Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі цана на беларускі бэнзін за месяц вырасла амаль у два разы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэны на беларускі бэнзін АІ-92, які пастаўляецца ў Расею, за тыдзень вырасьлі на 6%, да 127 тысяч расейскіх рублёў за тону.

Пра гэта паведамляе расейскае дзелавое выданьне «Коммерсант» са спасылкай на зьвесткі Нацыянальнага агенцтва Расеі па біржавых цэнах. З пачатку траўня цана беларускага бэнзіну вырасла ў 1,8 раза.

З 1 па 26 чэрвеня 2026 году продажы беларускага бэнзіну на біржы склалі 79,38 тысячы тон. Год таму продажы бэнзіну зь беларускіх НПЗ на аўкцыёнах у Расеі былі мінімальнымі.

Паводле зьвестак удзельнікаў рынку, два беларускія НПЗ тэарэтычна могуць забясьпечыць палівам Маскоўскую вобласьць, але іх магутнасьці абмежаваныя.

У траўні 2026 году, на фоне паліўнага крызісу, Расея імпартавала зь Беларусі 5,17 тысячы тон авіяцыйнага газы — амаль у чатыры разы больш, чым у летась у траўні. За першыя 10 дзён чэрвеня пастаўкі склалі 2,6 тысячы тон.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў 30 чэрвеня заявіў, што Расея вядзе перамовы аб імпарце паліва. Пяскоў не ўдакладніў, у якіх краін яны маюць намер закупляць нафтапрадукты.

Чаму гэта важна?

Украіна ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG