Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі аб затрыманьні яшчэ аднаго агента спэцслужбаў Беларусі і Расеі

Служба бяьпекі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Служба бяьпекі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што затрымалі агента спэцыяльных службаў Расеі і Беларусі, які шпіёніў у Сілах бесьпілётных сыстэмаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні, затрыманы служыў у адным з падразьдзелаў Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны. Ён супрацоўнічаў з ФСБ Расеі і памежнай службай Беларусі.

Пры затрыманьні ў Харкаўскай вобласьці. Фота СБУ
Пры затрыманьні ў Харкаўскай вобласьці. Фота СБУ

Паводле СБУ, ён служыў апэратарам бесьпілётнікаў і перадаваў зьвесткі аб кірунках руху дронаў, іх відаў і колькасьці. Пазьней, выконваючы заданьне спэцслужбаў, перавёўся на пасаду апэратара наземных рабатызаваных комплексаў, якія эвакууюць параненых з поля бою, а таксама дастаўляюць боепрыпасы на ізюмскім кірунку ў Харкаўскай вобласьці.

Адначасова гэты чалавек зьбіраў зьвесткі аб дысьлякацыі і плянах сумежных падразьдзелаў украінскага войска.

Вайскоўца затрымалі ў Харкаўскай вобласьці, а пры вобшуках знайшлі два смартфоны «з доказамі яго работы на спэцслужбы РФ і Рэспублікі Беларусь».

Супраць затрыманага, якога ўжо арыштавалі і зьмясьцілі ў ізалятар, завялі крымінальную справу паводле ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.

Сёлета 21 студзеня ў Кіеве затрымалі грамадзянку Беларусі Іну Кардаш з падазрэньнем у шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Справу супраць яе завялі 16 ліпеня 2025 году. Да таго сьледчыя ўжо вялі таемнае назіраньне за ёю, а падазрэньне ў шпіянажы ўручылі толькі ў дзень затрыманьня — 21 студзеня сёлета.

На судзе, калі разглядалася хадайніцтва пракурора аб арышце, затрыманая і яе адвакат заявілі аб неабгрунтаванасьці падазрэньняў і браку рызыкі, што яна будзе хавацца ад сьледзтва або іншым шляхам перашкаджаць сьледзтву. Але суд падтрымаў пазыцыю абвінавачваньня.

Справу Іны Кардаш расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG