Кампанія па рэдагаваньні відэа Kapwing правяла дасьдедваньне і прыйшла да высновы, што 20% відэа, прапанаванага YouTube новым карыстальнікам — гэта «AI slop». То бок нізкаякасны кантэнт зроблены з дапамогай штучнага інтэлекту. На дадзеныя дасьледаваньня спасылаецца The Guardian.
Дасьледчыкі вывучылі 15 000 папулярных каналаў і высьветлілі, што 278 з іх цалкам створаныя штучным інтэлектам. У сукупнасьці гэтыя каналы набралі больш за 63 мільярды праглядаў, 221 мільён падпісчыкаў і прынесьлі стваральнікам каля 117 мільёнаў долараў за год.
Два з прыведзеных у дасьледаваньні для прыкладу каналаў вырабляюць фантастычны кантэнт для дзяцей.
Таксама дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што ў асноўным аўтары нізкаякаснага кантэнту, які зроблены з дапамогай штучнага інтэлекту, жывуць у краінах з невысокім узроўнем даходу, але добрым доступам у інтэрнэт. Гэта краіны, дзе мэдыянны заробак ніжэй, чым даход, які можна атрымаць з дапамогай YouTube. Разьбіраемся разам з экспэртамі, ці стане ШІ-кантэнту болей у будучыні і ці выцесьніць ён жывы кантэнт ад людзей.
«Проста інструмэнт»
Калі людзі будуць бачыць менш якаснага кантэнту, гэта можа зьмяніць і спосабы ўжываньня кантэнту і саму індустрыю яго вытворчасьці, гаворыць Старэйшы аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі.
«Калі ўвага перагружаная такім кантэнтам, то ёсьць высокая верагоднасьць, што акрамя нізкаякасных вырабаў людзі будуць менш бачыць якаснага кантэнту. Людзі могуць перайсьці на іншыя плятформы ці вынайсьці іншы спосаб спажываньня. Тады гэта перафарматуе і індустрыю. Іншыя дасьледаваньні паказваюць, што палова ТОП каналаў выкарыстоўваюць штучны інтэлект, але гэта не заўсёды няякасны кантэнт, часта наадварот. І калі якасьць высокая, то няма розьніцы зроблена гэта рукамі, ці не. Штучны інтэлект — гэта толькі інструмэнт», — гаворыць суразмоўца.
Што да страху, калі ў будучыні штучны інтэлект заменіць жывых вытворцаў кантэнту, то на думку суразмоўцы, ён зможа толькі ўзяць на сябе частку працы.
«Існуе разрыў паміж тым, што ёсьць творчасьць і апрацоўка руцінных працэсаў. У частцы руцінных працэсаў ён сапраўды можа замяняць чалавека, але можа так яно і трэба. Яшчэ дзесяцігодзьдзі таму былі напісаныя альгарытмы, якія ацэньвалі, што адбываецца на біржах, з навдор’ем. І рэдакцыям было прасьцей гэта аналізаваць. А цяпер тэкст, аўдыё ці відэа штучны інтэлект можа зрабіць самастойна. Важна, каб было пазначана, што гэтыя дадзеныя створаныя не чалавекам, а па-другое гэта мусіць быць пад кантролем чалавека», — мяркуе экспэрт.
Што да небясьпекі стварэньня праўдападобных відэафэйкаў з дапамогай штучнага інтэлекту, то экспэрт адзначае важнасьць ролі СМІ ў іх абвяржэньні.
«Будзе важная роля СМІ як тых брамнікаў, якія правяраюць інфармацыю. Важна будзе таксама, каб людзі разумелі, якім брэндам варта давяраць», — даводзіць суразмоўца.
«Людзі могуць хутка перахварэць на кантэнт ад ШІ»
Мэдыяэкспэртка, доктарка навук Ірына Сідорская выказвае вэрсію, што людзі могуць хутка перасыціцца кантэнтам ад ШІ і шукаць нешта, што зроблена якасна людзьмі для людзей.
«Людзі могуць паглядзець на такі кантэнт і праз нейкі час ім можа захацецца нечага больш натуральнага і больш жывога. Кантэнт ад YouTube у нашай частцы сьвету ўспрымаецца як тое, што людзі робяць для людзей. Гэта не толькі прафэсійныя мэдыя прадукты, проста адны людзі нешта прапануюць іншым: урокі ангельскай мовы, як зьбіраць грыбы і гэтак далей. І гэты чалавечы жывы кантэнт ён і зараз запатрабаваны, і будзе запатрабаваны», — зважае экспэртка.
Пры дапамозе штучнага інтэлекту сёньня робяцца ілжывыя заявы ад імя вядомых людзей і іншы правакатыўны кантэнт. Ад небясьпекі стварэньня такіх DeepFake пры дапамозе ШІ можа ўратаваць рэгуляцыя інтэрнэт-кантэнту, мяркуе суразмоўца.
«Павінна быць рэгуляцыя інтэрнэт-прасторы. Мы ўсё ж жывем па нейкіх правілах: вось гэта можна, гэта нельга. Зразумела, што ў звычайнага чалавека не заўжды ёсьць інструмэнты, каб адрозьніваць праўду ад фэйку», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.
Таксама Ірына Сідорская дадае, што распаўсюд ШІ вымагае дадатковага навучаньня і мэдыяпісьменнасьці ад «дзіцячых садкоў».
«Важна каб дзеці ад пачатку вучыліся адрозьніваць якасны кантэнт ад дэзынфармацыі. Каб людзі крытычна ўспрымалі ўсё, што яны бачаць у інтэрнэце. У аўтаратытарным грамадзтве, дарэчы, заўжды дрэнна з крытычным мысьленьнем. Штучны інтэлект — гэта проста інструмэнт і ад нас залежыць, як яго выкарыстоўваць», — кажа экспэртка.
Брытанскі аналітычны цэнтар Oxford Insights апублікаваў даклад «Індэкс гатоўнасьці ўрадаў да штучнага інтэлекту» (Government AI Readiness Index). Аўтары ацанілі, наколькі ўрады 195 краінаў гатовыя ўкараняць і выкарыстоўваць штучны інтэлект у дзяржаўных працэсах, эканоміцы і грамадзтве.
Беларусь заняла ў рэйтынгу 121 месца — паміж астраўнымі дзяржавамі Каба-Вэрдэ і Трынідад і Табага. Гэта найгоршы вынік сярод эўрапейскіх краін.
Форум