У Менску ў 2025 годзе крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт стала больш, чым звычайных

Ілюстрацыйны здымак

Менскія злодзеі перайшлі ў анлайн і ўвесь час удасканальваюць спосабы выманьваньня грошай.

У Менску ў 2025 годзе колькасьць крадзяжоў праз тэлефон і інтэрнэт перавысіла іх колькасьць па лініі крымінальнага вышуку, заявіў міліцэйскаму выданьню «На страже» начальнік УУС Менскага гарвыканкаму Міхал Грыб.

Паводле ягоных слоў, структура злачыннасьці памянялася. Прычым палова з злачынстваў у сеціве — пакупка неіснуючых тавараў у фэйкавых онлайн-крамах.

Як заявіў Грыб, махляры ўвесь час удасканальваюць спосабы выманьваньня грошай у даверлівых грамадзян. Так, пад відам замены дамафону яны нядаўна выманілі ў 48-гадовай жыхаркі Менска 490 тысяч рублёў — жанчына аддала махлярам свае ашчаджэньні і грошы за прададзены аўтамабіль.

Ён прывёў некалькі іншых апошніх прыкладаў дзейнасьці віртуальных махляроў.

Нядаўна махляры інсцэніравалі крадзеж дзіцяці ў маці, каб выманіць грошы. Іншыя ў падлеткаў прасілі прыслаць геалякацыю, а потым палохалі прылётам бомбы. 43-гадовы мянчук «даверліва выконваў распараджэньні незнаёмцаў з тэлефоннай трубкі», бо думаў, што дапамагае Камітэту дзяржкантролю.

Усяго ж, паводле Грыба, штодзённа менчукі паведамяць у міліцыю пра 200 выпадкаў, у якіх, як яны падазраюць, задзейнічаныя махляры.

Тэлефонныя махляры выступаюць ад імя сілавых структураў

Як паведаміў раней прадстаўнік менскай міліцыі Віталь Сарока, нядаўна 18-гадовую дзяўчыну падманулі, паабяцаўшы «добрую характарыстыку з КДБ». Яе прымусілі забраць 5 тысяч даляраў у яшчэ аднаго менчука, 87-гадовага пэнсіянэра. Усю суму яна на таксоўцы адвезла наступнаму курʼеру, думаючы, што зарабляе сабе добрую характарыстыку ад КДБ.

Махляры таксама выкарыстоўваюць і дзяцей, запалохваюць тым, што «бацькоў пасадзяць, а цябе аддадуць у дзіцячы дом».

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, малады чалавек зь Сьветлагорску паверыў махлярам і вырашыў «супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнага кантролю».

У Нясьвіжы зламысьнікі выдавалі сябе за супрацоўнікаў КДБ, банку і пошты і пагражалі грамадзянам крымінальным перасьледам за «спрыяньне тэрарызму».

У іншым выпадку малады чалавек, упэўнены, што стаў «рэгіянальным прадстаўніком КДБ», забраў нібыта «на праверку» 84 тысячы рублёў у браслаўскай пэнсіянэркі.

У Менску фіктыўны «супрацоўнік Сьледчага камітэту» прымусіў пэнсіянэра аддаць ашчаджэньні кур’еру, якая сама думала, што дапамагае пэнсіянэрам з інваліднасьцю «унікнуць крымінальнага перасьледу», перадаваў тэлеграм-канал МУС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Махляры з фальшывых сайтаў нібыта беларускай мытні пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлектСілавікі заявілі, што спынілі працу некалькіх незаконных кол-цэнтраў у Менску, затрымалі 55 чалавекМахляры выманьваюць грошы, абяцаючы добрую характарыстыку ад КДБ і пагражаючы крымінальным перасьледамТэлефонныя махляры пераключыліся на дзяцей, пагражаюць ператрусам і арыштам бацькоўМахляры знайшлі яшчэ адзін спосаб выманьваць грошы ў беларусаў, прапануюць дапамогу ў атрыманьні візаўМахляры ў Беларусі выманьваюць грошы, пагражаючы ахвярам вобшукамі і крымінальнымі справаміМіліцыянты склалі сьпіс найбольш распаўсюджаных фразаў, якімі карыстаюцца махляры