Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны сакратар ЗША і Іран маюць розныя вэрсіі праекту мірнага пагадненьня

Марка Рубіё
Марка Рубіё

Словы амэрыканскага палітыка супярэчаць таму, што перад гэтым напісала іранская прэса. Магчыма, што і гэтым разам да канчатковага мірнага пагадненьня бакі ня дойдуць.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіё заявіў, што ніякіх санкцый супраць Ірану ня будуць здымаць у абмен на згоду Тэгерану адкрыць Армускую пратоку.

Выступаючы на слуханьнях у камітэце Сэната 2 чэрвеня, Рубіё сказаў: «Гэта не абмяркоўвалася. Гэта не прапаноўвалася».

Яго камэнтары наўпрост супярэчаць паведамленьням іранскіх дзяржаўных СМІ аб праекце пагадненьня, які распрацоўваецца паміж Тэгеранам і Вашынгтонам праз пакістанскіх пасярэднікаў. У гэтых паведамленьнях гаварылася, што дамова ўключае зьняцьце санкцый і вяртаньне іранскіх сродкаў, замарожаных за мяжой, перадае Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Рубіё сказаў сэнатарам, што першым этапам любой угоды будзе адкрыцьцё Іранам Армускай пратокі, а затым будзе другі этап, які будзе тычыцца ядзернай праграмы Ірану, і ён працягнецца 30-90 дзён.

Ён дадаў, што перамовы ўскладняюцца затрымкамі, выкліканымі структурай улады ўнутры Ірану. Паводле яго слоў, іранскія перамоўцы былі вымушаныя весьці перамовы з уласнай кіроўчай радай у Тэгеране, што прыводзіла да затрымак на некалькі дзён штораз, калі перадаваліся новыя паведамленьні.

Рубіё таксама спыталі, ці можа ён выкарыстаць свой уплыў у адміністрацыі Трампа, каб пераканаць яе даць заканадаўцам юрыдычнае абгрунтаваньне для ваенных удараў ЗША па Іране, якія краіна нанесла разам з Ізраілем 28 лютага. Той паабяцаў спытаць у Офісу юрыдычнага консулу, але запэўніў, што «безумоўна», юрыдычнае абгрунтаваньне для ўдару было.

Чарговае абвастрэньне амэрыканска-іранскага канфлікту

Іран і ЗША ў апошнія дні абмяняліся вайсковымі ўдарамі, прычым амэрыканскія вайскоўцы абвясьцілі аб нападах у «самаабароне» на іранскія аб’екты, а Іран заявіў, што нанёс удар па амэрыканскай базе ў Кувэйце.

Спробы дасягнуць пагадненьня адбываюцца на фоне таго, як закрыцьцё Армускай пратокі значна парушыла сусьветныя пастаўкі нафты і прывяло да росту цэн на энэрганосьбіты.

Новае пагадненьне, калі яно будзе пацьверджанае, можа стаць найбуйнейшым крокам да міру з таго часу, як амэрыканска-ізраільскія авіяўдары па Іране 28 лютага прывялі да шырокамаштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе.

Ужо пры першых ударах амэрыканцаў з ізраільцянамі загінуў вярхоўны кіраўнік іранскага рэжыму, аятала Алі Хамэнэі. З таго часу ягоныя паплечнікі не пасьпелі яго пахаваць, але 2 чэрвеня заявілі пра тое, што плянуюць трохдзённыя хаўтуры. Пры гэтым дакладнай даты разьвітаньня і пахаваньня Алі Хамэнэі іранскія ўлады пакуль не сказалі.

Крызіс вакол Армускай пратокі справакаваў скачкі цэнаў на паліва на міжнародных рынках.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG