Першы выпадак атакі бесьпілётніка на беларускі аўтобус адбыўся ў Бранскай вобласьці Расеі 17 чэрвеня. Тады ў выніку выбуху загінула жанчына, жонка трэнэра беларускай футбольнай каманды, якая ехала з Рэчыцы ў Геленджык. Расейцы адразу ж абвінавацілі ва ўдары Ўкраіну. Кіеў сваю датычнасьць да атакі зьняпраўджвае. Сьледчы камітэт Беларусі распачаў сьледзтва.
Гомельскі аўтобус, які пацярпеў у выніку атакі на тэрыторыі Бранскай вобласьці, 17 чэрвеня 2026
Наступны інцыдэнт з пашкоджаньнем беларускага аўтобуса пасьля меркаванага выбуху бесьпілётніка адбыўся 2 ліпеня на мяжы Беларусі і Расеі. На гэты раз пад удар трапіў рэйсавы аўтобус Менск — Анапа, які спыніўся на паркінгу неўзабаве пасьля перасячэньня беларуска-расейскай мяжы. Крамлёўскія прапагандысты паведамілі пра інцыдэнт першымі. Паводле іх, удар быў нанесены па аўтобусе мэтанакіравана. Бліжэй да вечара 2 ліпеня зьявіліся фота і відэазапісы з пашкоджаным беларускім аўтобусам. Зь іх было бачна, што ў яго выбітыя дзьве бакавыя шыбы, аўтобус вярнуўся ў Беларусь сваім ходам. У выніку інцыдэнту лёгкія раненьні атрымалі кіроўцы, больш пацярпелых не было.
Пазьней пасажыры аўтобуса ў размове зь беларускімі прапагандыстамі расказалі, што цэльлю бесьпілётніка мог быць не аўтобус, а фуры, якія знаходзіліся побач. У выніку ўдару адна зь іх згарэла, яшчэ дзьве атрымалі пашкоджаньні.
У першых паведамленьнях аб удары па беларускім аўтобусе 2 ліпеня гаварылася пра трапляньне ў лабавое шкло. На пазьнейшых кадрах добра бачна, што часткова разьбітыя два бакавыя вакны.
Аб тым, што бесьпілётнік ударыў не па аўтобусе, а па грузавіку, расказаў увечары таго ж дня і старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч. Зь яго словаў, аўтобус пацярпеў у выніку падзеньня дрона, аднак выбух адбыўся на адлегласьці і быў выпадковасьцю.
«Там (у Расеі. — РС) кожны дзень падаюць бесьпілётнікі, адбываюцца такія нядобрыя выпадкі, — выказаўся высокапастаўлены беларускі сілавік. — Мы не закрывалі межы, гэта рашэньне кожнага — ехаць ці ня ехаць… Гарантаваць бясьпеку ў такіх паездках вам ніхто ня зможа, пакуль ня спыніцца спэцыяльная ваенная апэрацыя (так расейскія і беларускія сілавікі называюць вайну Расеі супраць Украіны. — РС). Трэба думаць сваёй галавой, прымаць правільнае рашэньне».
«Якім маршрутам ідзе аўтобус? Ня ведаю»
Праз два дні пасьля пашкоджаньня аўтобуса рэгулярных лініяў Менск — Анапа сэрвісы пошуку і продажу аўтобусных квіткоў зь Беларусі на поўдзень Расеі прапануюць мноства варыянтаў. Зь Менску, а таксама з буйных гарадоў накшталт Бабруйску, Гомля, Магілёва па-ранейшаму можна паехаць на аўтобусе ў Анапу, Геленджык і іншыя гарады на поўдні Расеі.
Цэны на квіткі вагаюцца, але ўсе маршруты застаюцца ў вольным доступе.
«Нічога не скасоўвалі, заходзьце на наш сайт і купляйце квіткі, — расказалі Свабодзе ў службе падтрымкі аднаго з агрэгатараў, які зьбірае ў адным месцы інфармацыю аб маршрутах. — Усе маршруты, якія там выяўленыя, дасяжныя для набыцьця квіткоў».
