У Францыі затрымалі ўраджэнца Беларусі паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Расеі

Адзін з дронаў, што выпускае кампанія Delair, архіўнае фота

У пракуратуры Парыжу (Францыя) паведамілі аб затрыманьні ўраджэнца Беларусі паводле падазрэньняў у шпіянажы на карысьць Расеі — ён назіраў і здымаў на відэа завод па вытворчасьці бесьпілётнікаў.

Як паведаміла агенцтва AFP, мужчыну арыштавалі 3 чэрвеня «падчас здымкаў сакрэтнага прататыпу бесьпілётніка, што належыць кампаніі, якая пастаўляе абсталяваньне Ўзброеным сілам Францыі і Ўкраіны».

Расьсьледаваньне, праведзенае францускай выведкай паказала, што ён «нібыта адправіў відэазапіс кантакту ў Расеі».

Улады абвінавацілі яго ў перадачы інфармацыі замежнай дзяржаве, што караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 15 гадоў, а таксама ў злачыннай змове.

Паводле крыніцы, блізкай да справы, мужчына, які пражывае ў Гішпаніі, нацэльваўся на завод Delair каля паўднёва-заходняга горада Тулуза.

За дзень да яго арышту на гэты ж завод кідалі кактэйлі Молатава, але яны ня выбухнулі. Агенцтва адзначыла, што пакуль незразумела, ці зьвязаныя гэтыя два інцыдэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускаму грамадзяніну, затрыманаму ў Польшчы, выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы

Чаму гэта важна

Расея адначасова зь вядзеньнем агрэсіўнай вайны супраць Украіны актывізавала вэрбаваньне замежных грамадзян, у тым ліку беларусаў, украінцаў і палякаў, для ажыцьцяўленьня дывэрсій або збору выведнай інфармацыі ў краінах Эўропы.

Сёлета ў красавіку Беларусь і Польшча правялі абмен зьняволенымі — Беларусь перадала палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобуту, а Польшча перадала ў Беларусь грамадзян Беларусі, Расеі і іншых краін СНД, частку якіх абвінавачвалі ў шпіянажы.

У 2025 годзе ў Чэхіі раскрылі беларускую разьведвальную сетку ў Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Літве на зьняволеньне асудзілі двух літоўскіх грамадзян за шпіянаж на карысьць БеларусіВа Ўкраіне заявілі аб затрыманьні яшчэ аднаго агента спэцслужбаў Беларусі і РасеіУ Румыніі назвалі імя афіцэра КДБ Беларусі, зь якім канктактаваў завэрбаваны экс-намесьнік дырэктара малдоўскай спэцслужбыУ польскай контравыведцы выкрыцьцё меркаванага шпіёна КДБ назвалі «бясспрэчным посьпехам»Меркаваны шпіён ФСБ і КДБ працаваў у Міністэрстве абароны Польшчы больш за 30 гадоў