«Мы ня можам раскідвацца такімі людзьмі, як Ціханоўскі ці Калесьнікава», — Павал Севярынец

Павал Севярынец. 25 сакавіка 2026 году. Вільня

У вялікім інтэрвію Свабодзе былы палітвязень, палітык Павал Севярынец разважае, як можна падштурхнуць Марыю Калесьнікаву загаварыць па-беларуску ў публічнай прасторы, тлумачыць, чаму адмовіўся балятавацца ў Каардынацыйную раду і не прыняў прапановы далучыцца да структураў дэмакратычных сілаў.

Глядзець размову на відэа цалкам:

0:00 Візыт у Чэхію: узнагароды, новыя саюзы і нечаканыя сустрэчы
3:52 Што цяпер можна і варта рабіць беларусам
5:08 Чаму Севярынец ня йдзе ў Каардынацыйную Раду
7:40 Пазытыўны падыход: чаму гэта паратунак
9:19 Як вера дапамагае за кратамі
13:03 Месца Курапатаў у памяці беларусаў
16:15 Беларускамоўнасьць за мяжой

Тут фрагмэнты гутаркі:

— Вы вельмі актыўна ўключыліся ў грамадзка-палітычнае жыцьцё, узначалілі аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі. Неўзабаве адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду. А чаму вы не ідзяце на гэтыя выбары?

— Прапановы былі наконт Каардынацыйнай рады, і я разумею, што гэта пакуль, напэўна, адзіная пляцоўка, дзе беларусы могуць галасаваць. Гэта плюс для Каардынацыйнай рады. Зь іншага боку, вельмі шмат скандалаў, вельмі шмат размоваў пра тое, што плён працы там — фактычна высьвятленьне адносінаў. Збоку нават часам выглядае, што Каардынацыйная рада больш разьядноўвае, чым яднае, а яе пакліканьне — менавіта яднаць беларусаў. Таму я тут узяў паўзу.

Гэта добрая рэч — паглядзець. Я думаю, што нікуды ад нас палітычныя працэсы не падзенуцца. Сам ня ўдзельнічаю, але сымпатызую некаторым людзям, якія вылучаюцца, і думаю, што гатовы буду сказаць бліжэй да саміх выбараў у Каардынацыйную раду пра свае сымпатыі да гэтых людзей.

— Перад запісам інтэрвію вы згадвалі, як ва Ўкраіне разам з Уладзем Лабковічам каля паўгадзіны размаўлялі з Марыяй Калесьнікавай па-беларуску. Раскажыце пра гэта.

— Маша цудоўна размаўляе па-беларуску яшчэ з тых часоў, як мы пачыналі ў «Маладым Фронце». Яна была адной з зорак у той час. І яна гэтага не забыла. Не забываецца тое, што перажываецца ў юнацтве, — сьветлае, такое проста за ідэю, за Беларусь. Я думаю, што гэта адна з прычын, якія штурхнулі Машу ў 2020 годзе прыняць такі бліскучы ўдзел у той палітыцы, у той кампаніі. І я веру, што ніякія выпрабаваньні, ніякія, можа быць, крыўды ці перажываньні ў турме ці пасьля турмы ня змогуць зьнішчыць Беларусь у сэрцы.

Вельмі спадзяюся, што Маша Калесьнікава будзе і размаўляць па-беларуску зь беларусамі, і як мага больш даваць інтэрвію беларускім сродкам масавай інфармацыі, вернецца ў беларускую палітыку менавіта ў рэчышчы беларускіх інтарэсаў, бо той патэнцыял, які яна выявіла ў дваццатым годзе, не павінен прапасьці. Мы ня можам раскідвацца такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі ці Маша Калеснікава, — ні ў якім разе. Мы павінны залучаць іх у агульныя, самыя шчыльныя шэрагі.

— Марыя добра гаворыць па-ангельску і па-нямецку, гаворыць па-беларуску. Як падштурхнуць яе ў публічнай прасторы гаварыць па-беларуску, як вы мяркуеце?

— Я думаю, што тут патрэбная асабістая праца. Думаю, што тут таксама патрэбна добразычлівае стаўленьне. Думаю, што тым, хто абвінавачвае зараз Машу, варта ўзяць трошкі іншы тон. І, ведаючы, што мы павінны кожнага чалавека, а асабліва такіх каштоўных людзей, прыцягваць да Беларусі і да беларускасьці, проста казаць: «Маша, мы ўсе можам памыляцца ці мы ўсе можам чагосьці не разумець. Рана ці позна мы ўсе прыходзім да Беларусі і беларускасьці. Рана ці позна мы разумеем, што гэта як матуля. Проста часам у юнацтве ці, можа, у сталым веку мы гэтага не заўважаем ці гэтым грэбуем, але чым далей, тым больш мы разумеем, што бяз гэтага ніяк».

І вось любоўю, не тлумачэньнем, чаму ты ня так сказала ці ня так выказалася, а якраз проста любоўю і адкрытасьцю трэба прыцягваць. Калі і трэба выяўляць любоў, то якраз да тых людзей, якія могуць дапамагчы Беларусі вырвацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ад Зянона Пазьняка да Сяргея Ціханоўскага». Павал Севярынец склікае дыяспару да Дня Волі