Як канфлікт на Блізкім Усходзе адаб’ецца на кожным беларусе, Ганна Соўсь абмяркоўвае ў «ПіКу Свабоды» з прадстаўніцай Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў справах эканомікі Алісай Рыжычэнкай і эканамічным аглядальнікам Андрэем Махоўскім.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
00:00 Уступ: вайна на Блізкім Усходзе і Беларусь
0:55 Ці ўжо адчулі беларусы наступствы
2:50 Кошты: што падаражэе ў найбліжэйшы час
6:02 Хто страціць больш: улады, бізнэс ці людзі
9:13 Ці выйграе Беларусь ад дарагой нафты Расеі
15:21 Блізкі Ўсход як важны хаб для экспарту паліва зь Беларусі
16:32 Астравецкая АЭС: выратаваньне ці новая залежнасьць
19:55 Чаму стаў зноў актуальным пошук «дармаедаў»
Тут фрагмэнты гутаркі
— Іран і ЗША дасягнулі замірэньня на два тыдні. Трамп прыняў прапанову Ірана і прыпыніў бамбардзіроўкі. Тэгеран пагадзіўся адкрыць Армускую пратоку. Цэны на нафту на сусьветным рынку ў сувязі з паведамленьнямі аб перамір'і ўпалі больш як на 10%. Ці ўжо адчулі беларусы эканамічныя наступствы канфлікту на Блізкім Усходзе, ці гэта пакуль адкладзены эфэкт?
Belarus Alisa Ryzhychenka
Аліса Рыжычэнка: Беларусы ўжо адчуваюць наступствы, перадусім праз рост коштаў на паліва. Але асноўны эфэкт будзе крыху пазьней — з лагам у некалькі тыдняў або нават да трох месяцаў. Бо паліва даражэе хутка, а рост коштаў на іншыя тавары, у сабекошт якіх яно ўваходзіць, становіцца прыкметным пазьней.
Андрэй Махоўскі
Андрэй Махоўскі: Так, кошты на паліва сапраўды вырасьлі. Але гэта не зусім наўпроставая сувязь з падаражаньнем нафты. У Беларусі кошты павышаюцца таму, што «Белнафтахім» страчвае даходы ад экспарту і кампэнсуе іх за кошт унутранага рынку. Раней важным хабам былі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, але з прычыны праблем з лягістыкай кампанія вымушаная перабудоўвацца і павышае цэны.
— На якія тавары і паслугі найбольш паўплывае рост коштаў?
Аліса Рыжычэнка: Перш за ўсё — на паліва і транспартныя тарыфы. Далей — на харчовыя тавары, асабліва імпартныя: садавіну, гародніну. Усё, што патрабуе транспарту і энэргіі, будзе даражэць. Фактычна рост закране амаль усе імпартныя тавары.
— Ці можа гэта паўплываць на курс беларускага рубля?
Андрэй Махоўскі: Пакуль я не бачу сур’ёзных падстаў для гэтага. Кароткатэрміновы канфлікт ня мае істотнага ўплыву. Тэарэтычна, калі вайна зацягнецца, імпарт падаражэе, што пагоршыць гандлёвы балянс і можа націснуць на рубель. Але Нацбанк мае дастатковыя рэзэрвы, каб згладзіць ваганьні. Уплыў магчымы хутчэй ускосна — праз расейскі рубель.
— Праз Армускую пратоку водным шляхам праходзіць каля 20% нафты і газу, здабытых у сьвеце. Ці мае значэньне Армуская пратока для беларускай лягістыкі?
Аліса Рыжычэнка: Частка беларускай лягістыкі, у тым ліку па калійных угнаеньнях, сапраўды зьвязаная з гэтым рэгіёнам, але яна невялікая. Значна важней тое, што крызісы такога маштабу ўплываюць на ўсю глябальную лягістыку. Нават калі канфлікт заканчваецца, геапалітычныя рызыкі застаюцца і закладваюцца ў кошт перавозак, страхаваньня і іншых тарыфаў. У выніку даражэе ўся лягістыка, якая праходзіць праз гэты рэгіён, бо ў коштах ужо ўлічваецца магчымасьць паўтарэньня канфлікту. Гэта азначае, што зьмяняюцца самі правілы гульні: лягістыка становіцца даражэйшай і больш рызыкоўнай. І ўсё, што датычыцца беларускага экспарту, які так ці інакш зьвязаны з гэтым маршрутам, таксама будзе мець вышэйшы сабекошт.
