Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Холад як катаваньне. Былыя палітвязьні расказалі, як пераносілі за кратамі маразы

Бабруйская калёнія нумар 2, ілюстрацыйнае фота
Бабруйская калёнія нумар 2, ілюстрацыйнае фота

Пра тое, як даводзілася перажываць халады ў беларускіх вязьніцах, Свабодзе расказалі пяць былых палітзьняволеных.

Вязень магілёўскай крытай турмы Аляксандар у пачатку лютага паведаміў сваякам, што мусіць спаць у куртцы, хоць батарэя ў камэры цёплая. Паводле яго словаў, праблема ў дзіравым акне, празь якое цягне холадам. Тэмпэратура паветра ў Магілёве 2 лютага была ўначы мінус 24 градусы, а ўдзень 16 градусаў марозу.

Калёнія № 2. «Бяруць грошы на рамонт, а цяплей не становіцца»

Былы палітвязень Сяргей (імя зьмененае з прычынаў бясьпекі) адбываў пакараньне ў 2,5 году ў ПК-2 у Бабруйску. Паводле Сяргея, холад у памяшканьнях — звычайная праблема для гэтай калёніі, бо недастаткова ўцепленыя будынкі, да таго ж звычайна ў спальных памяшканьнях адмыслова трымаюць адчыненымі некалькі вокнаў.

«Я нейкі час быў у 16-м атрадзе, які для пэнсіянэраў. Дык вось нават там і ў моцныя маразы ўдзень не дазвалялі зачыняць усе вокны. Казалі: каб было сьвежае паветра! На вуліцы мароз, а акно адчыненае. Прычым быць у ватоўцы таксама не дазваляюць. І, натуральна, людзі мерзьлі, пагатоў гаворка пра пэнсіянэраў, якія асабліва рухацца ня могуць. Ім было вельмі цяжка. Нават бывалі выпадкі — стары чалавек ня змог тэрмінова дайсьці да прыбіральні і абгадзіўся, дык яго дзяжурныя вядуць у пакой для ўмываньня і там, разьдзеўшы, мыюць халоднай вадой, а потым людзі прастуджаліся. Так было з адным пэнсіянэрам, былым лётчыкам. Атрымаў перадачу з дому, нечага паеў — і вось такі канфуз. Завялі, разьдзелі, памылі — і ён прастыў. Трапіў у бальнічку і там праз колькі дзён памёр! Нават такі выпадак быў на маіх вачах. Імя яго не запомніў, а вось мянушка была — Герой, бо былы лётчык. Такі лёс атрымаўся ў таго Героя», — расказаў Сяргей.

Паводле Сяргея, за два гады ягонага зьняволеньня ў бабруйскай калёніі яшчэ ня менш за сем разоў вязьні прастуджаліся ў моцныя маразы і траплялі ў лякарню, адкуль некаторыя не вярнуліся. У большасьці такіх выпадкаў Сяргею невядомы далейшы лёс гэтых пацярпелых ад маразоў людзей.

Сяргей падзяліўся асабістым сакрэтам, як яму ўдалося дадаткова ўцяпліцца і перажыць моцныя маразы.

«Асабліва халодна было на „промцы“, а ватоўка, якую там выдаюць, ад холаду не ратавала. Дык урэшце я схітрыў і змог з дапамогай сябра, які працаваў у швейным цэху, пашыць адну ватоўку зь дзьвюх, адну ў другой. Сам рабіў выкрайкі, а сябар сшываў, і гэтак удала атрымалася, што і лішніх швоў не было. Яшчэ і пад сьпіну дадатковае ўцяпленьне падклаў. Правяральнікі бачылі, што мая ватоўка ўдвая таўсьцейшая, але не маглі прычапіцца, мусілі прапускаць. Гэтым і ратаваўся. Ну, яшчэ гарбаты гарачай пап’еш, але таксама праз розныя хітрыкі, бо адкрыта рабіць кіпень там забаронена. Гэтак выжываў!» — згадаў свае прыгоды ў калёніі Сяргей.

Вялікай заганай парадкаў у калёніі Сяргей называе прымусовыя паборы зь вязьняў на рамонты ды іншыя паляпшэньні, ад якіх насамрэч карысьці няма.

«Нават з пэнсіянэраў патрабавалі ў розныя фонды пералічваць па 400–450 рублёў ледзь не штомесяц. Хто адмаўляўся, на таго моцна ціснулі, цкавалі, свае ж вязьні зьдзекаваліся. У тым ліку марозілі праз гэтыя адчыненыя вокны. Карацей, там усё пастаўлена на зьнішчэньне, дакладна», — мяркуе былы вязень ПК-2 Сяргей.

Калёнія № 15. «Зімовы абутак нават халаднейшы за летні»

З высновай Сяргея згодны былы палітвязень Андрэй Войніч, які 4 гады адбыў у калёніі № 15 пад Магілёвам.

