У тэлефонным інтэрвію ABC News 1 чэрвеня Дональд Трамп заявіў, што мірнае пагадненьне можа быць «нават лепшым за ваенную перамогу».
Праект пагадненьня, падрыхтаванага пры пасярэдніцтве Пакістана, абмяркоўваўся бакамі ў апошнія тыдні. Абмежаванае спыненьне агню дзейнічае з красавіка, прычым бакі пэрыядычна абменьваюцца ўдарамі.
Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, Іран праяўляе «надзвычай варожую пазыцыю».
«Ім няпроста. Насамрэч, з нашага пункту гледжаньня гэта таксама няпроста. Але мы атрымліваем тое, што нам трэба атрымаць», — сказаў Трамп.
Адносна часу магчымай зьдзелкі Трамп сказаў:
«Я думаю, што гэта на наступным тыдні». Ён дадаў, што зьдзелка яшчэ не заключаная, таму што «мне яшчэ трэба дасягнуць некалькіх рэчаў».
Іран і ЗША ў апошнія дні абмяняліся вайсковымі ўдарамі, прычым амэрыканскія вайскоўцы абвясьцілі аб нападах у «самаабароне» на іранскія аб’екты, а Іран заявіў, што нанёс удар па амэрыканскай базе ў Кувэйце.
Спробы дасягнуць пагадненьня адбываюцца на фоне таго, як закрыцьцё Армускай пратокі значна парушыла сусьветныя пастаўкі нафты і прывяло да росту цэн на энэрганосьбіты.
Новае пагадненьне, калі яно будзе пацьверджанае, можа стаць найбуйнейшым крокам да міру з таго часу, як амэрыканска-ізраільскія авіяўдары па Іране 28 лютага прывялі да шырокамаштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.