Андрэй Махоўскі: Я б не зусім пагадзіўся. Праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты праходзіў вельмі важны для Беларусі хаб — перадусім для экспарту нафтапрадуктаў, такіх як бэнзін і дызэль. Фактычна гэтыя прадукты траплялі туды, а затым ужо ішлі далей на рынкі Азіі і Афрыкі. Гэта дазваляла прадаваць іх зь меншымі рызыкамі санкцый. Таму сытуацыя вакол рэгіёну выклікае такую занепакоенасьць. Будзе дрэнна, таму што 3.6 мільярды — гэта быў беларускі экспарт у Эміраты. Пры гэтым больш за 80%, а можа і пад 90%, гэта менавіта паліва, менавіта экспарт беларускага бэнзіну, дызэлю, мазута. А ён і так пацярпеў там з прычыны ўдараў па расейскіх портах.
— Ці можа Астравецкая АЭС стаць больш выгаднай для Беларусі на фоне росту коштаў на нафту і глабальнай нестабільнасці?
Аліса Рыжычэнка:На сёньняшні дзень беларуская АЭС можа вырабляць каля 40% унутранага спажываньня электраэнэргіі ў краіне. Аднак застаецца шмат пытаньняў: чаму не працуюць адначасова ўсе рэактары, што адбываецца са станцыяй і чаму не выбудавана належная інфраструктура, каб гэтая электраэнэргія ў поўным аб’ёме даходзіла да спажыўца. З аднаго боку, наяўнасьць уласнай АЭС — гэта плюс, бо яна дазваляе не выкарыстоўваць вялікія аб’ёмы газу ці нафты для вытворчасьці электраэнэргіі. Але з іншага боку, узьнікаюць сур’ёзныя пытаньні да эфэктыўнасьці яе працы. Акрамя таго, гэта ня столькі энэргетычная незалежнасьць, колькі новая форма залежнасьці — ад Расеі. Менавіта Расія пабудавала станцыю, выдала на гэта вялікі крэдыт, абслугоўвае абсталяваньне і пастаўляе ядзернае паліва. У выніку залежнасьць пераносіцца з нафты і газу на атамную энэргетыку.
Андрэй Махоўскі: Калі лічыць кошт атамнай электраэнэргіі, то тэарэтычна яна павінна быць таньнейшай за іншыя віды. Аднак неабходна ўлічваць і выдаткі на крэдыты, якія Беларусь узяла на будаўніцтва станцыі і цяпер павінна вяртаць. Паводле разьлікаў, атамная электраэнэргія ўжо каштуе даражэй, чым электраэнэргія з беларускіх традыцыйных ТЭЦ — менавіта праз неабходнасьць абслугоўваць гэтыя даўгі. Першапачаткова АЭС разглядалася як экспартны праект: меркавалася, што Беларусь будзе прадаваць электраэнэргію ў Літву. Аднак гэты плян не рэалізаваўся. У выніку станцыя аказалася залішняй для ўнутраных патрэб — праект, разьлічаны «на выраст», але без адпаведнага попыту.
— Хто найбольш пацярпіць, калі крызіс на Блізкім Усходзе зацягнецца?
Аліса Рыжычэнка: Перш за ўсё — хатнія гаспадаркі. Таксама пацярпіць малы і сярэдні бізнэс, бо ўмовы рэгуляваньня коштаў не дазваляюць перакласьці рост выдаткаў на спажыўцоў. Улады ж маюць больш інструмэнтаў, каб зьмякчыць наступствы.
Андрэй Махоўскі: Звычайна больш за ўсё церпяць людзі — гэта агульнае правіла. Улады перакладаюць выдаткі на насельніцтва. Асаблівых выгод для Беларусі ад гэтага канфлікту я не бачу. Наадварот — страты, у тым ліку з прычыны праблем з экспартам праз Эміраты і росту сусьветных коштаў.
— Ці ёсьць для Беларусі нейкія ўскосныя плюсы ад росту нафтавых даходаў Расеі?
Аліса Рыжычэнка: Толькі ўскосна. Калі канфлікт будзе доўгім і кошты на нафту застануцца высокімі, гэта можа павялічыць даходы Расеі і, адпаведна, попыт на беларускія тавары.
Андрэй Махоўскі: Згодны, але гэта магчыма толькі пры працяглым пэрыядзе высокіх коштаў. Пакуль гэтага недастаткова, каб істотна зьмяніць сытуацыю.
— Ці здольная Беларусь выкарыстоўваць такі крызіс на сваю карысьць?
Аліса Рыжычэнка: Не. Для гэтага патрэбныя адкрытыя рынкі, доступ да капіталу і гнуткая эканоміка. У Беларусі гэтага няма праз санкцыі, таму краіна хутчэй перажывае крызіс, чым выкарыстоўвае яго.
— Як зьмяняецца і будзе мяняцца энэргетычны рынак праз вайну на Блізкім Усходзе і дзе ў ім месца Беларусі?
Андрэй Махоўскі: Калі кошты на нафту будуць занадта высокія, гэта можа прывесьці да глябальнага спаду, як у 2008 годзе. Попыт зьнізіцца, і кошты зноў пойдуць уніз, але праз крызіс.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.