Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец распавёў пра зьдзекі і катаваньні на Акрэсьціна, у шклоўскай калёніі і горадзенскай турме

Павал Севярынец. Вільня, 2026
Павал Севярынец. Вільня, 2026

Павал Севярынец згадаў пра катаваньні холадам у ШЫЗА шклоўскай калёніі і ў горадзенскай турме, пра стаўленьне за кратамі да беларускай мовы і рэлігіі.

Былы палітвязень Павал Севярынец распавёў праваабаронцам «Вясны», як у чэрвені 2020 года ў менскай турме на завулку Акрэсьціна рыхтавалі камэры для масавых затрыманьняў. Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года праз гадзіну пасьля дазволенага сходу па зборы подпісаў на Камароўскім рынку ў Менску. Амаль два месяцы палітыка ўтрымлівалі аднаго ў карцэры ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня — РС) на Акрэсьціна. Паводле Севярынца, умовы там былі значна горшыя за «Валадарку» (менскі сьледчы ізалятар тады разьмяшчаўся на вуліцы Валадарскага — РС), куды актывіст патрапіў праз 7 месяцаў.

Яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году ў ІЧУ на Акрэсьціна палітык пабачыў, як адміністрацыя вязьніцы рыхтавала камэры ўстановы да разьмяшчэньня там вялікай колькасьці пратэстоўцаў.

«Па ізалятары хадзіла цэлая дэлегацыя, правярала вэнтыляцыю, пералічвала квадратныя мэтры, колькі ў якой камэры можа зьмясьціцца людзей. Яны былі гатовыя пхаць туды максымальную колькасьць людзей. За два месяцы да выбараў», — згадаў пабачанае на Акрэсьціна Павал Севярынец.

У ІЧУ на Акрэсьціна былы палітвязень прабыў 75 дзён, зь якіх большую частку часу ўтрымліваўся ў карцэры памерам два на тры мэтры. Паводле Севярынца, яго катавалі і тым, што суткамі трымалі ў камэры без вады, а ў душ не вадзілі каля 50 дзён.

«Бліжэй да выбараў яны ўсё ж такі адвялі мяне памыцца. Два месяцы я не галіўся і быў, як Фідэль Кастра», — згадвае былы палітвязень.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Паўла перавялі на трэці паверх ізалятара ў камэру з двума людзьмі, якія чакалі дэпартацыі. Там ён сустрэў жнівеньскія падзеі 2020-га, а масавае зьбіцьцё пратэстоўцаў бачыў праз вакно.

«З вакна гэтай камэры быў бачны двор, у які заводзілі людзей, выгружаных з аўтобусаў. Іх адразу зьбівалі і гэтак адбывалася некалькі сутак запар. Далі дазвол на самае жорсткае зьбіцьцё, адзінае, што, напэўна, не дазвалялі забіваць», — мяркуе Павал.

Зь вязьніцы на Акрэсьціна Паўла Севярынца перавялі спачатку ў Менскае СІЗА «Валадарку», а адтуль — у Гомельскае СІЗА. У Гомлі палітыка судзілі разам з групай апазыцыйных актывістаў, яму нібыта за падрыхтоўку беспарадкаў прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня.

Пяць месяцаў перад пераводам у калёнію Паўлу давялося сядзець у Магілёве ў чаканьні разгляду апэляцыйнай скаргі. Там яго паставілі на два прафіляктычныя ўлікі: «схільнасьць да нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і іншых праяваў гвалту» і «схільнасьць да экстрэмізму», распавядае Павал.

У шклоўскай калёніі № 17 Павал шмат разоў зазнаваў правакацыі, вынікам якіх пакараньні пакараньні дадатковай ізаляцыяй.

