У беларускім сэгмэнце Threads завірусіўся допіс спэцыяліста, які ў сваё рэзюмэ пры дапамозе ШІ «зашыў» рэцэпт пельменяў і трапіў на сумоўе ў ІТ-кампанію. Гэты рэцэпт быў у рэзюмэ ўпярэмешку з рэальнымі дасягненьнямі і ўменьнямі, таму HR на іншым баку, які выкарыстоўваў штучны інтэлект для фільтрацыі заявак, не заўважыў нічога дзіўнага.
Бо ў рэцэпце пельменяў выкарыстоўваліся характэрныя для рэзюмэ словы «зьдзейсьніў», «рэалізаваў» і гэтак далей. Пра рэцэпт рэкрутэр даведаўся ўжо на сумоўі. А спэцыяліст, які такім чынам шукаў працу, хацеў праверыць, як працуюць альгарытмы нэўрасетак.
Распыталі рэкрутэраў і спэцыялістаў, як яны выкарыстоўваюць ШІ пры найме і ці захаваўся там чалавечы кантакт.
«Новая рэальнасьць, да якой трэба адаптавацца»
Вадзім (імя зьменена на просьбу суразмоўцы. — РС) нядаўна мяняў працу, ён распрацоўнік узроўню senior. Для рэзюмэ, а таксама матывацыйнага ліста, які просяць падаць пры найме, выкарыстоўваў штучны інтэлект.
«Праганяў сваё CV праз ШІ, каб атрымаць фідбэк, нешта перафразаваць, нешта дадаць. Пасьля зрабіў шаблён матывацыйнага ліста, а таксама агента, якому даваў апісаньне вакансіяў. Ён адаптаваў мой матывацыйны ліст канкрэтна пад гэтыя вакансіі. Наколькі гэта ўсё дапамагло — ня ведаю, але на напісаньні матывацыйнага ліста я, вядома, зэканоміў», — апісвае свой досьвед суразмоўца.
Новую працу суразмоўца ў рэшце рэшт знайшоў. Ён мяркуе, што, нягледзячы на выкарыстаньне ШІ, чалавечы кантакт пры найме захоўваецца.
«Я думаю, пакуль адны вучацца фільтраваць CV, іншыя вучацца праходзіць фільтры нэўронкі. Чым гэта ў выніку скончыцца — пабачым. Мяркую, чалавечы кантакт усё яшчэ ёсьць, але каб на яго трапіць, трэба прайсьці праз бесстароньні фільтар нэўронкі. Гэта новая рэальнасьць, да якой трэба адаптавацца. Пакуль да прыняцьця рашэньняў толькі праз ШI мы яшчэ не дайшлі», — расказвае суразмоўца.
Яшчэ адзін распрацоўнік шукаў новае месца працы адразу з магчымасьцю рэлякацыі зь Беларусі. Ён веў улік вакансіяў, якія трапляліся, такіх было каля сотні.
«Тыя вакансіі, на якія я падаваў заяўку з дапамогай нэўронкі, давалі самы нізкі вынік, калі я не перачытваў і ня правіў рэзюмэ самастойна. Магчыма, гэта таму, што заўважна, які тэкст пісаў ШІ, а які — не. Там шмат стандартных абаротаў. У выніку я рабіў базу з дапамогай ШІ, а пасьля перапісваў сам, больш чалавечай мовай. ШІ дапамог зьбіраць інфармацыю ў маёй спэцыяльнасьці, што важна для наймальніка», — сказаў суразмоўца.
Свабода пагаварыла яшчэ зь некалькімі спэцыялістамі з галіны ІТ, якія нядаўна шукалі працу. У адным выпадку спэцыяліст у бясьпецы знайшоў месца без дапамогі ШІ, пры асабістым кантакце. У іншым, нягледзячы на дапамогу ШІ, працадаўца чакаў ад супрацоўніцы іншых навыкаў.
Супэрмэн, які ўсё ўмее
Дзьмітры займаецца рэкрутынгам у ІТ-кампаніі. У размове з Свабодай ён кажа, што штучны інтэлект добра структуруе навыкі спэцыяліста.
«Думаю, практычна ўсе людзі, якія калі-небудзь рабілі CV у апошнія гады, выкарыстоўваюць або выкарыстоўвалі ШI. Наколькі гэта добра ці дрэнна? Добрае — гэта калі кандыдат выкарыстоўвае ШI, каб дапамагчы „ўпакаваць“ свой рэальны досьвед у рэзюмэ, і разглядае штучны інтэлект як памочніка. Гэта дакладна плюс. У такім выпадку нэўронка дапамагае чалавеку структураваць свае думкі, адэкватна і ўпарадкавана адлюстроўваць навыкі і паляпшае чытэльнасьць рэзюмэ», — кажа Дзьмітры.
З нэгатыўных момантаў экспэрт адзначае выпадкі, калі нэўронка «робіць з чалавека супэрмэна» і не паказвае яго рэальныя навыкі.
«Часьцей за ўсё гэта відаць падчас інтэрвію, але калі гаварыць пра канкрэтнае рэзюмэ, бываюць шаблённыя фразы, фармулёўкі, нетыповыя фразы кшталту „кніжных“ — „orchestrated“(зрэжэсаваны, арганізаваны) або „leveraged“(задзейнічаны). І, вядома ж, калі кандыдат просіць скласьці сваё рэзюмэ па-за кантэкстам, то гэта брак канкрэтыкі, канкрэтных дасягненьняў. Прыклад, які магу прывесьці: кандыдат дакладна выкарыстаў ШІ для рэзюмэ, і там быў пункт, што ў пэўным праекце ён павялічыў хуткадзейнасьць сайту на 40%. А падчас інтэрвію, калі спытаць, як ты гэта аналізаваў, з дапамогай чаго ты гэта рабіў, „апішы, калі ласка, свой працэс“, чалавек бянтэжыцца», — расказвае Дзьмітры.
ШІ дапамагае рэкрутэрам зь вялікай базы рэзюмэ хутка знайсьці патрэбнага кандыдата паводле супадзеньня навыкаў — каб іх з патрэбамі кампаніі супадала як найбольш. Тэхнічна ШІ скануе вялікую колькасьць рэзюмэ на наяўнасьць ключавых словаў — так працуе ATS (сыстэма адсочваньня кандыдатаў). Уручную аналізаваць такі масіў зьвестак даўжэй, гаворыць суразмоўца. Аднак можна прамаргаць сапраўды добрых кандыдатаў, якія ШІ не выкарыстоўвалі.
«Гэта якраз прычына, чаму я шукаю і ацэньваю людзей уручную. Бо ШІ, у маім разуменьні, аналізуе ня столькі чалавека, колькі тэкст. І можа быць так, што людзі могуць свой профіль часта не абнаўляць або пісаць пра сябе занадта сьціпла. І ў такім выпадку чалавек з прафэсійнымі навыкамі, які не выкарыстоўваў ШІ, можа прайграць пры найме слабейшаму кандыдату, які выкарыстоўваў нэўронку», — заўважае Дзьмітры.
«Канкурэнцыя штучнага інтэлекту з штучным інтэлектам»
Выкарыстаньне ШІ пры найме — гэта ўжо рэаліі сучаснага рынку працы, кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
«На пэўных этапах ёсьць канкурэнцыя штучнага інтэлекту з штучным інтэлектам. Менавіта на першасным этапе адбору, з аднаго боку, ёсьць рызыка таго, што высокаклясны спэцыяліст ня пройдзе на наступны этап, а з другога боку, частка людзей трапляе ў гэты сьпіс толькі таму, што яны вельмі добра аформілі сваё рэзюмэ, добра папрацавалі з штучным інтэлектам. Каб зразумець, адпавядае кандыдат крытэрам ці не, яго проста пераводзяць на наступны этап адбору, дзе ўжо адбываюцца зносіны чалавека з чалавекам і больш уважліва вывучаюцца яго тэхнічныя навыкі. Аднак існуе рызыка неабгрунтаванага адсейваньня, асабліва людзей, якія ня маюць вялікага досьведу працы з штучным інтэлектам», — кажа эканамістка.
Паводле незалежнага агрэгатара статыстыкі Gitnux, 70% кампаніяў ужо выкарыстоўваюць ШІ хаця б на адным з этапаў рэкрутынгу. Гэта статыстыка ня толькі ІТ-кампаніяў, а розных галін бізнэсу.
Форум