Як паведаміў расейскі кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў, на крымскіх АЗС спынены водпуск паліва як за наяўны і безнаяўны разьлік, так і па талёнах для фізычных і юрыдычных асоб.
Паводле яго слоў, паліва будзе адпускацца толькі расейскім службам, якія забясьпечваюць «жыцьцядзейнасьць і бясьпеку» у рэгіёне.
Расейскі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разваджаеў раней заявіў, што пастаўкі паліва ў горад «затрымліваюцца». «У сувязі з гэтым мы вымушаныя сёння адмяніць водпуск паліва па QR-кодам на АЗС „ЦЭС“. На бягучы момант запраўка ажыццяўляецца выключна для транспарту аператыўных службаў», — паведаміў ён.
Акрамя таго, на прадпрыемстве «Крымэнерга» паведамілі, што ў некалькіх раёнах Крыма адсутнічае электрычнасьць. Разваджаеў заявіў аб тым, што ў Севастопалі электрычнасьць часова будзе падавацца па графіках.
У далейшым расейскія ўлады паведамілі таксама, што з-за адсутнасьці электраэнэргіі абясточаны водапомпавыя станцыі і спынена падача вады ў частцы населеных пунктаў. Улады паведамляюць, што вядуцца работы па аднаўленьні падачы вады і сьвятла.
У ноч на 21 чэрвеня ўкраінскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па порце Каўказ, які абслугоўвае пераправу, а таксама па нафтабазе ў Керчы, якая загарэлася. Аб ударах па абʼектах электраэнэргетыкі пры гэтым не паведамлялася. Расейскія ўлады заявілі аб гібелі чатырох чалавек і больш за 20 пацярпелых. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя Расеі, шпіталізаваны 14 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.
Украінскія вайскоўцы ў апошні час наносяць удары па транспартных шляхах, якія вядуць у Крым, у выніку ўжо ў канцы траўня на паўвостраве пачаўся дэфіцыт паліва.
Ці пойдзе беларускі бэнзін у Крым?
Прэзыдэнт Украіны 19 чэрвеня абвінаваціў Беларусь у пастаўках нафтапрадуктаў для расейскага войска.
«Мы робім усё, каб расейцы не прадавалі нафту і не давалі дызэльнага паліва і нафты сваёй арміі, бо ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас. Сёньня ён адзін з галоўных пастаўнікоў для расейскай арміі. Гэта Лукашэнка, гэта Беларусь. Ці можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў ягоных сілах і што ён кантралюе гэта», — сказаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Беларусь у тым, што на мяжы краінаў ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Уладзімір Зяленскі заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне на працягу тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Форум