Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: Расея цісьне на Лукашэнку, спрабуючы адкрыць новы фронт у вайне супраць Ўкраіны

абноўлена
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Астана, 2026 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Астана, 2026 год

Паколькі пэрспэктывы Масквы на полі бою цьмяныя, Крэмль спрабуе выцягнуць свайго найбліжэйшага хаўрусьніка з узбочыны, піша аўтарытэтнае амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal.

Найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі — Беларусь — разглядаецца як патэнцыйны новы фронт у супрацьстаяньні Крамля з Захадам, бо Масква імкнецца ўмацаваць свой ваенны саюз з гэтай краінай, а Ўкраіна пагражае ўдарамі па яе тэрыторыі, піша The Wall Street Journal.

Сёлета Масква пачала кампанію ціску на Беларусь, каб выкарыстаць яе як пляцдарм для пашырэньня вайны Расеі ва Ўкраіне або для пачатку гібрыдных апэрацыяў супраць краін NATO, заявілі выданьню былыя і цяперашнія расейскія і эўрапейскія чыноўнікі, піша газэта.

Паводле The Wall Street Journal, Крэмль цісьне на Лукашэнку з пачатку 2026 году, каб ён пашырыў ролю Менску ў ваенных захадах Расеі, бо Масква шукае новых спосабаў узмацніць ціск на Ўкраіну пры запаволеньні расейскіх посьпехаў на ўкраінскім усходзе.

Газэта, спасылаючыся на амэрыканскіх і эўрапейскіх службоўцаў, паведамляе, што Масква зацікаўленая выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для некалькіх мэтаў, у тым ліку, каб запускаць дроны па ўкраінскіх цэлях, каб стварыць дадатковыя праблемы бясьпекі на паўночнай мяжы Украіны і каб прымусіць Кіеў разьмеркаваць вайсковыя рэсурсы далей ад актыўных баявых зонаў на ўсходзе дзяржавы.

Паводле The Wall Street Journal, расейскія чыноўнікі абмяркоўвалі магчымасьць выкарыстаць Беларусь таксама як плятформу для гібрыдных апэрацыяў паблізу межаў NATO. Масква можа разглядаць такую дзейнасьць як спосаб праверыць рэакцыю альянсу і ўскладніць падтрымку Ўкраіны Захадам.

Расейскія бесьпілётнікі раней ужо траплялі ў польскую паветраную прастору, а чыноўнікі, на якіх спасылаецца The Wall Street Journal, папярэджвалі, што такія інцыдэнты могуць пачасьціцца, калі Беларусь глыбей інтэгруецца ў расейскае ваеннае плянаваньне.

Цэнтральным элемэнтам уплыву Масквы на Менск застаецца эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Крэмль працягвае выкарыстоўваць фінансавую падтрымку і субсыдыі як ключавы інструмэнт уплыву на ўрад Беларусі.

Пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў названы адным з галоўных пасярэднікаў у кантактах паміж Масквой і Менскам. Паводле службоўцаў, на якіх спасылаецца The Wall Street Journal, Расея дала зразумець, што фінансавая дапамога можа быць скарочаная або адкліканая, калі Беларусь будзе супраціўляцца патрабаваньням Крамля.

Чакаецца чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна

Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Ўладзімір Пуцін мае неўзабаве абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам заявы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Пры гэтым Пяскоў абвінаваціў Зяленскага ва «ўмяшаньні ва ўнутраныя справы» і ў «замаху на сувэрэнітэт» Беларусі.

Пуцін і Лукашэнка ў бліжэйшы час «правядуць кантакты», піша расейскае выданьне vedomosti.ru са спасылкай на Пяскова.

Паводле яго слоў, Крэмль паведаміць аб чарговай сустрэчы двух кіраўнікоў. Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна выключыў магчымасьць візыту Лукашэнкі ў Маскву.

23 чэрвеня Лукашэнка заявіў падчас дакладу прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаў правядуць сустрэчу, дзе ў тым ліку традыцыйна абмяркуюць пытаньні, якія не былі вырашаны ўрадамі краін. Ён таксама нагадаў, што ў Менску і Менскай вобласьці будзе праведзены ХІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка сказаў, што гэта вельмі добрая пляцоўка для абмеркаваньня стратэгічных пытаньняў.

Што папярэднічала

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.

Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту і папярэдзілі, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у сваю вайну.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».

15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.

Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG