У Кангрэсе ЗША упершыню пасьля прыходу Трампа да ўлады падтрымалі законапраект аб дапамозе Ўкраіне

Сьцягі Ўкраіны і ЗША ў Вашынгтоне, архіўнае фота

3 чэрвеня Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за прасоўваньне законапраекту аб новай вайсковай дапамозе Ўкраіне і санкцыях супарць Расеі.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, 3 чэрвеня Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за прасоўваньне законапраекту аб новай вайсковай дапамозе Ўкраіне. Гэта стала першай падобнай ініцыятывай у падтрымку Кіева, якая атрымала адабрэньне ў Кангрэсе пасьля вяртаньня прэзыдэнта Дональда Трампа ў Белы дом.

Працэдурнае галасаваньне завяршылася з вынікам 218 галасоў «за» і 204 «супраць», што адкрыла шлях да канчатковага разгляду дакумэнту. Ініцыятыву падтрымалі дэмакраты і некаторыя рэспубліканцы, што прадэманстравала рознагалосьсі ўнутры Рэспубліканскай партыі адносна палітыкі ў дачыненьні да Украіны і Расеі.

Аўтар законапраекту, кангрэсмэн-дэмакрат ад Нью-Ёрку Грэгары Мікс, заявіў, што «галасаваньне — гэта ня проста працэдурны крок»:

«Гэта заява аб тым, ці падтрымлівае Кангрэс Украіну, украінскі народ і іх барацьбу за свабоду і дэмакратыю», — сказаў ён.

Законапраект прадугледжвае выдзяленьне Ўкраіне вайсковых крэдытаў на 8 мільярдаў даляраў, падаўжэньне дапамогі Ўкраіне ў галіне бясьпекі да 2027 году і ўвядзеньне дадатковых санкцый супраць Расеі.

Рэспубліканец Дон Бэйкан, які прапанаваў законапраект, назваў галасаваньне «гістарычным момантам»:

«Палата прадстаўнікоў толькі што прагаласавала 218 галасамі супраць 204 за прасоўваньне Ініцыятывы дапамогі Ўкраіне ў галіне бясьпекі і жорсткія санкцыі супраць Расеі. Гэта наш момант Чэрчыля, і мы павінны прайсьці гэтае выпрабаваньне», — сказаў ён.

Прыхільнікі законапраекту кажуць, што галасаваньне адбылося на фоне ўзмацненьня расейскіх ракетных і бесьпілётных нападаў на Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі неаднаразова заклікаў Вашынгтон прадставіць дадатковыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны, у тым ліку сыстэмы Patriot.

Чакаецца, што канчатковае галасаваньне па законапраекце адбудзецца 7 жніўня.

Раней дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё падчас выступу ў Кангрэсе заявіў, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну стала «стратэгічнай катастрофай» для Масквы.

«Расея не дасягне мэтаў, якія яна паставіла перад сабой на пачатку ўварваньня, і можа наогул не дасягнуць мэтаў, якія яна зараз патрабуе на перамовах», — сказаў Рубіё.

Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы дасягнулі посьпехаў на полі бою ў апошнія тыдні і «ўсё больш эфэктыўна наносяць удары па цэлях на расейскай тэрыторыі».

Адначасова дзяржсакратар падкрэсьліў, што «вайна не мае ваеннага рашэньня і ў рэшце рэшт павінна скончыцца шляхам перамоваў, хоць пазыцыі Кіева і Масквы ў цяперашні час застаюцца далёкімі адна ад адной».

Акрамя таго, Рубіё паведаміў, што адміністрацыя ЗША завяршае зацьвярджэньне новага пакету ваеннай дапамогі Ўкраіне на 400 мільёнаў даляраў. Паводле яго слоў, адпаведнае рашэньне праходзіць міжведамаснае ўзгадненьне і «можа быць абвешчаная ў бліжэйшы час».

Чаму гэта важна

Заявы Рубіё і галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў ЗША сталі адным з найбольш прыкметных сыгналаў апошніх месяцаў аб захаваньні двухпартыйнай падтрымкі Ўкраіны ў Вашынгтоне, нягледзячы на жаданьне адміністрацыі Трампа скараціць удзел Амэрыкі ў вайне і актывізаваць дыпляматычныя перамовы аб яе спыненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва хоча пад ядзерны парасон ЗША. Экспэрт ацаніў, ці пагражае гэта беларусам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржаўны сакратар ЗША і Іран маюць розныя вэрсіі праекту мірнага пагадненьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рубіё выступіў у NATO з рэзкімі засьцярогамі адносна Расеі, войскаў і напружаньня ў альянсе