Цэны на беларускі бэнзін у Расеі за апошні тыдзень вырасьлі на 6%, да 127 тысяч мясцовых рублёў за тону, паведамляе выданьне «Коммерсант» з спасылкай на зьвесткі Нацыянальнае біржавое цэнавае агенцтва Расеі. Але гэта толькі за апошні тыдзень. Агулам з пачатку сёлетняга траўня цана беларускага бэнзіну ў Расеі вырасла ў 1,8 раза. Пры гэтым яшчэ летась Расея бэнзін у Беларусі ўвогуле амаль не набывала.
Прычына такога росту — у праблемах з аўтамабільным палівам, якія ўзьніклі ў Расеі сёлета вясной. Праз украінскія ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) праблемы з пастаўкамі бэнзіну закранулі амаль усю тэрыторыю Расеі. Чэргі і ліміты на паліва ўвялі нават у Маскве, дзе асноўны нафтаперапрацоўчы завод Украіна таксама моцна пашкодзіла.
5%
Паводле расейскага эканаміста, кандыдата эканамічных навук Мікалая Кульбака, Беларусь можа пакрыць толькі 5% ад патрэбаў Расеі. А ўжо зараз бэнзіну там бракуе значна больш.
«Калі лічыць, што экспартны патэнцыял Беларусі складае прыкладна 2 мільёны тон бэнзіну ў год, а Расея вырабляе прыкладна 40 мільёнаў тон у год, то гэта каля 5%. І тут узьнікае пытаньне: калі дэфіцыт бэнзіну ў Расеі складае, дапусьцім, каля 15%, то Беларусь можа пакрыць прыкладна траціну гэтага дэфіцыту, наўрад ці больш. Калі ж дэфіцыт будзе большы — скажам, 30%, то Беларусь пакрые прыкладна адну шостую яго частку», — падлічвае суразмоўца.
Чарга на запраўцы ў акупаваным Расеяй Крыме. Ілюстрацыйнае фота
Абмежаваньні закранулі і памежныя зь Беларусьсю рэгіёны Расеі. У Бранскай вобласьці на запраўках утвараюцца чэргі, невялікія прыватныя сеткі часткова не працуюць. Акрамя гэтага, быў цалкам забаронены продаж бэнзіну ў каністры. На пачатку ліпеня забарону перагледзелі і пачалі наліваць бэнзін у ёмістасьці, меншыя за 10 літраў, каб людзі маглі купляць паліва для пілаў і касілак.
У Смаленскай вобласьці абмежаваньняў на продаж бэнзіну пакуль няма, але набыць яго ўсё цяжэй. З канца чэрвеня ў сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні аб тым, што прывезены бэнзін раскупляюць за гадзіны, пасьля чаго запраўкі нават буйных сетак закрываюцца.
У таксама памежнай зь Беларусьсю Пскоўскай вобласьці ўвялі ліміты на продаж паліва — ад 20 да 40 літраў для аднаго аўтамабіля ў розных сетках. Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што дэфіцыту паліва ў рэгіёне няма, а абмежаваньні сталі вынікам падвышанага попыту.
«Бярыце каністры»
У памежных з Расеяй беларускіх раёнах месьціцца каля 20 заправак. Большасьць іх належаць дзяржаўнай кампаніі «Беларуснафта». Пра ўвод абмежаваньняў на продаж паліва на гэтых станцыях афіцыйна не паведамлялі. Жыхар памежнага з Расеяй раёну Віцебскай вобласьці на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што мясцовыя людзі ведаюць пра расейскія праблемы з палівам — у тым ліку ад самых расейцаў, якія прыяжджаюць па бэнзін у Беларусь.
«Я бачыў на нашай запраўцы машыны з расейскімі нумарамі, — гаворыць суразмоўца. — Але тут мяжа, яны і раней прыяжджалі часам, хто тут бывае. Цяпер, можа, больш, але ажыятажу няма. Прыяжджай, запраўляйся. Мы тут жартуем, вядома, зь іх. Але каб не прадавалі ім паліва, — не, такога няма. Хоць, вядома, людзі напружаныя, у нас таксама могуць перастаць прадаваць. Ніхто ня скажа адкрыта пра гэта».
У Беларусі дэфіцыту паліва і лімітаў на яго пакуль няма
На некалькіх памежных запраўках «Беларуснафты» Свабодзе пацьвердзілі, што пакуль лімітаў на продаж паліва расейцам няма. Можна прыяжджаць хоць калі і запраўляцца, да аплаты прымаюць карткі расейскай платнай сыстэмы «Мир».
«Так, расейцаў запраўляем, — кажуць на запраўцы ў памежным з Бранскай вобласьцю Расеі Касьцюковіцкім раёне. — Каністры можна з сабой браць, у нас няма абмежаваньняў. Але толькі мэталічныя, у плястыкавыя мы не запраўляем. У нас забаронена ў плястыкавыя. Іншых абмежаваньняў няма».
На некалькіх запраўках у Магілёўскай вобласьці ў размове з Свабодай таксама згадалі каністры і запэўнілі, што пашпарты ў пакупнікоў, прынамсі пакуль, не правяраюць.
«Аплату прымаем картамі „Мир“, можна імі плаціць, — гавораць на адной з заправак. — Або гатоўкай. Чэргаў няма ў нас пакуль, бэнзін у вольным продажы».
Супрацоўнікі заправак таксама запэўніваюць, што даражэць паліва ў Беларусі пакуль не будзе. Цана пасьля апошняга падвышэньня на капейку стабільная.
«95-ы бэнзін каштуе 2 рублі 67 капеек у нас, прыяжджайце, — расказваюць на запраўцы ў памежным з Расеяй раёне Віцебскай вобласьці. — Да 19:00 апэратар на станцыі працуе, аплата ў яго. Пасьля праз тэрмінал банкаўскай карткай. „Мир“ прымаем».
Як доўга будзе працягвацца бэнзінавы крызіс у Расеі, прадказаць складана. Паводле інфармацыйнага агенцтва Reuters, прыкладам, Маскоўскі НПЗ, які забясьпечваў палівам расейскую сталіцу, вымушаны спыніць працу як мінімум да канца году. Украінскія ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах тым часам працягваюцца. Беларуская экспэртка Аліса Рыжычэнка мяркуе, што калі сытуацыя з бэнзінам у Расеі ня зьменіцца, паліўны крызіс можа адбіцца і на Беларусі. Прынамсі праз рост цэнаў, як гэта ўжо было ў сакавіку, калі бэнзін у Беларусі падаражэў адразу на 4 капейкі.