Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прабачаю тым, хто катаваў мяне». Севярынец на сустрэчы ў Вільні гаварыў пра шлях перамен у Беларусі. ФОТА


Павал Севярынец падчас сустрэчы зь беларусамі ў Вільні 22 студзеня
Павал Севярынец падчас сустрэчы зь беларусамі ў Вільні 22 студзеня

Былы палітвязень Павал Севярынец 22 студзеня сустрэўся ў Вільні зь беларусамі.

На сустрэчы ў Доме нацыянальных меншасьцяў была поўная заля. Прыйшлі шмат беларусаў, якія зьехалі з радзімы праз рэпрэсіі, і сяброў клюбу «Сябрына», які і арганізаваў сустрэчу.

Павал Севярынец сярод іншага расказваў, што дапамагала яму вытрымаць падчас зьняволеньня, разважаў пра складаны шлях Беларусі да свабоды. Выказаўся ён і пра тое, ці даруе ён сваім крыўдзіцелям.

Пра ключ да разьвязаньня беларускіх праблемаў

«У турме, як у лябараторыі, прасьцей за ўсё гэта зразумець. Сядзіш месяцамі, корпаесься ў сабе, абдумваеш, што зрабіў бы, спрабуеш разабрацца ў сэнсе жыцьця. І становіцца ясна, што Бог размаўляе з табой, толькі многія ягоныя словы і знакі ты не заўважаеш. Але яны з намі кожны дзень. Мы з вамі ўпіраемся ў адно і тое ж пытаньне: няўжо мы, такія слабыя людзі, якіх выкінулі з краіны, можам нешта зьмяніць? Чалавечых сілаў для гэтага сапраўды замала. Але калі праз нас праходзіць Бог, калі нас падтрымліваюць нашыя сябры — украінцы, палякі, літоўцы, народы свабоднага сьвету — тады мы можам адолець і рэжым, і імпэрыю. І ключы, якімі гэта ўсё адчыняецца, — у нашым сэрцы».

Пра дараваньне тым, хто катаваў

«Мы суайчыньнікі з тымі, хто зараз апранае форму і выконвае злачынныя загады рэжыму ў Беларусі. Мы сваякі многіх тых, хто паглядзеў афіцыйны тэлеканал і цяпер пытаецца ў нас: „Чаго вам не хапала?“ Гэта сапраўды так. Пераадолець гэтую бездань, на мой погляд, можа толькі вера і любоў. Вера, якая дзейнічае празь любоў. Ня бачу іншых шляхоў да нацыянальнага прымірэньня. Нават тыя, хто ня верыць у Бога, прызнаюць выключную ролю хрысьціянства. І асабістае дараваньне — вось мой уласны, чалавечы адказ. Я прабачаю тым, хто катаваў мяне ў турме, але не магу патрабаваць гэтага ад іншых людзей і цудоўна разумею, што хтосьці не гатовы дараваць. У найлепшым выпадку мусіць быць круглы стол, за якім зьбяруцца прадстаўнікі з аднаго і другога боку. Але пры Лукашэнку я ў гэта не асабліва веру. І ўсё ж прыйдзе час, калі плыні беларусаў сальюцца, калісьці мы аб’яднаемся».

Падчас сустрэчы на стале каля Паўла ляжала Біблія
Падчас сустрэчы на стале каля Паўла ляжала Біблія

Як трансфармаваўся рэжым у Беларусі за пяць гадоў

«Маё ўражаньне, што рэжым упэўнена ідзе да свайго фіналу. Калі раней можна было казаць пра падтрымку грамадзтвам нейкіх крокаў рэжыму, то цяпер абсалютна ясна, што ніякай ідэалёгіі там няма, там пуста. Падтрымка расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, якую паказвае рэжым, непрымальная для большасьці беларусаў. Гэта непрымальна і для вольнага сьвету. Таму рэжыму застаецца адзін спосаб — закручваць гайкі. Але тое, што трымаецца на штыках, грубай сіле і гвалце, — яно разьвейваецца як дым. Чым большым будзе ціск, тым мацней спружына будзе распраўляцца. Але не праз гвалт. Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць, яны не ўпакорваюцца злу, яны рыхтуюцца жыць як вольны народ».

