Пра гэта паведаміла ўплывовае эўрапейскае выданьне Politico.
«Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас паведаміў, што Вільня вядзе перамовы з Вашынгтонам аб патэнцыйным разьмяшчэньні ў Літве амэрыканскага ядзернага ўзбраеньня», — паведаміла выданьне.
«Абмеркаваньні працягваюцца. Літва, безумоўна, не стаіць убаку», — сказаў Каўнас.
Канстытуцыя Літвы забараняе разьмяшчэньне зброі масавага зьнішчэньня на тэрыторыі краіны, піша Politico. Але літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа прапанаваў унесьці зьмены ў асноўны закон, спасылаючыся на існуючыя пагрозы бясьпецы. І гэтую ідэю падтрымалі многія літоўскія дэпутаты.
Раней выданьне Financial Times паведаміла, што ЗША вядуць перамовы з некалькімі эўрапейскімі краінамі NATO па пытаньні разьмяшчэньня на іх тэрыторыях амэрыканскай ядзернай зброі.
Размова ідзе аб дзяржавах, дзе яшчэ няма такога ўзбраеньня. Найбольшую цікавасьць да тэмы праяўляюць Польшча і краіны Балтыі. У канцы траўня Нарвэгія заявіла, што зьбіраецца далучыцца да «ядзернага парасону» Францыі на фоне «масіўнага ўзбраеньня» Расеі.
Паведамляецца, што падчас перамоваў размовы былі сканцэнтраваныя на перадавым разгортваньні таго, што Вашынгтон называе самалётамі з падвойным прызначэньнем, якія могуць выконваць або звычайныя місіі, або скідваць ядзерныя бомбы.
«Альянс перажывае трансфармацыю, паколькі ЗША скарачаюць сваю ўвагу і звычайныя сілы ў Эўропе, а сталіцы на кантынэнце значна павялічваюць свае ўласныя выдаткі на абарону. Дыскусія вакол разьмяшчэньня ядзернай зброі з ЗША закліканае разьвеяць асьцярогі ў эўрапейскіх сталіцах, што яны могуць быць пакінутыя на волю лёсу сваім моцным партнэрам», — піша Financial Times.
Экспэрт ацаніў, ці пагражае гэта беларусам
Антон Пянькоўскі, экспэрт-амэрыканіст у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ўрад Дональда Трампа зацікаўлены ў пашырэньні амэрыканскага ядзернага парасону ў тым ліку на краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
«Зараз можна быць трошачку скептычнымі наконт, ці будзе Літва ў першай чарзе атрымліваць гэтую ядзерную зброю, бо гэта патрабуе вельмі шмат высілкаў і адбудаваньня поўнай інфраструктуры, якой няма ў наяўнасьці ў Літве, але ж усё ж такі гэта будзе азначаць значна больш падвышаную бясьпеку і пэўныя гарантыі для той жа Літвы, бо самі Злучаныя Штаты будуць зацікаўлены ў захаваньні найвышэйшага ўзроўню бясьпекі над тымі ядзернымі матэрыяламі, над тымі ядзернымі ўзбраеньнямі, якія яны перадаюць гэтым краінам».
На пытаньне аб пагрозах беларусам у такім выпадку Пянькоўскі сказаў:
«Што тычыцца Беларусі, то безумоўна распаўсюджваньне ядзернай зброі як у суседніх краінах, так і знаходжаньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, гэта ўсё ж такі прыкмета эскаляцыі, гэта тое, што лічылася непажаданым апошнія дзесяцігодзьдзі і ўвогуле падвышае рызыкі для беларускага насельніцтва, якое і так вельмі моцна пацярпела ад наступстваў ядзерных катастроф. То бок гэты крок, як і шэраг іншых перш за ўсё з боку Крамля, падвышае рызыкі для беларускіх грамадзян».
Форум