Пры гэтым даведацца загадзя, хто будзе перавозьнікам і якім маршрутам паедзе аўтобус, на якім вы зьбіраецеся даехаць зь Менску да Анапы, ня так проста. Назва фірмы-ўласьніка аўтобуса пазначаная не паўсюль, сайт-агрэгатар прапануе толькі выбраць час і месца адпраўленьня, канцавы пункт, дату паездкі і аплату карткай.
«Я ня ведаю, якім маршрутам ідзе аўтобус, — прызнаўся ў тэлефоннай размове кансультант яшчэ аднаго такога сэрвісу. — Гэта залежыць ад перавозьніка. Мы прадаём квіткі, можаце набыць праз сайт. Аўтобусы да Анапы зь Менску дасяжныя, усе прапановы бачныя на сайце».
Мапа з маршрутам аўтобуснага зоучэньня на маршруце Менск-Анапа, скрыншот з сайта intercars-tickets.com. Ён праходзіць па тых жа месцах, дзе два беларускіх аўтобусы ўжо трапілі ў інцыдэнты з удзелам беспілотнікаў
Высьветліць, якім маршрутам паедзе ваш аўтобус, можна экспэрымэнтальным чынам, выбраўшы канкрэтную прапанову і скарыстаўшыся пошукам квіткоў зь Менску ў прамежкавыя гарады імавернага маршруту на тым жа агрэгатары. На адным з сайтаў таксама можна знайсьці мапу з маршрутам аўтобуса, які ідзе зь Беларусі ў Геленджык і Анапу. Ён па-ранейшаму пралягае праз абодва месцы, дзе адбыліся нядаўнія інцыдэнты зь беларускімі перавозьнікамі — праз памежны пераход паміж Гомлем і Бранскам і па ўчастку трасы А240 побач з пасёлкам Рудня ў Бранскай вобласьці.
Квіткі на расейскае чарнаморскае ўзьбярэжжа зь Менску каштуюць каля 270 рублёў у адзін бок. Прадстаўнікі сайтаў-агрэгатараў папярэджваюць, што іх раскупляюць даволі апэратыўна. Тое ж пацьвярджаюць і зьвесткі з саміх сайтаў. Купіць квіток у дзень паездкі наўрад ці ўдасца, за некалькі дзён да яе застаюцца адзінкавыя прапановы. Ніякіх абмежаваньняў узросту пасажыраў таксама няма, паехаць маршрутам, які трапляе пад удары бесьпілётнікаў, могуць у тым ліку малалетнія дзеці.
Працягваюць курсаваць і рэйсавыя аўтобусы з Гомеля ў Бранск. Іх маршрут праходзіць па той жа трасе, дзе адбыўся інцыдэнт апошні інцыдэнт
Пра тое, што рэгулярныя аўтобусныя перавозкі паміж Беларусьсю і Расеяй працягваюцца як і раней, Свабодзе таксама расказалі на гомельскім аўтавакзале.
«Аўтобусы да Бранску ходзяць, кожны дзень, — расказалі там. — У 8:00 і 15:00. Ці можна квіткі купіць? Можна, чаму нельга? Якім маршрутам паедзе аўтобус, я пакуль ня ведаю, не магу вам дакладна сказаць. Паводле графіку, калі адпраўленьне ў яго ў 8:00, то ў Бранску ён у 13:40».
Агучаны час прыкладна адпавядае найкарацейшаму маршруту паміж Гомлем і Бранскам, які праходзіць празь месца апошняга інцыдэнту зь беларускім аўтобусам. Паездка праз Магілёўскую вобласьць з прыпынкамі можа заняць на некалькі гадзінаў больш.
Празь дзень пасьля першага выпадку з атакай на беларускі аўтобус у Бранскай вобласьці Расеі Аляксандар Лукашэнка загадаў забараніць арганізаваныя паездкі ў Расею для дзіцячых групаў. Ці спыніліся яны пасьля гэтага, невядома. Інцыдэнт 2 ліпеня Лукашэнка яшчэ не камэнтаваў.