Ціханоўская: зьмены ў Расеі могуць пачацца са зьменаў у Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

У інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода Ціханоўская заявіла, што ўрад Беларусі і асабіста Аляксандар Лукашэнка ўтрымліваюць уладу цяпер толькі дзякуючы палітычнай і эканамічнай падтрымцы Крамля.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што зьмены ў Расеі могуць пачацца пасьля зьменаў у Беларусі.

«Мы павінны разумець, што такая пазыцыя — што пакуль нічога ня зьменіцца ў Расеі, нічога ня зьменіцца і ў Беларусі, — няправільная. Бо я ўпэўненая, што зьмены ў Расеі могуць пачацца са зьменаў у Беларусі, бо наша нацыя больш адзіная, у нас няма гэтых імпэрыялістычных амбіцыяў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.

Яна сказала, што Беларусь хоча жыць у добрасуседзтве зь іншымі краінамі і беларускае грамадзтва больш скансалідаванае.

«І таму я ўпэўненая, што нам патрэбна больш інвэставаць у палітыку Беларусі, каб нашы зьмены прывялі да зьменаў і ў Расеі», — дадала яна.

Наконт некаторых дакораў у бок беларускай апазыцыі, у прыватнасьці, аб адарванасьці ад сытуацыі ўнутры Беларусі і разьяднанасьці, Ціханоўская адзначыла, што супраць апазыцыі працуе «вялікая прапагандысцкая машына рэжыму Лукашэнкі», якая падмацоўваецца расейскімі наратывамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Імя якой ня будзем называць». Што пра візыт Ціханоўскай у Кіеў напісалі прапагандысцкія СМІ Беларусі і Расеі

«Але я хачу сказаць, што я вельмі ганаруся тым, што мінула шэсьць гадоў з нашай рэвалюцыі 2020 году — мы захоўваем адзінства, падтрымліваем каардынацыю паміж грамадзкім сэктарам, паміж палітычнымі дзеячамі, бо я разумею, наколькі важна быць адзінымі ў нашай барацьбе супраць дыктатуры, а таксама быць адзінымі ўваччу нашых іншаземных партнэраў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская нядаўна наведала зь першым візытам Украіну, падчас якога правяла шэраг афіцыйных сустрэчаў, у тым ліку з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Кіеве: гістарычны візыт ці расчараваньне?Стала вядома, каго ўзнагародзіла Ціханоўская падчас візыту ў Кіеў: усяго 24 асобыЦіханоўская ў Кіеве ўручыла мэдалі беларускім добраахвотнікам і адкрыла Місію беларускіх дэмакратычных сілаў Ціханоўская ў Кіеве сустрэлася зь Зяленскім і заявіла, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да вольнай БеларусіЦіханоўская ў Кіеве: Украіна пачала новую гульню вакол Беларусі