Падрабязнасьці пра асобу падазраванага ў шпіянажы мужчыны польскаму інфармацыйнаму агенцтву PAP расказаў генэрал Яраслаў Стружык.
На мінулым тыдні непасрэдна ў штаб-кватэры Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы ў Варшаве пасьля шматмесячнага расьсьледаваньня Служба вайсковай контравыведкі затрымала даўняга цывільнага супрацоўніка міністэрства, які працаваў у розных ведамствах, у першую чаргу займаючыся абароннай стратэгіяй і плянаваньнем.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцыяльных службаў Яцэк Дабжынскі заявіў, што контрвыведка атрымала супраць яго «важную, кампрамэтавальную інфармацыю».
Злачынства, у якім падазраюць супрацоўніка, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня. Суд пастанавіў, што затрыманы будзе пад вартай тры месяцы.
Яраслаў Стружык расказаў, што падазраваны працаваў у Міністэрстве нацыянальнай абароны з пачатку 1990-х гадоў, што сьведчыць аб тым, што «кожны чалавек у любым узросьце можа паддацца спакусе здрадзіць дзяржаве». Арыштаваны працаваў у найважнейшых аддзелах міністэрства, якія займаліся стратэгіяй, плянаваньнем абароны і міжнароднай бясьпекай. Ён быў выпускніком аднаго з філялягічных аддзяленьняў Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Акрамя таго, падазраваны працаваў і ў Генэральным штабе Войска Польскага, браў удзел у важных канфэрэнцыях, надоўга выяжджаў за межы дзяржавы. Генэрал пацьвердзіў, што мужчына меў доступ да дзяржаўнай таямніцы і валодаў вялікімі ведамі, таму яггонае затрыманьне можна назваць вялікім посьпехам контрвыведкі.
На гэты момант працягваецца сьледзтва. У прыватнасьці, высьвятляецца, якую менавіта важную інфармацыю арыштаваны мог перадаваць дзяржавам, на карысьць якіх шпіёніў. Магчыма, ён быў часткай разбудаванай шпіёнскай сеткі, але пакуль гэта трэба давесьці.
Найбліжэйшым часам адбудзецца паседжаньне ў Сэйме, на якім кіраўнік польскай контрвыведкі падзеліцца дасяжнай да разгалошваньня інфармацыяй пра працэс сьледзтва і факты, якія выявіліся.
Форум