«Увесь тэрмін я там спаў у шапцы, нават летам, бо вокны заўсёды расчыненыя, а нас, палітычных, адмыслова кладуць каля выхаду з сэкцыі, на скразьняку. Ня дзіва, што калі пачыналіся халады, не кажучы ўжо пра зіму, мы ўсе татальна хварэлі. Дагэтуль адчуваю наступствы тых халадоў на сваім здароўі», — прызнаўся Андрэй Войніч.

Былы палітвязень падрабязна прааналізаваў турэмную вопратку з гледзішча яе прыдатнасьці ў моцныя халады.

«Куртка і штаны пашытыя з матэрыялу, які мы называлі „шкло“. Зімой у іх холадна, улетку сьпякотна, бо тканіна чорная і дрэнна прапускае паветра. Гэтая вопратка, калі зрабіць зь яе скрутак, памесьціцца ў адной кішэні — такая тонкая тканіна. Нацельная бялізна, якую там выдаюць, таксама з танюсенькай бавоўны, цяпла яна амаль не трымае. Зімовы абутак халаднейшы за летні, бо кірзавы. У выніку ўвесь час мерзьнеш. У „актывістаў“ яшчэ ёсьць магчымасьць неяк уцяпляцца, нешта пададзець пад курткі і штаны, а ў палітычных такой магчымасьці няма, бо да іх чапляюцца кантралёры, таму мы мерзьлі заўсёды: на шыхтаваньнях, падчас рэгулярных прыбіраньняў, каля выганяюць з корпусу, у сталоўцы, нават у сваёй сэкцыі, бо там вокны заўсёды адчыненыя нібыта „дзеля праветрываньня“», — расказаў былы палітвязень.

Паводле Андрэя Войніча, часам дзяжурныя ахоўнікі ўлічвалі надвор’е і дазвалялі правесьці ранішнюю ці вечаровую праверку ў корпусе або праводзілі іх максымальна хутка, каб занадта не марозіць людзей, але гэтак было не заўсёды.

«Залежала ад дзяжурнай зьмены», — кажа Андрэй.

Андрэй Войніч заўважыў, што найбольш складана ў моцныя маразы вязьням, якія працуюць, бо іх штодня выводзяць у прамысловую зону, а праз гэта дадаецца яшчэ 4 праверкі, кожная прыкладна па 40 хвілін.

«Атрымліваецца, што за дзень амаль тры гадзіны стаіш на холадзе. Ды і ў самім цэху было ня лепш: памяшканьне вялікае, ацяпленьне ўнутры вельмі слабое. Сагрэцца магчыма толькі рухаючыся. Ёсьць яшчэ нейкія спосабы сагрэцца, але расказаць пра іх не магу, каб не падстаўляць тых, хто там застаўся», — сказаў Андрэй Войніч.

Пры гэтым, паводле былога палітвязьня «пятнашкі», самая халодная ноч для яго была ня ўзімку, а ў кастрычніку. Гэта было ў 2021 годзе, неўзабаве пасьля таго, як Андрэй трапіў у калёнію і атрымаў першыя 5 дзён ШЫЗА (штрафнога ізалятару). Былы палітвязень кажа, што на трэцюю ноч ледзь не адубеў.

«Прачынаюся ад дзікага холаду: на нагах ляжыць сьнег, вады ў кране няма, бо замёрзла. Там акно не зачынялася, а зіма пачалася рана», — згадаў Андрэй Войніч.

Паводле зьвестак Андрэя Войніча, у зіму 2020–2021 гадоў у карантыне гэтай калёніі ад холаду прастыў і памёр вязень. Пра гэтую трагедыю былому палітвязьню расказалі сябры зь дзявятага атраду, у якім ён адбываў пакараньне.

Калёнія № 17 і турма № 1. «Холад як спосаб катаваньняў»

Былы палітвязень Павал Севярынец да пераводу ў горадзенскую турму амаль два гады адбыў у шклоўскай калёніі № 17. Успаміны Паўла пра часы маразоў паказваюць, што ў гэтай калёніі сытуацыя нічым не адрозьнівалася.

«Пакуль сядзеў у ШЫЗА і ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу. — РС) у Шклове, там у абед насілі таблеткі, бо прастуды былі праз аднаго. Некалькі чалавек з запаленьнем лёгкіх толькі ў першай палове 2023 году адпраўлялі з ШЫЗА ў бальнічку. Відаць, здараліся і сьмяротныя выпадкі. Насупраць нашага 17-га атраду знаходзіўся пэнсіянэрскі атрад № 16, дык адтуль не аднойчы ўзімку вывозілі трупы. Праўда, ад чаго сьмерць — дакладна ня ведаю, але ясна, што халады дадаюць», — расказаў Павал Севярынец пра шклоўскую калёнію.

Паводле Севярынца, цяжэй за ўсё асабіста яму было пераносіць маразы ў ШЫЗА.

«Там надзець даюць толькі штаны і накідку без каўняра, на нагах — тапкі. Вакно раніцай адчыняюць на праветрываньне, потым стаіш падчас праверкі каля сьцяны на скразьняку. Гэта сапраўднае катаваньне холадам. Ноччу можна ўратавацца толькі фізычнымі практыкаваньнямі, але гледзячы хто дзяжурны. Могуць і пратакол скласьці, а потым за тры гадзіны да вызваленьня даць яшчэ 10 содняў ШЫЗА. Такі квэст на выжываньне, безь перабольшаньня. У мяне там пачаліся праблемы з суставамі, з страўнікам», — расказаў Павал Севярынец, як перажываў маразы ў ШЫЗА.

