Дэфіцыт бэнзіну — у 78 рэгіёнах Расеі, праблемаў няма толькі ў пяці. ВІДЭА

Пажар на Маскоўскім нафтаперапрацоўчым заводзе пасьля ўдару ўкраінскіх дронаў. 16 чэрвеня 2026 году

Найбольшыя праблемы з бэнзінам ў анэксаваным Расеяй Крыме, на поўдні і ў цэнтры Расеі. Яна пры гэтым імпартуе бэнзін і зь Беларусі.

Сьвежую статыстыку палічыла расейскае выданьне «Вёрстка» паводле розных крыніцаў.

Праблемы з бэнзінам або паліўныя абмежаваньні закранулі 78 рэгіёнаў Расеі, а таксама анэксаваны Расеяй Крым, паведамляе «Вёрстка». Пра іншыя акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі выданьне не паведамляе, але праблемы з бэнзінам захоўваюцца і там.

Чарга па бэнзін у Разані

Падлікі «Вёрсткі» заснаваныя на заявах уладаў, публікацыях СМІ і скаргах мясцовых жыхароў. Толькі ў пяці суб’ектах не заўважана масавых паведамленьняў аб дэфіцыце паліва ці абмежаваньнях яго продажу — гэта Інгушэтыя, Чачэнія, Калмыкія, Чукотка і Ненецкая аўтаномная акруга. Пры гэтым, як і па ўсёй Расеі, тут таксама скардзіліся на рост цэнаў на паліва.

З астатніх субʼектаў РФ з траўня паступалі паведамленьні аб чэргах на АЗС, перабоях з пастаўкамі бэнзіну, зьнікненьні асобных марак паліва або ўвядзеньні розных абмежаваньняў. У 29 з гэтых рэгіёнаў, як падлічыла «Вёрстка», пра абмежаваньні афіцыйна абвясьцілі ўлады.

Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».

Як паведамляе агенцтва Reuters, недахоп бэнзіну ў Расеі зараз дасягае 20 працэнтаў унутранага спажываньня.

Абмежаваньні на продаж бэнзіну і дызэльнага паліва дзейнічаюць ужо ў 62 рэгіёнах, падлічылі «Важныя гісторыі». Раздробныя цэны на паліва на расейскіх АЗС працягваюць расьці. Паводле службы «Росстат», з 16 па 22 чэрвеня бэнзін падаражэў у сярэднім на 3%. Гэта наймацнейшы тыднёвы скачок за 20 гадоў даступнай статыстыкі, адзначае Bloomberg.

Пры гэтым віцэ-прэмʼер Расеі Аляксандр Новак лічыць сытуацыю з палівам у Расіі «няпростай, але кантраляванай», а сам дэфіцыт тлумачыць «лягістычнымі праблемамі, якія ўзьнікаюць пэрыядычна, у асобных рэгіёнах і на асобных АЗС».

Сытуацыя ў анэксаваным Крыме

У анэксаваным Крыме, дзе паліўны крызіс працягваецца з траўня, улады пайшлі на самыя жорсткія захады, спыніўшы продаж бэнзіну. Вынятак зрабілі толькі для транспарту дзяржаўных службаў.

Чарга па бэнзін у Крыме

Тым часам прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што на ўсіх АЗС паўвострава цалкам спынены водпуск паліва ня толькі ў свабодным продажы, але і па талёнах. Сытуацыя ў Крыме застаецца крытычнай ня толькі з бэнзінам. Праз атакі ўкраінскіх сілаў на паўвостраве перабоі з электрычнасьцю, у некаторых раёнах — праблемы ў забесьпячэньні вадой. Улады анэксаванага Крыму скарачаюць колькасьць цягнікоў «Таўрыя», якія ходзяць у Расею.

Маскоўскі НПЗ спыніў працу да канца году

Раней стала вядома, што Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод, пацярпелы ад атак бесьпілётнікаў, наўрад ці здолее аднавіць вытворчасьць сёлета. Завод будзе адключаны прынамсі на шэсьць месяцаў пасьля таго, як ён быў значна пашкоджаны ўдарамі ўкраінскіх дронаў, паведамілі агенцтву Reuters дзьве крыніцы.

НПЗ, разьмешчаны на паўднёвай ускраіне расейскай сталіцы, — найбуйнейшы пастаўнік паліва ў Маскоўскую вобласьць. У гэтым месяцы завод двойчы атакавалі ўкраінскія дроны, што прымусіла яго спыніць працу.

Чаму гэта важна?

Украіна ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці ўратуе Расею беларускі бэнзін і што будзе з цэнамі на паліва ў самой Беларусі

Што зьбіраецца рабіць Крэмль?

Сутыкнуўшыся з паліўным крызісам, Расея разглядае магчымасьць забароны экспарту дызэльнага паліва, заявіў 23 чэрвеня віцэ-прэм’ер Аляксандар Новак. Тым часам газэта «Ведомости» паведаміла, што разглядаецца пытаньне імпарту паліва для разьвязаньня праблемы дэфіцыту, асабліва ў Крыме, дзе продаж бэнзіну насельніцтву прыпынены.

Раней расейскія кампаніі пачалі скупляць паліва на беларускай таварнай біржы. Вядома, што Беларусь пачала прадаваць паліва ў Расею. Аднак беларускае паліва не закрые ўсіх патрэбаў расейскай дзяржавы, таму наступствы недахопу вельмі істотныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У анэксаваным Крыме няма бэнзіну ў продажы і часткова няма сьвятла і воды