Палітык згадаў, як аднойчы ў яго скралі галаўны ўбор, безь якога нельга выходзіць з атраду. Ён пазычыў запасны ў іншага вязьня, але «актывісты» (гэтак вязьні завуць тых асуджаных, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй і забясьпечвае яе ўнутранай інфармацыяй — РС) адразу распавялі гэта адміністрацыі. За гэтае «парушэньне» Паўла на тры месяцы зьмясьцілі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу з жорсткім рэжымам і дадатковымі абмежаваньнямі). Яшчэ раней палітвязень некалькі разоў патрапляў у ШЫЗА, дзе ўмовы былі ня лепшыя. Севярынец мяркуе, што холад у камэрах ШЫЗА і ПКТ адмыслова выкарыстоўваецца як катаваньне.

«Камэры ШЫЗА ў Шклове разьлічаныя на некалькі чалавек. Але калі цябе садзяць туды аднаго, асабліва ўзімку, там немагчыма абагрэць прастору ўласным целам. Нават калі ты займаесься спортам круглыя суткі, ты не прагрэеш такое памяшканьне. Падчас „спартаваньня“, нават калі ты не пасадзіш сэрца, арганізм пачынае жэрці страўнік. Ня сьпіш, цела губляе вагу, цяпло і калёрыі з кожным днём, выступаюць косткі. Месяц-другі пасядзеў у ШЫЗА, і суставы вылятаюць. Ніколі ў жыцьці ў мяне не было з гэтым праблемаў. А пасьля ты адразу ідзеш на цяжкую працу на пілараму. Катаваньні холадам — звычайная рэч у ШЫЗА. Гэта такі квэст на выжываньне», — мяркуе Павал Севярынец.

Агулам у ШЫЗА Павал правёў каля шасьці месяцаў, у ПКТ — тры. У адзіночнай камэры магілёўскай турмы палітвязьня ўтрымлівалі сумарна каля дзевяці месяцаў, яшчэ 38 сутак, прычым запар, Павал правёў у штрафным ізалятары ў Горадзенскай турме.

Павал Севярынец, даўні прыхільнік беларушчыны, распавёў пра праблемы, зьвязаныя з ужываньнем за кратамі беларускай мовы, ад якой ён ніколі не адмаўляўся.

«Калі да беларускай мовы чапляліся, то замаўкаў, але на расейскую не пераключаўся. Бо там варта адзін-два разы перайсьці, на гэта ўжо будуць націскаць і патрабаваць гаварыць толькі па-расейску. Калі трэба было чытаць „даклад“, то заўсёды па-беларуску. Зьдзіўлены, але не сустракаў ад начальнікаў калёніі ці турмы, хто б мне за беларускую мову адкрыта прад’яўляў. Галава ж ёсьць, мэдыйная асоба, яны разумеюць, што рана ці позна выйдзе — распавядзе. Патрабаваць гаварыць па-расейску маглі апэратыўнікі, кантралёры: „Калі ўжо пераключацца будзем? Ды ты „закалябаў“. Вас усіх палякі папсавалі. Нармальныя беларусы размаўляюць па-расейску“. Я ў адказ пытаў, на якой мове яны сьпяваюць дзяржаўны гімн. І тут іх пачынала клініць. Так увесь тэрмін і прайшоў па-беларуску».

Павел Севярынец — праваслаўны вернік, ён згадаў праваслаўную царкву ў ПК-17, якую наведвалі таксама каталікі і пратэстанты. Але з пачаткам вайны ва Ўкраіне з доступам у царкву для іх пачаліся абмежаваньні. Таксама Павал згадаў, што ў шклоўскай калёніі была магчымасьць бачыцца па відэасувязі з эвангельскім прапаведнікам, але яму дазволілі такое рэлігійнае спатканьне толькі аднойчы.

Пра горадзенскую турму былы палітвязень распавёў, што там яму не дазвалялі браць у ШЫЗА Новы запавет.

У сьнежні 2025 года яго разам з групай іншых палітзьняволеных вызвалілі і прымусова вывезьлі з Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG