскія чыноўнікі, піша газэта.
Паводле The Wall Street Journal, Крэмль цісьне на Лукашэнку з пачатку 2026 году, каб ён пашырыў ролю Менску ў ваенных захадах Расеі, бо Масква шукае новых спосабаў узмацніць ціск на Ўкраіну пры запаволеньні расейскіх посьпехаў на ўкраінскім усходзе.
Масква зацікаўленая выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для некалькіх мэтаў, у тым ліку, каб запускаць дроны па ўкраінскіх цэлях, каб стварыць дадатковыя праблемы бясьпекі на паўночнай мяжы Украіны і каб прымусіць Кіеў разьмеркаваць вайсковыя рэсурсы далей ад актыўных баявых зонаў на ўсходзе дзяржавы.
Паводле The Wall Street Journal, расейскія чыноўнікі абмяркоўвалі магчымасьць выкарыстаць Беларусь таксама як плятформу для гібрыдных апэрацыяў паблізу межаў NATO.
Цэнтральным элемэнтам уплыву Масквы на Менск застаецца эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Крэмль працягвае выкарыстоўваць фінансавую падтрымку і субсыдыі як ключавы інструмэнт уплыву на ўрад Беларусі.
Чакаецца чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Ўладзімір Пуцін мае неўзабаве абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам заявы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Пры гэтым Пяскоў абвінаваціў Зяленскага ва «ўмяшаньні ва ўнутраныя справы» і ў «замаху на сувэрэнітэт» Беларусі.
Пуцін і Лукашэнка ў бліжэйшы час «правядуць кантакты», піша расейскае выданьне vedomosti.ru з спасылкай на Пяскова.
Паводле яго, Крэмль паведаміць аб чарговай сустрэчы двух кіраўнікоў. Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна сказаў, што візыту Лукашэнкі ў Маскву ня будзе.
23 чэрвеня Лукашэнка заявіў падчас дакладу прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў правядуць сустрэчу, дзе ў тым ліку традыцыйна абмяркуюць пытаньні, ня вырашаныя ўрадамі. Ён таксама нагадаў, што ў Менску і Менскай вобласьці пройдзе ХІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка сказаў, што гэта вельмі добрая пляцоўка для абмеркаваньня стратэгічных пытаньняў.
Што папярэднічала
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.
Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
24 чэрвеня Зяленскі, спасылаючыся на дадзеныя ўкраінскага войска, заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня. Зяленскі заявіў, што незразумела, ці цалкам дэмантавала Беларусь рэтрансьлятары, ці проста прыпыніла іх выкарыстаньне на дадзены момант.
26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».
15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.
Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».