У акупаваным Расеяй Севастопалі пасьля начной украінскай атакі цалкам зьнікла сьвятло

Чарга на аўтазапраўку ў акупаваным Севастопалі, чэрвень 2026 году

Раней у Крыме з прычыны дэфіцыту скасавалі продаж аўтамабільнага паліва цывільным.

Прызначаны Расеяй кіраўнік акупаванага Севастопалю Міхаіл Разважжаеў заявіў, што горад страціў усю электрычнасьць пасьля начнога ўдару ўкраінскіх войскаў па яго энэргетычнай інфраструктуры.

«На аб’ектах уведзены спэцыяльны рэжым, экспэрты ацэньваюць маштабы пашкоджаньняў і робяць усё магчымае для аднаўленьня электразабесьпячэньня. Усе аварыйныя службы знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці», — напісаў ён у тэлеграме.

Telegram-канал «Крымский ветер» з спасылкай на сваіх падпісчыкаў паведамляе, што на сьвітанні 24 чэрвеня на галоўную электрападстанцыю ў Севастопалі было «шэсьць ці сем прылётаў», у выніку чаго ўзьнік пажар, дым ад якога бачны за шмат кілямэтраў.

Акрамя таго, канал паведамляе пра пажар у Сімферопалі і пад Керчу.

Сілы бесьпілётных сыстэм Узброеных Сіл Украіны заявілі пра паражэньне галоўнай электрападстанцыі Севастопаля ў акупаваным Крыме ў ноч на 24 чэрвеня.

Што адбываецца ў анэксаваным Крыме

У чэрвені вайсковыя і энэргетычныя абʼекты ў акупаваным Расеяй Крыме, а таксама расейскія лягістычныя маршруты зазнаюць наймацнейшыя з пачатку поўнамаштабнай вайны атакі Узброеных сіл Украіны. Кожны дзень ідуць паведамленьні пра новыя паражэньні цэляў, на паўвостраве забаронены продаж бэнзіну цывільным жыхарам праз дэфіцыт паліва, уведзеныя графікі адключэньня электрычнасьці, а перад Керчанскім мостам стаіць доўгая чарга машын тых, хто хоча выехаць з Крыму ў Расею. Дзіцячыя аздараўленчыя ўстановы і летнікі скасавалі прыём адпачывальнікаў да верасьня, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле зьвестак Войскаў бесьпілётных сыстэмаў Укріаны, у ноч на 23 чэрвеня ўкраінскія дроны «адпрацавалі» больш за 60 расейскіх цэляў. У выніку ўдару напярэдадні адбыўся пажар на Керчанскай ЦЭЦ, а ўкраінскія сілы паведамілі пра зьнішчэньне чыгуначнага мосту цераз Паўночна-Крымскі канал у акупаваным Крыме (што пацьвярджаюць спадарожнікавыя здымкі).

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны пацьвярджае большасьць атак і заяўляе, што Армія абароны Ўкраіны «сыстэматычна рэалізуе захады, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымушэньне Расеі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны».

Новыя фота сьведчаць пра эфэктыўнасьць украінскіх удараў дронамі сярэдняй далёкасьці

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У анэксаваным Крыме няма бэнзіну ў продажы і часткова няма сьвятла і воды