Калі ў Вільні прагучала папярэджаньне жыхарам аб пагрозе бесьпілётнікаў і заклік шукаць сховішча, Рута Гаскаўскайце пасьпяшалася да бліжэйшага зь іх, але выявіла, што яно зачыненае, піша агенцтва AFP.
Заціснутая паміж Расеяй і саюзнай ёй Беларусьсю, Літва гадамі папярэджвала аб рызыках, якія нясе Расея балтыйскім краінам. Але калі Ўкраіна ўзмацніла свае ўдары ў адказ па расейскіх нафтавых аб’ектах у Балтыйскім моры і ў рэгіёне былі знойдзеныя ўкраінскія бесьпілётнікі, пабочныя эфэкты вайны засьпелі Літву зьнянацку, хоць яна сама пра іх папярэджвала.
Папярэджаньне 20 траўня аб тым, што людзі павінны былі ўцякаць у падземныя ўкрыцьці празь бесьпілётнік у паветранай прасторы Літвы, стала самым выразным за апошнія гады напамінам аб тым, што плянаваньне на выпадак надзвычайных сытуацыяў павінна быць цалкам функцыянальным.
Гаскаўскайце выявіла, што гэтага не адбылося.
«У нас ёсьць аплікацыя, якая паказвае, дзе знаходзяцца найбліжэйшыя сховішчы, — сказала 29-гадовая мэнэджарка культурнага праекту агенцтву AFP. — Мы пайшлі ў адно зь іх, але яно было пакрыта павучыньнем. І здавалася, што там нікога няма».
Гаскаўскайце ўдалося трапіць толькі ў трэцяе падземнае сховішча, пазначанае побач зь яе жытлом, але давялося амаль 20 хвілін чакаць, пакуль яго адчыняць.
Першы раз з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе, сталіца краіны ЭЗ і NATO Вільня была вымушаная папярэдзіць сваіх жыхароў аб неабходнасьці схавацца.
«Прагалы» будуць выпраўленыя
Гаскаўскайце неўзабаве выявіла, што яе выпадак ня быў адзінкавым.
Пасьля заканчэньня трывогі пайшлі паведамленьні пра іншых незадаволеных жыхароў, якім забаранілі заходзіць у сховішчы ў школах або якія знайшлі іх зачыненымі.
«На жаль, гэтая праверка паказала, што ёсьць некаторыя сьляпыя зоны, пра якія мы не падумалі», — сказала Гаскаўскайце.
Праблемы былі настолькі распаўсюджанымі, што прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене, якая схавалася ў дзень трывогі, гэтак жа як прэзыдэнт краіны і заканадаўцы, публічна папрасіла прабачэньня за памылкі ў камунікацыі і паабяцала перагледзець працэдуры.
«Немагчыма быць цалкам гатовым да ўсіх сытуацыяў», — сказаў намесьнік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас агенцтву AFP, прызнаўшы, што ў плянаваньні рэакцыі на пагрозу ёсьць «пэўныя прагалы, якія мы хацелі б выправіць».
«Мы павінны палепшыць наш падыход да сыстэмы сховішчаў», — сказаў ён. У тым ліку трэба ведаць, як сховішчы кіруюцца і хто імі валодае.
Але для Гадляўскаса, былога вайскоўца, які цяпер адказвае за нацыянальную і грамадзянскую гатоўнасьць, мэтай таксама зьяўляецца навучаньне большай колькасьці з 2,8 мільёна грамадзян Літвы на выпадак надзвычайнай сытуацыі.
Ён мае намер падвоіць колькасьць стралковых ціраў, якіх цяпер 67, каб армія, сябры стралецкіх асацыяцыяў і паляўнічыя маглі трэнавацца. Ён таксама хоча разгарнуць сетку модульных трэнавальных пляцовак, якія маглі б служыць сховішчамі.
«Шматфункцыянальныя сховішчы»
Гэта перагукаецца з любімым праектам мэра Казлу-Руды, горада з насельніцтвам каля 6000 чалавек, разьмешчанага ў так званым Сувальскім калідоры, прыкладна за 115 кілямэтраў ад Вільні, аточанага густымі лясамі, дзе трэніруюцца салдаты NATO.
Казлу-Руда знаходзіцца прыкладна за 50 кілямэтраў ад мяжы з расейскім эксклявам Калінінградам.
«У нас няма сапраўдных шматфункцыянальных сховішчаў» для мірных жыхароў, сказаў мэр Мантас Варашка агенцтву AFP.
Ён заручаецца падтрымкай праекту падземнага сховішча даўжынёй да 100 мэтраў, якое магло б зьмясьціць 3000 чалавек, а ў мірны час у ім маглі б быць спартыўныя пляцоўкі, трэнажорныя залы і стралковы цір.
Варашка паказаў на зялёную прастору, якая цягнецца ўздоўж чыгуначнай лініі ў цэнтры горада, старанна падабраную, каб «у выпадку надзвычайнай сытуацыі, нават калі ў вас няма машыны, вам давялося бегчы пяць хвілін, каб дабрацца да бясьпечнага месца».
Ён спадзяваўся, што будаўніцтва можа пачацца ў наступным годзе, але пакуль што працуе над забесьпячэньнем фінансаваньня.
«Рыхтуемся да горшага»
У канцы 2024 года ў Літве было 6344 сховішчы, якія маглі абараніць 53 працэнты насельніцтва, паведаміла Нацыянальная кантрольная ўправа краіны ў справаздачы за мінулы год.
Характэрныя жоўтыя налепкі цяпер раскіданы па Вільні і могуць быць бачныя на ўваходах на паркоўкі, у школы, міністэрствы і звычайныя падвалы пад шматкватэрнымі дамамі савецкай эпохі.
Але праблемы застаюцца: у справаздачы папярэджваецца, што 91 працэнт сховішчаў недаступныя для людзей з інваліднасьцю.
У ёй робіцца выснова, што «дзяржава пакуль не гатовая абараніць усё насельніцтва ў выпадку надзвычайных сытуацый або вайны».
Некаторыя жыхары, як, напрыклад, Рута Гаскаўскайце, вырашылі ўзяць справу ў свае рукі. Праз некалькі дзён пасьля паветранай трывогі ў Вільні яна сабралася з сябрамі, каб азнаёміцца з запасамі і паўтарыць працэдуры першай дапамогі.
«Гэта адзінае, што мяне супакойвае, ведаць, што я гатовая, — сказала яна. — Я проста раблю гэта, рыхтуюся, проста спадзяюся на лепшае, рыхтуюся да горшага».
Чаму гэта важна
Украінскія бесьпілётнікі ў апошнія тыдні зайшлі ў паветраную прастору краін Балтыі, павялічваючы напружанасьць у адносінах з Расеяй у той час, калі пад пытаньнем знаходзяцца абавязацельствы ЗША па калектыўнай бясьпецы NATO.
Украіна, якая нацэльвалася на расейскія парты пагрузкі нафты ў Балтыі, заявіла, што расейскае глушэньне сыгналаў іх бесьпілётнікаў прывяло да іх адхіленьня ад курсу.
7 траўня два такія бесьпілётнікі выбухнулі на пустым нафтасховішчы ў Латвіі. Яшчэ адзін выбухнуў у возеры, пасьля таго, як незаўважаным прыляцеў у краіну.
20 траўня бесьпілётнік, які набліжаўся, прымусіў кіраўніцтва Літвы схавацца пад зямлёй, а 19 траўня вайсковы самалёт NATO зьбіў іншы бесьпілётнік над Эстоніяй.
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Форум