Замест 16 замежных кампаніяў — вытворцы праграмаў глушэньня дронаў з Варонежу. У Менску пачалася выстава TIBO-2026

Tibo 2026. Фота з афіцыйнага сайта

У 2019 годзе ў штогадовай беларускай міжнароднай выставе TIBO ўдзельнічалі 16 краін, сярод іх Аўстрыя, Польшча, Нямеччына. У 2026 годзе з замежных гасьцей — толькі Расея. Галоўная тэма — штучны інтэлект, хоць самыя вядомыя АІ-сэрвісы не працуюць у Беларусі праз санкцыі.

26 траўня у Менску пачаўся форум высокіх тэхналёгіяў — выстава TIBO-2026. Гэта штогадовая падзея, якая праходзіць ужо 31-ы раз і мае статус міжнароднай. Цэнтральная тэма выставы сёлета — «штучны інтэлект як рухавік тэхналягічнага разьвіцьця». Глядзім, якая была выстава TIBO раней і што ў Беларусі з штучным інтэлектам.

Ад «міжнароднага» засталася толькі Расея

У сьпісе удзельнікаў выставы 55 кампаніяў. Аднак за дзень да адкрыцьця сярод замежных гасьцей фігуруюць толькі расейскія кампаніі, іх у сьпісе 10. Пяць з Масквы, тры з Варонежу, адна з Санкт-Пецярбургу і адна з Уфы. З самых вядомых расейскіх кампаніяў удзельнічаюць распрацоўнікі сыстэмы аўтаматызацыі і кіраваньня прадпрыемствам — 1С.

Адна з кампаніяў з Варонежу — вытворца праграмнага забесьпячэньня для дронаў «Чистое небо». Займаюцца ў тым ліку сыстэмамі маніторынгу і глушэньня БПЛА.

Афіцыйны банэр выставы

Зь вядомых беларускіх кампаніяў у сьпісе ёсьць холдынг «Гарызонт», афіцыйны партнэр 1С — «МіСофт», а таксама «Рэгула» — вытворцы сыстэмаў праверкі дакумэнтаў. Таксама анансаваныя афіцыйныя стэнды Міністэрства адукацыі, некаторых унівэрсытэтаў. У выставе ўдзельнічае і «Россотрудничество» — расейская дзяржаўная арганізацыя, якая прасоўвае ідэі «рускага сьвету» у іншых краінах.

У дапандэмійным 2019 годзе ляндшафт самай буйной штогадовай ІТ-выставы ў Беларусі выглядаў зусім інакш. У сьпісе ўдзельнікаў выставы былі прадстаўленыя 16 краін, годам раней — 15.

У Tibo-2026 фактычна ўдзельнічаюць толькі беларускія і расейскія вытворцы

Замежныя кампаніі складалі тады каля 20% удзельнікаў выставы. Напрыклад, у 2019 годзе адзін з найбольшых стэндаў займала кітайская кампанія Huawei. Таксама на выставе былі кампаніі з Аўстрыі, Літвы, Паўднёвай Карэі, Нямеччыны, Польшчы, Казахстану, Азэрбайджану.

Аналітык з сфэры ІТ, з якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, заўважае, што кітайскія кампаніі таксама не прымаюць удзелу ў беларускай выставе TIBO-2026. Няма нават расейскіх кампаніяў, якія займаюцца штучным інтэлектам, што сьведчыць пра іх адносіны да гэтай падзеі.

«Фактычна 2019 год быў апошнім нармальным годам для TIBO. Цяпер нават сьпіс беларускіх кампаніяў выглядае вельмі ўрэзаным. У сьпісе ўдзельнікаў толькі дзьве кампаніі, датычныя да АІ. Адна займаецца машынным навучаньнем, другая — асыстэнтамі на базе АІ. Аднак чаму няма кітайскіх кампаніяў, прадстаўнікоў той жа DeepSeek? Ці хаця б расейскіх кампаніяў, якія распрацоўваюць свае АІ-рашэньні? Значыць, гэты форум не ўспрымаецца як нешта сур’ёзнае нават расейскімі партнэрамі. Выглядае, што выставу проста праводзяць для галачкі, паказаць, што нешта працягваецца», — зазначае суразмоўца.

Што з штучным інтэлектам

Галоўнай тэмай сёлетняй выставы заяўлены штучны інтэлект. Пры гэтым прадукцыя найбуйнейшых гульцоў рынку АІ наагул недаступная ў Беларусі. Anthropic (Claude) і OpenAI (ChatGPT) — гэта амэрыканскія кампаніі, недасяжныя праз санкцыі ЗША.

Google (Gemini) не абавязаны блякаваць беларускіх карыстальнікаў, але некаторыя сэрвісы кампаніі не працуюць у Беларусі з прычыны палітыкі ацэнкі рызыкаў самой кампаніі. Менавіта Gemini не працуе, дасяжны толькі памочнік пашуковіка на базе АІ.

Таксама наўпарост недасяжныя Microsoft Copilot, Midjourney, Stability AI (Stable Diffusion).

У Беларусі даступная нэўрасетка Grok ад xAI Ілана Маска, а таксама расейскія і кітайскія сэрвісы на базе АІ.

Сярод іх DeepSeek — кітайская распрацоўка з унутранай цэнзурай, а таксама расейскія прадукты YandexGPT і GigaChat.

Недасяжнымі напрасткі заходнімі сэрвісамі многія ў Беларусі карыстаюцца праз VPN. ІТ-спэцыялісты, з якімі пагаварыла Свабода на ўмовах ананімнасьці, проста набываюць сабе доступ да якаснага VPN. Таксама існуюць абыходныя шляхі — напрыклад, нейкі сэрвіс плаціць за доступ да папулярнай мадэлі і пры гэтым адкрываецца ў Беларусі.

«З маіх назіраньняў, людзі не з галіны ІТ у Беларусі проста не карыстаюцца сэрвісамі АІ. Недасяжныя і недасяжныя — яны не пераймаюцца з гэтай нагоды», — сказаў суразмоўца Свабоды.

Некаторыя ж, з словаў іншых суразмоўцаў, карыстаюцца кітайскімі і расейскімі распрацоўкамі на базе АІ.

Таксама ў Беларусі зьяўляюцца свае АІ-дапаможнікі, але гэта не паўнавартасныя вялікія моўныя мадэлі кшталту ChatGPT ці Claude. Звычайна яны проста выкарыстоўваюць нейкую вялікую мадэль. Напрыклад, кітайскую ці заходнюю — праз абыходныя шляхі. То бок гэта проста распрацаваны інтэрфэйс да чужой мадэлі, якую ці то разгарнулі на сэрвэры, ці то выкарыстоўваюць дыстанцыйна. Паводле аналітыка ІТ-сфэры, Беларусь цяпер амаль ня ўдзельнічае ў сусьветных распрацоўках у галіне АІ.

«Усе кампаніі, якія плюс-мінус сур’ёзна займаюцца АІ і маюць беларускія карані, цяпер не знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Усё тое, што заяўляецца, — гэта або нейкія лякальныя ўкараненьні ўжо існых рашэньняў, або лякальныя ўкараненьні на базе заходніх плятформаў праз проксі-пасярэдніцкую фірму, якая, у істоце, дазваляе бізнэсу купляць доступ да папулярных АІ без выкарыстаньня VPN. Ёсьць расейскія плятформы, якія заяўляюцца як уласныя рашэньні, але гэтыя прадукты істотна адстаюць», — расказвае аналітык.

Ілюстрацыйнае фота

То бок на цяперашнім этапе Беларусь хутчэй выступае як спажывец АІ-тэхналёгіяў, а ня ўдзельнік іх разьвіцьця. Прычым мае вельмі абмежаваны арсэнал для выкарыстаньня.

«Унутры Беларусі на сёньня няма ніводнага рэальнага гульца ў сфэры АІ. Няма інфраструктуры пад гэта і вылічальных магутнасьцяў. Раней можна было арандаваць тэхніку за мяжой, цяпер і гэтая опцыя недасяжная», — падсумоўвае суразмоўца.

Згодна з аналітыкай кампаніі Microsoft за другую палову міналага году, у Беларусі АІ выкарыстоўваюць 8,4% людзей працаздольнага ўзросту. Паводле ўзроўню выкарыстаньня АІ Беларусь займае ў рэйтынгу 113-е месца сярод 150 эканомік сьвету, адстае ад Вэнэсуэлы, апераджае Кыргызстан, Кенію і Расею. Пры гэтым дасьледаваньне выявіла ў Беларусі высокі ўзровень выкарыстаньня кітайскай нэўрасеткі DeepSeek. Яе доля на рынку Беларусі складае 56% — гэта другі паказьнік у сьвеце пасьля Кітаю (89%).