Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад Зянона Пазьняка да Сяргея Ціханоўскага». Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі Павал Севярынец склікае дыяспару

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Старшынёй арганізацыйнага камітэту па адзначэньні Дня Волі абралі былога палітвязьня Паўла Севярынца. Ён паведаміў Свабодзе, што сёлетняе сьвяткаваньне мае асаблівае значэньне.

2 сакавіка адбылося пасяджэньне арганізацыйнага камітэту па адзначэньні Дня Волі, старшынём якога абралі былога палітвязьня Паўла Севярынца, паведаміў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Павал Севярынец расказаў Свабодзе, што ўжо ўзяўся за працу.

«Сёньня склалі сьпіс і ўжо дасылаем запрашэньні на шырокае паседжаньне аргкамітэту ў суботу. Лічу, трэба абʼяднаць прадстаўнікоў беларускіх арганізацый як мага шырэй. Умоўна — ад Зянона Пазьняка да Сяргея Ціханоўскага, ад Марыі Калесьнікавай да Алеся Бяляцкага.

Спадзяюся, у суботу ўжо будзем мець узоры акцый, якія зможам прапанаваць для адзначэньня Дня Волі беларусамі ва ўсім сьвеце — а геаграфія беларускай прысутнасьці, як я пасьпеў заўважыць, значна за гэтыя гады пашырылася.

Задача аргкамітэту — дапамагчы, дзе гэта трэба, скаардынаваць. Не ўзначаліць і кіраваць, а дапамагаць. У такой функцыі я бачу і сваю ролю старшыні», — сказаў Севярынец.

Паводле яго, сёлетняе адзначэньне сьвята мае асаблівае значэньне.

«Бо беларусам, як ніколі, цяпер патрэбнае натхненьне. Сьвет вакол хістаецца, ідуць войны, адбываюцца тэктанічныя зрухі, а ў такім зьменлівым сьвеце беларусам трэба трымацца разам. Лепшы спосаб зьяднацца — выйсьці шчыльнымі радамі. Галоўная ідэя Дня Волі 2026 году — яднаньне перад абліччам зьменлівага сьвету», — сказаў палітык.

5 папярэдніх гадоў Севярынец адзначаў Дзень Волі за кратамі ва ўмовах, калі адкрыта выяўляць свае погляды было немагчыма. Ён кажа, што стараўся знаходзіць магчымасьць віншаваць са сьвятам ня толькі сябе.

«У думках заўсёды адзначаў, бо для сябе і тых, каму давяраеш, гэта вялікая дата. Даставаў ці пачак печыва, ці курагі, альбо хаця б кавалачак шакаляду. Стараўся за гарбатай перакінуцца словамі віншаваньня зь сябрамі. А інакш, больш выразна, там не адзначыш, бо гэта ў іх усё экстрэмізм, пра ўсё будзе дакладзена апэратыўнікам.

У 2022 годзе было, што на 25 сакавіка якраз наш атрад павялі ў царкву, і супрацоўнік калёніі, такі маёр Сямёнаў, прастаяў побач цягам усёй службы. А потым патлумачыў: „А я стаю, каб вы бел-чырвона-белы сьцяг на царкве не павесілі“», — апавёў Павал Севярынец.

Аргкамітэт Дня Волі — 2026 заклікаў да ўдзелу ў падрыхтоўцы сьвята прадстаўнікоў дыяспары па ўсім сьвеце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG