«Кніга пачалася з прызнаньня ў любові», — сказаў Аляксандр Лукашук пра сваю новую кнігу падчас прэзэнтацыі.
Першая апісаная ў кнізе падзея была зьвязаная зь яго працай як журналіста падчас землятрусу ў Армэніі, у Сьпітаку, у 1988 годзе.
Там Лукашук нечакана для сябе стаў перакладнікам з францускай мовы для ратаўнікоў з Францыі. А потым зь ім пазнаёмілася перакладніца, якая, як пазьней выявілася, перакладала на францускую жывога Янку Купалу.
Кніга Аляксандра Лукашука
«Паэзія — гэта арганізацыя прысутнасьці любові», — кажа Аляксандр Лукашук.
У кнізе зьмешчаныя творы, напісаныя пачынаючы з 1979 году. Першы верш быў рэфлексіяй на няшчаснае каханьне. Апошні, напісаны ў 2026 годзе, называецца «Незавершанасьць».
«Выдаць першую кнігу пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна», — прызнаўся аўтар і прачытаў некалькі вершаў, якія даказваюць, што з маладосьцю ён не разьвітваецца.
«Антонімы зла — свабода і любоў»,— перакананы аўтар.
Нямала старонак у кнізе — пра адкрыцьці Лукашука як дасьледніка гісторыі літаратуры. У кнізе згадваюцца паэты Францішак Багушэвіч, Ёсіф Бродзкі, Алесь Разанаў, Ларыса Геніюш...
Адварот кнігі Аляксандра Лукашука з прозьвішчамі літаратараў, якія ў ёй згадваюцца
Некалькі старонак прысьвечаныя творчасьці беларускага паэта Ўладзімера Хадыкі, які загінуў у 1940 годзе ў ГУЛАГу. Аўтар знайшоў сьляды невядомага верша Хадыкі. Лукашук, працуючы ў архіве, выявіў 5 ягоных вершаў у перакладзе расейскага паэта Арсенія Таркоўскага, зь якім быў знаёмы і сябраваў. Адзін зь вершаў захаваўся толькі ў перакладзе. У кнізе гэты верш зьмешчаны ў адваротным перакладзе Насты Кудасавай.
«Гэтыя вершы нічога не баяцца, толькі дыханьне спыняецца», — сказаў Лукашук пра твор Уладзімера Хадыкі ў перакладзе Кудасавай.
У кнізе таксама ёсьць вершы, які аўтар прысьвяціў вядомым сучасьнікам: праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, літаратару Сяргею Дубаўцу, мовазнаўцу Вінцуку Вячорку.
«Незавершанасьць. Тонкая кніга» — 15-я кніга Аляксандра Лукашука. Яна выйшла ў выдавецтве Kamunikat.org.
«Працую над перакладам слова свабода», — паўжартам адказаў аўтар на пытаньне пра 16-ю кнігу.