Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўсюль гавораць толькі пра гэта». Паліўны крызіс ахапіў Расею аж да самай усходняй мяжы

Людзі чакаюць у чарзе, каб заправіць аўтамабілі на АЗС у Маскве 30 чэрвеня
Людзі чакаюць у чарзе, каб заправіць аўтамабілі на АЗС у Маскве 30 чэрвеня

Атакі ўкраінскіх дронаў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах адгукнуліся і ў сталіцы, і ў самых далёкіх рэгіёнах Расеі.

• У сталіцы сыбірскага Забайкальля Чыце— дзесь за 6300 кілямэтраў ад Украіны — чарга кіроўцаў па паліва расьцягнулася на 3 кілямэтры.

• Жыхары Чыты кажуць, што на некаторых запраўках ужо некалькі разоў успыхвалі бойкі.

«Тут можна ня толькі застацца бяз паліва, але і атрымаць па галаве», — сказаў мясцовы жыхар. Паводле яго, месца ў чарзе на АЗС можна купіць за 10 даляраў у пераліку.

• Дзе-нідзе ў рэгіёне перасталі вывозіць сьмецьце, бо няма чым запраўляць сьмецьцявозы.

«Насамрэч ужо тыдзень не вывозяць. Сьмецьце ляжыць у дварах, гніе, пацукі, бадзяжныя сабакі», — расказала Расейскай службе Радыё Свабода жыхарка Краснакаменскага.

• Пажарнікі не змаглі выехаць на тушэньне лясных пажараў, бо няма паліва для машын, і мясцовым жыхарам давялося змагацца з агнём самім.

• Жанчына з аднаго забайкальскага сяла расказала, што хуткая не змагла прыехаць да ейнага мужа, які ўпаў у дыябэтычную кому. Дыспэтчарка сказала ёй шукаць уласны транспарт, і жанчыне давялося ісьці за 15 км у іншую вёску да знаёмага кіроўцы.

• Зрываецца і турыстычны сэзон на Байкале.

Пасьля пасьпяховых дронавых атак Украіны паліўны крызіс уваходзіць у жыцьцё простых расейцаў. Адчуваецца ён і ў сталіцы, і ў далёкіх правінцыях. Чаго і дабівалася Ўкраіна.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прызнаў, што назіраецца пэўны дэфіцыт, «але ён не крытычны».

Пуцін «спрабуе заткнуць усё адразу, выкарыстоўваючы для гэтага свой аўтарытэт. Ён скажа, што з бэнзінам усё добра, і народ супакоіцца: калі Пуцін сказаў, значыць, усё будзе добра. Але, хутчэй за ўсё, ня будзе. Тады і пачынаюцца асноўныя праблемы», — лічыць расейскі палітычны аналітык у выгнаньні Дзьмітры Арэшкін.

На мінулым тыдні больш як 55 з 83 рэгіёнаў Расеі і гарадоў фэдэральнага значэньня паведамілі або пра ўведзеныя абмежаваньні, або пра дэфіцыт паліва празь перабоі з пастаўкамі.

«Калі Пуцін хоча пакласьці яшчэ мільён сваіх салдат, каб і далей біцца аб гэтую сьцяну, то мільёну гэтых расейцаў, якіх яшчэ не мабілізавалі ў расейскую армію і якія стаяць у чэргах па бэнзін, варта падумаць, што чакае іх далей», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 29 чэрвеня.

У Іркуцкай вобласьці, на захад ад Забайкальля, цэны на бэнзін за тыдзень вырасьлі амаль на 10%, сказаў мясцовы жыхар Сяргей.

«Калі прыяжджаеш пасьля дзявятай раніцы, запраўка ўжо пустая. Два дні таму я стаяў у чарзе 12 з паловай гадзінаў, толькі каб заліць няшчасныя 15 літраў», — сказаў ён.

Мэр Іркуцку зрабіў невялікі жэст падтрымкі для раздражнёных кіроўцаў, якія чакаюць у чэргах: заявіў, што каля мясцовых АЗС усталююць мабільныя прыбіральні, «каб зьменшыць нязручнасьці».

Яшчэ далей на ўсход, у Хабараўску, губэрнатар паведаміў, што каля 40% заправачных станцыяў рэгіёну засталіся без бэнзіну.

Адзін зь мясцовых жыхароў так апісвае рэакцыю людзей:

«Упершыню чую, каб не інтэлігенцыя, а звычайныя рабацягі пачалі праклінаць вярхоўнага. Куды ні зайдзіся — сталовая, крама, цырульня— паўсюль гавораць толькі пра гэта. Тэлевізар ужо ня дзейнічае».

Паводле матэрыялаў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа

Чаму гэта важна?

Украіна ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG