Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынак турбуе няпэўнасьць. Як вайна ў Іране ўплывае на цану нафты?

Пажар у нафтавай прамысловай зоне пасьля перахопу бесьпілётніка сыстэмамі супрацьпаветранай абароны. Фуджайры, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, 4 сакавіка 2026
Пажар у нафтавай прамысловай зоне пасьля перахопу бесьпілётніка сыстэмамі супрацьпаветранай абароны. Фуджайры, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, 4 сакавіка 2026

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп плянуе разгледзець шэраг магчымых захадаў па стрымліваньні цэнаў на нафту на фоне вайны ў Іране.

Пра такія намеры Дональда Трампа паведамляе Reuters, спасылаючыся на тры крыніцы.

З-за вайны на Блізкім Усходзе цэны за тыдзень падскочылі да самага высокага ўзроўню з 2022 года. Дональд Трамп упершыню за некалькі месяцаў пагаварыў з Уладзімірам Пуціным па тэлефоне, піша Настоящее Время.

«Вядома, мы гаварылі аб Блізкім Усходзе. Ён хоча быць карысным. Я сказаў, што ён мог бы быць яшчэ больш карысным, калі б завяршыў вайну паміж Украінай і Расеяй. Гэта было б больш карысна. Але ў нас была вельмі добрая размова. Яны хочуць дзейнічаць вельмі канструктыўна», — адзначыў Трамп.

Пасьля гэтай размовы прэзыдэнт ЗША заявіў журналістам, што яго адміністрацыя, магчыма, здыме санкцыі з некаторых краін «у рамках намаганьняў па стабілізацыі нафтавага рынку» з-за вайны з Іранам. Але ён адмовіўся паведаміць, ці будуць гэта санкцыі, якія былі накладзеныя на Расею за вайну ва Ўкраіне.

«У нас дзейнічаюць санкцыі супраць некаторых краін. Мы зьбіраемся зьняць гэтыя санкцыі да таго часу, пакуль сытуацыя ў (Армускім) праліве не стабілізуецца», — сказаў Трамп.

Раней ЗША ўжо аб’явілі аб абмежаваных выключэньнях з санкцый супраць Расеі. Вашынгтон выдаў Індыі дазвол на набыцьцё расейскай нафты, якая знаходзіцца ў танкерах, што адносяцца да «ценявога флёту», у моры, на 30 дзён.

Дональд Трамп растлумачыў, што яго краіна адмяняе санкцыі на нафту супраць некаторых дзяржаў для стабілізацыі сытуацыі на рынку нафты.

«А потым хто ведае, магчыма, нам і не давядзецца іх зноў уводзіць», — адзначыў ён.

Нявызначанасьць застаецца

Пасьля таго, як цэны на нафту маркі Brent падвысіліся да $120 за барэль, Дональд Трамп заявіў аб хуткім завяршэньні вайны ў Іране. Паводле яго слоў, асноўныя цэлі паражаныя, а кампанія ідзе з апярэджаньнем графіку. Хоць раней Трамп казаў, што апэрацыя працягнецца тры-чатыры тыдні.

«Усё гэта ня вельмі абнадзейвае, — кажа прафэсар Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту Аляксандр Астроў. — Па сутнасьці, Трамп сказаў, што вайна скончыцца тады, калі ён вырашыць. Гэтак жа сама, як і пачалася. Гэта ня вельмі добрая навіна, таму што хочацца, каб былі больш выразна вызначаныя ўмовы і прынцыпы, і цэны на нафту стабілізаваліся б значна хутчэй.

Рынак заўсёды турбуе нявызначанасьць. І вось такія заявы гэтую нявызначанасьць узмацняюць. Таму што Трамп кажа: „Можна разумець так, а можна гэтак“. А рынку трэба, каб, калі дзейнічаць па паняцьцях, то каб гэтыя паняцьці былі больш-менш дакладна вызначаныя. Тады рынак супакоіцца».

Сцэнары разьвіцьця сытуацыі

Расея ўжо атрымлівае выгаду ад вайны на Блізкім Усходзе.

«Цана нафты вырасла, а гэта азначае павелічэньне экспартнай выручкі для Расеі», — кажа эканамістка Венскага інстытута міжнародных адносін Вольга Піндзюк.

Яна называе малаверагоднай магчымасьць аднаўленьня гандлю Расеі з ЭЗ:

«Калі ня будзе нейкіх доўгатэрміновых катаклізмаў на рынку нафты, калі вайна ў Іране працягнецца толькі невялікі пэрыяд часу, як Трамп зараз заяўляе, то, думаю, што сытуацыя на рынку нафты стабілізуецца. Калі б не падзеі апошніх тыдняў — напады на Іран і блякаваньне Армускага праліву, то структурная доўгатэрміновая тэндэнцыя паказвае, што ў сьвеце цяпер перавытворчасьць нафты, то бок цэны на нафту праз невялікі пэрыяд часу павінны зьнізіцца».

З такой думкай згодны і аналітык нафтагазавага рынку Барыс Аранштэйн.

«Чэргаў за расейскай нафтай і нафтапрадуктамі няма, — адзначыў ён у інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода. — Хоць выпадзеньне з сусьветнага гандлёвага балянсу 10-12 мільёнаў барэляў нафты ў суткі прывяло да таго, што на рынку стварыўся дэфіцыт».

Але аналітыкі мяркуе, што ён не прадыктаваны фундамэнтальнымі эканамічнымі абставінамі, такімі як і аналягічныя шокі, якія адчувала галіна падчас вайны Суднага дня, калі цана на нафту падскочыла ў чатыры разы, і падчас іранскай рэвалюцыі 1979 году.

«Я ўсё ж спадзяюся, што рэалізуецца мяккі сцэнар, пры якім нафта будзе вагацца ў дыяпазоне ад $90 да $100 за барэль, — працягвае Барыс Араштэйн. — Цяпер доля энэргарэсурсаў у агульным сусьветным ВУП складае 3,5 працэнта. Гэта яшчэ дастаткова камфортны ў узровень для сусьветнай эканомікі ў цэлым. Сярэдні сцэнар — гэта практычна поўнае закрыцьцё Армускага праліву і інтэнсіўныя ўдары па нафтагазавых структурах арабскіх краін. У гэтым выпадку кошты на нафту могуць перавысіць $150 за барэль. Самы сумны сцэнар, зьвязаны з поўнай блякадай Армускага праліву, можа выказацца ў цэнах на нафту вышэй за $200 за барэль. Тут ужо будзе гарантаваны глябальны эканамічны крызіс».

Папераджальны сыгнал?

Вайна ЗША і Ізраіля супраць Ірана доўжыцца ўжо больш за тыдзень. Цяпер зьяўляюцца паведамленьні, што Вашынгтон застаўся незадаволены ізраільскім ударам па іранскім нафтавым абʼекце, пасьля якога на Тэгеран праліўся «чорны дождж».

Міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт заявіў, што ўдар па нафтавых абʼектах «не абавязкова быў нашай мэтай». Аднак ён адмаўляе, што Ізраіль уцягвае Злучаныя Штаты ў апэрацыі, якія супярэчаць інтарэсам Вашынгтона: «Нас ніхто нікуды не ўцягвае. Мы вядзем, прэзыдэнт вядзе».

Памочнік прадстаўніка Рэспубліканскай партыі, які пажадаў застацца ананімным, адзначыў:

«Зьнішчэньне нафтавых радовішчаў можа разгойдаць энэргетычныя рынкі. Ізраіль разглядае гэта як спосаб пазбавіць Іран магчымасьці фінансаваць вайну, але для ЗША існуе рызыка ўцягнуць сусьветную эканоміку ў гэты канфлікт. Гэта тактычная перамога са стратэгічнымі стратамі».

Раней сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм напісаў: «Калі ласка, будзьце асьцярожныя з тым, якія цэлі вы выбіраеце». Ён дадаў, што нафтавая эканоміка будзе вельмі важная для аднаўленьня Ірану.

Аднак былы чалец Рады нацыянальнай бясьпекі Ізраілю Ёэль Гузанскі заявіў, што ўдары па іранскай нафтавай інфраструктуры былі старанна разьлічаным папераджальным сыгналам.

«І ЗША, і Ізраіль вельмі асьцярожныя. Яны не бʼюць па асноўных нафтавых абʼектах Ірана, таму што разумеюць, што адказ можа быць па краінах Пэрсідзкай затокі. Тады мы ўбачым зусім іншы сцэнар, — сказаў Гузанскі.— Іран нават не падрапаў нафтавыя і газавыя радовішчы ў Затоцы. Магчыма, Іран пакідае гэта як наступны крок эскаляцыі на шляху да больш працяглай вайны», — дадаў ён.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

XS
SM
MD
LG