Кажа, што ратавалі валявы настрой, фізычныя практыкаваньні, а яшчэ — прыбіраньне штовечар.

«Абавязкова пад ноч праціраў анучай умывальнік і ўсе паверхні, каб не было вільгаці. Бо ад вільгаці ноччу дадатковы холад», — падзяліўся досьведам Павал Севярынец.

У шклоўскай калёніі палітвязьня вадзілі на дрэваапрацоўку. Паводле Севярынца, большасьць часу вязьні мусілі бесьперапынна працаваць на двары, кантралёры сачылі, каб яны не хаваліся ад холаду ў памяшканьні. Але ў вялікія маразы бывала, што правіла парушалася і ахоўнікі заплюшчвалі на гэта вочы.

«Калі ўсе захварэюць, дык хто будзе працаваць? Яны гэта таксама разумелі і часам да нас не чапляліся. Яшчэ бывала, што мы грэліся гарбатай. Падключымся да электрасеткі праз самаробны кіпяцільнік — вось табе і гарбата», — згадаў Павал Севярынец, як вязьні ратаваліся ад маразоў на «промцы» ў шклоўскай калёніі.

Што да горадзенскай турмы, дык там, паводле Севярынца, зімы перажываюцца крыху лягчэй, бо клімат у Горадні мякчэйшы. Але скразьнякі ў камэрах і калідорах старой турмы дадавалі праблемаў. Там таксама, паводле Севярынца, холад застаецца правераным спосабам катаваньняў.

«Зьмесьцяць аднаго ў камэру на чатырох вязьняў — і хоць крыкам крычы ад холаду. Калі камэра поўная, дык заўважна цяплей, а тут нічога ня зробіш. 9 месяцаў у такіх умовах былі, можа, найцяжэйшым для мяне выпрабаваньнем», — прызнаецца Павал Севярынец.

Калёнія № 1. «Была ледзь ня бойка за шуфлі, каб прыбіраць сьнег і сагрэцца»

Мікалай (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) адбыў больш за 3 гады ў калёніі № 1 у Наваполацку, адкуль выйшаў на волю амаль год таму. Паводле Мікалая, ён з 2021 году ня памятае ніводнай зімы, каб не даводзілася па-сапраўднаму мерзнуць.

«Ды ўвесь час мерзьнеш. Большасьць часу за дзень — на паветры. Або стаіш і мерзьнеш, або ходзіш па „промцы“, але зімой гэта таксама суцэльны холад», — сказаў Мікалай.

Былы палітвязень успомніў, як праз моцныя маразы на «промцы» адбыўся канфлікт паміж вязьнямі.

«Сьнег выпаў, а проста так хадзіць, каб сагрэцца, не дазваляюць. Дык ледзь не пабіліся за тое, каб займець шуфаль і чысьціць сьнег», — згадаў Мікалай.

Паводле Мікалая, тады памарожаныя на «промцы» пальцы і цяпер на холадзе сінеюць і баляць.

«Трэба выносіць з двору драўніну, а яна цалкам запарушаная сьнегам. Ты ў рукавіцах, паступова ў іх набіваецца сьнег, рукавіцы макрэюць, потым замярзаюць, і пальцы — сінія і распухлыя як сасіскі. І гэтак штодня. І вось дагэтуль — як крыху пабудзеш на марозе, скура трэскаецца».

З калёніі Мікалай прывёз таксама гісторыю пра пацярпелага ад маразоў вязьня-пэнсіянэра.

«У наваполацкай калёніі атрад пэнсіянэраў называлі атрадам „вікінгаў“. Чаму — ня ведаю, але факт, што туды цяпло даходзіла ў апошнюю чаргу і батарэі там былі заўсёды халаднейшыя. І вось пры мне ўжо здарылася, што вязень з гэтага атраду дрэнна пачуваўся — можа праз холад, не прыйшоў на абед і яго за гэта пакаралі, адправілі ў ШЫЗА. Пасьля ён захварэў і ў бальнічцы памёр. Гэта я дакладна ведаю», — расказаў былы палітвязень ПК № 1 Мікалай.

Сьмерць гэтага вязьня пэнсійнага ўзросту з прозьвішчам Ж. (цалкам прозьвішча вядомае рэдакцыі) пацьвердзіў і былы зьняволены Алег (імя зьмененае з прычын бясьпекі), які таксама адбываў пакараньне ў калёніі № 1. Паводле Алега, трагедыя адбылося ў лютым 2023 году.

«Праз узрост і хваробы гэты Ж. быў у вельмі кепскім, нават неадэкватным стане. Сядзеў у ШЫЗА, у 10-й камэры, у самыя маразы,. Пасьля ШЫЗА дакладна памёр, але ня ведаю, ад чаго менавіта», — паведаміў пра памерлага вязьня былы палітзьняволены Алег.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG