Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас крадуць голас»: 4 тысячы францускіх актораў абвінавацілі штучны інтэлект у «крадзяжы» кіно

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Напярэдадні 51-й цырымоніі ўручэньня прэміі «Сэзар» у Францыі больш за чатыры тысячы актораў і дзеячаў кіно абвінавацілі інструмэнты штучнага інтэлекту ў «сыстэматычным крадзяжы» іх працы.

Гаворка ідзе пра тэхналёгіі, якія ўзнаўляюць голас і зьнешнасьць артыстаў бязь іх згоды. Адкрыты ліст кінэматаграфісты апублікавалі на сайце газэты «Le Parisien», падкрэсьліўшы, што францускае і сусьветнае кіно знаходзіцца пад пагрозай, паведамляе францускае радыё RFI.

Палеміка вакол выкарыстаньня штучнага інтэлекту ў кіно абвастрылася пасьля таго, як на мінулым тыдні стваральнікаў кітайскай нэйрасеткі Seedance 2.0 абвінавацілі ў масавым парушэньні аўтарскіх правоў. Зь яе дапамогай было створана віруснае відэа бойкі Тома Круза і Брэда Піта — яго складана адрозьніць ад рэальнага, хаця ў кіно здымкі падобнага роліку каштавалі б сотні тысяч даляраў.

«Мы сутыкнуліся з глыбокай трансфармацыяй нашай прафэсіі з прыходам штучнага інтэлекту. Гэты інструмэнт, надзвычай каштоўны для адных сфэраў, для нас, артыстаў, становіцца пажыральнай гідрай... Нядаўна аднаму актору прапанавалі кантракт на выкарыстаньне яго вобразу штучным інтэлектам для стварэньня новага рэклямнага роліку буйной францускай кампаніі — наўзамен на два паўнавартасныя здымачныя дні... За 250 эўра! Клянаваньне галасоў актораў бязь іх дазволу становіцца масавым», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Паводле францускіх актораў, пад найбольш адчувальнай пагрозай апынулася індустрыя дубляжу. Калі выкарыстаньне штучнага інтэлекту для генэрацыі відэа пакуль далёкае ад рэальных здымак, то чалавечы голас ужо можна згенэраваць так, што адрозьніць яго ад арыгіналу будзе надзвычай складана.

Напрыканцы студзеня восем францускіх актораў дубляжу накіравалі афіцыйныя прэтэнзіі дзьвюм амэрыканскім кампаніям, якія клянавалі іх галасы без згоды. Як раней у інтэрвію RFI распавядала актрыса дубляжу Брыжыт Лекардзье, з прыходам штучнага інтэлекту ў галіне, дзе ў Францыі занята каля 15 тысяч чалавек, пачаліся сур’ёзныя цяжкасьці: «У нас крадуць голас, каб з дапамогай ШІ прымушаць нас гаварыць тое, чаго мы самі не казалі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG