Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі назвалі імя афіцэра КДБ Беларусі, зь якім канктактаваў завэрбаваны экс-намесьнік дырэктара малдоўскай спэцслужбы

Александру Бэлян
Александру Бэлян

Александру Бэлян, былы намесьнік дырэктара малдоўскай Службы інфармацыі і бясьпекі (SIS), затрыманы ў Румыніі за шпіянаж на карысьць Беларусі. Рэакцыі Менску на яго арышт няма.

Зьявіліся новыя падрабязнасьці справы былога намесьніка дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі Рэспублікі Малдова Александру Бэляна, абвінавачанага ў шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі.

Былы намесьнік кіраўніка спэцслужбы Малдовы, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, падтрымліваў апэратыўную сувязь з супрацоўнікам КДБ Беларусі Ўладзімерам Варажбітавым, піша румынскі сайт Digi24.ro.

Імя Варажбітава ня згадваецца ў адкрытых крыніцах у Беларусі.

Паведамляюць, што беларускага агента падтрымлівалі яшчэ тры супрацоўнікі КДБ, раней ён удзельнічаў у кіраваньні іншым шпіёнам Уладзіславам Надзейкам, які працаваў на тэрыторыі Польшчы.

Вядома таксама пра абраны Бэлянам мэтад сувязі зь супрацоўнікамі беларускага КДБ: замест таго каб адпраўляць электронныя паведамленьні, якія можна пераняць пры перадачы, удзельнікі сумесна атрымлівалі доступ да аднаго і таго ж акаўнту электроннай пошты і пісалі паведамленьні ў тэчцы «Чарнавікі», фактычна не адпраўляючы іх. Судовыя крыніцы сьцьвярджаюць, што паведамленьні захоўваліся ў сумесным акаўнце, былі бачныя абодвум бакам, але не перадаваліся праз электронную пошту.

Гэты мэтад, які гадамі выкарыстоўваюць шпіёнскія структуры ўва ўсім сьвеце, значна ўскладняе працу сьледчых. Пасьля арышту малдоўскага шпіёна электронная пошта была выдаленая зь Беларусі.

Хто такі Александру Бэлян

Александру Бэлян, былы намесьнік дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі (SIS) Малдовы, затрыманы ў Румыніі за шпіянаж на карысьць Рэспублікі Беларусь, знаходзіўся пад сьледзтвам у Рэспубліцы Малдова прынамсі ў дзьвюх крымінальных справах.

47-гадовы Бэлян быў вельмі актыўны ў сацыяльных сетках пасьля звальненьня з SIS, крытыкаваў дзейнасьць малдоўскіх спэцслужбаў, напрыклад, за нясвоечасовае ўмяшаньне і непрыняцьце мераў супраць расейскага ўплыву на выбары ў Рэспубліцы Малдова.

За апошнія два гады ён правёў як мінімум чатыры прэс-канфэрэнцыі і быў запрошаны на некалькі тэлевізійных шоў у якасьці экспэрта. На адной з прэс-канфэрэнцыяў ён заяўляў, што ў 2019–2022 гадах SIS мог не перашкаджаць уезду ў Малдову высокапастаўленых «эмісараў замежнай выведкі», якія ўдзельнічалі ва ўмацаваньні ваенізаваных структураў у сэпаратысцкім Прыднястроўі і кансультавалі палітыкаў у Тыраспалі.

Пасьля яго арышту 8 верасьня 2025 году ў аэрапорце Тымішаары румынская Ўправа расьсьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і тэрарызму (DIICOT) заявіла, што падазрае Бэляна ў асабістых кантактах з замежнай дзяржавай — Рэспублікай Беларусь — і ў продажы ёй сакрэтнай інфармацыі.

Бэлян працаваў у малдоўскіх сілавых структурах больш за 20 гадоў, а ў 2016–2018 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара SIS. Паводле яго ўласных паказаньняў, ён быў ня раз адзначаны, узнагароджаны мэдалём «За баявыя заслугі».

У публічных выступах, называючыся палкоўнікам SIS, ён заяўляў, што каардынуе «асноўныя апэратыўныя ўзроўні» малдоўскіх спэцслужбаў, у тым ліку Антытэрарыстычны цэнтар, і кіруе складанымі спэцапэрацыямі, «некаторыя зь якіх маюць гістарычнае значэньне».


XS
SM
MD
LG