Пра вайну ва Ўкраіне і беларусаў у складзе палку імя Каліноўскага

«Вядома, я ўсёй душой з тымі, хто ахвяруе сабой дзеля свабоды. Нашай і нашых братоў. Веру ў перамогу сьвятла ва Ўкраіне і перамогу сьвятла ў Беларусі».

Пра негвалтоўны супраціў

«Адметна, што камунізм, другі вораг Беларусі пасьля нацызму, быў зьнішчаны невайсковым шляхам, але над ім не адбылося суду. Тое, што над ім не было працэсу кшталту Нюрнбэрскага, прывяло да таго, што цяпер камунізм адраджаецца ў новай імпэрскай форме, зноў праз Расею аднаўляецца як фашызм. Беларусам трэба быць пільнымі, бо дастаткова тых, хто хоча распаліць у Беларусі грамадзянскую вайну. Цэлымі інстытутамі на гэта працуюць».

Былы баец палка імя Каліноўскага Аляксандар Клачко
Былы баец палка імя Каліноўскага Аляксандар Клачко

Пра падзеі 2020 году ў гісторыі Беларусі

«Ужывую я ня меў магчымасьці гэта бачыць, але ў лістах ды іншым шляхам даходзілі зьвесткі, і гэта было вельмі натхняльна. Цяпер мы з Воляй проста са сьлязьмі на вачох праглядаем кадры пра тыя падзеі. Каля нашага дому быў забіты Тарайкоўскі...Мы цяпер шмат ведаем пра тое, што тады адбылося. А што тычыцца нацыянальнага будаўніцтва, палітычнага шляху беларусаў, дык для мяне вельмі важна было зразумець, наколькі беларусы прасунуліся. Лічу, што вельмі далёка прасунуліся, што быў зроблены гіганцкі гістарычны крок наперад. Тое, што мы зараз маем, — вынік вялікіх намаганьняў і ў тым ліку вялікіх пакутаў».

Ці здатныя беларусы на актыўны пратэст

«Яшчэ ў „Маладым фронце“ часам чуў ацэнку беларускай актыўнасьці: маўляў, „бульба не выбухае“. Але хачу супакоіць: калі ўзяць бульбу, высушыць яе і перамалоць у крухмал, то гэтая пудра у сумесі з паветрам яшчэ як выбухае, толькі паднясі запалку. Так, наша сіла не навідавоку. Беларусы — лясныя людзі, яны засяроджаныя на сабе, сваёй сям’і, справе, працы. Так, зараз нас пераціраюць, мы праходзім праз усе балючыя пакуты, але гэта дзеля таго, каб у свой час даць сполах».

Падзяка Літве

«Ужо ў панядзелак мой сын Францішак Паўлавіч пачне навучаньне ў беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны тут у Вільні. Будзе вывучаць беларускую і літоўскую мовы, і мы разам зь ім таксама будзем вучыць літоўскую. І заклікаю да гэтага ўсіх беларусаў, якія з палітычных прычын знайшлі прытулак у Літве».

Пытаньне ад сына Францішка
Пытаньне ад сына Францішка

На сустрэчы зь Севярынцам была часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене. Павал ад свайго імя, ад сваёй сям’і і прысутных беларусаў падзякаваў літоўскаму ўраду і простым грамадзянам краіны за дапамогу, якую атрымаў за час знаходжаньня ў Літве, за салідарнасьць зь беларусамі, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі.

Часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене
Часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене

Як Павал Севярынец паведаміў Свабодзе, ён рыхтуе да выданьня кнігу «Беларусь — гэта сьвятое», а таксама піша ўспаміны пра перажытае ў няволі.

Што да палітычнай дзейнасьці, то пакуль Севярынец застаецца сустаршынём аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, але не прадбачыць, якую зойме пазыцыю ў будучыні.

«Неўзабаве чакаецца важны сход. Партыя раскіданая, трэба сабрацца, а там паглядзім», — сказаў Павал Севярынец.

Павал Севярынец з сям'ёю
Павал Севярынец з сям'ёю

У канцы сустрэчы, якая доўжылася каля дзьвюх гадзін, Севярынец прачытаў напісаны ў вязьніцы верш пра зорку ў атачэньні хмараў, якая вядзе да Волі.

«Тут ня толькі пра волю як свабоду, пра волю як рашучасьць, але і пра Волю, маю цудоўную жонку», — патлумачыў былы палітвязень Севярынец.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG