Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Расея хоча заставацца ў добрых стасунках з ЗША, навошта дапамагаць Ірану атакаваць амэрыканскія войскі?

Іранскія бесьпілотнікі ўдарылі па тэрыторыі амбасады ЗША ў Эр-Рыядзе

Праз два дні пасьля таго, як ЗША і Ізраіль пачалі маштабную паветраную кампанію супраць Ірану, амбасада ЗША ў Эр-Рыядзе, што месьціцца за 400 кілямэтраў ад Пэрсыдзкай затокі, была атакаваная двума іранскімі бесьпілётнікамі.

Паводле Міністэрства абароны Саудаўскай Арабіі і самой амбасады, у выніку нападу ніхто не пацярпеў, а ў будынку ўзьнік «абмежаваны пажар» і нанесеная «нязначная матэрыяльная шкода», піша аўтар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Майк Экель.

Больш значнай была відавочная цэль: офіс ЦРУ ў Саудаўскай Арабіі. З пачатку вайны 28 лютага Іран адказаў усё большай колькасьцю атак на амэрыканскія вайсковыя аб’екты — у Кувэйце і Бахрэйне — бесьпілётнікамі і ракетамі, а таксама на вядомыя аб’екты ў іншых краінах — хмарачосы і аэрапорт Дубаю; апрасьняльныя заводы ў Бахрэйне і Аб’яднаных Арабскіх эміратах.

Але для ўдару па гэтых цэлях патрабуецца няшмат зьвестак ад вайсковай выведкі. Тэгеран таксама наносіў удары па адчувальных цэлях, якія, па словах экспэртаў, Іран ня мог бы вызначыць без канкрэтнай выведкі. І гэта нешта такое, што Расея магла б з задавальненьнем даць.

Маштаб выведвальных даных, якія, паводле слоў амэрыканскіх чыноўнікаў, Масква перадае Тэгерану (пра што ўпершыню паведаміла The Washington Post), незразумелы. Газэта напісала, што Масква перадала іранцам каардынаты амэрыканскіх вайсковых актываў на Блізкім Усходзе і ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі, у тым ліку вайсковых караблёў і самалётаў. Тры амэрыканскія чыноўнікі пацьвердзілі паведамленьне The Washington Post для Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, але адмовіліся паведаміць больш падрабязную інфармацыю.

Акрамя амбасады ЗША ў Эр-Рыядзе, сярод іншых адчувальных цэляў, па якіх Іран пацэліў з пачатку кампаніі 28 лютага — складнікі высокатэхналягічнай сыстэмы абароны на вялікай вышыні (THAAD), якія выкарыстоўваюцца як амэрыканскімі аб’ектамі, так і аб’ектамі саюзьнікаў, такіх як Саудаўская Арабія, Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Расея, праўдападобна, абменьваецца зьвесткамі электроннай выведкі — радарнымі сыгналамі, радыёхвалямі — і «інфармацыяй аб дынамічным цэлеўказаньні ў рэжыме сапраўднага часу» — канкрэтнай інфармацыяй, якая дазваляе запускаць бесьпілётнікі і ракеты ў хуткім рэжыме папярэджаньня, заявіла Ніколь Граеўскі, дасьледніца Ірану ў францускім дасьледчым унівэрсытэце Sciences Po.

Паводле яе слоў, верагодна, у гэтыя даныя ўключаецца й ацэнка нанесенай шкоды: як выглядае месца пасьля таго, як у яго трапіў бесьпілётнік або ракета, каб можна было вызначыць, наколькі эфэктыўнай была атака.

У Ірана ёсьць толькі некалькі спадарожнікаў, здольных адлюстраваць дакладныя выявы для вайсковых цэляў. Расея мае большую і складанейшую сетку спадарожнікаў за Тэгеран, хоць і значна менш магчымасьцяў за Злучаныя Штаты. Але Іран, як і Расея, таксама можа атрымліваць выявы ад камэрцыйных пастаўнікоў спадарожнікавых паслуг, чые агульнадаступныя выявы рэзка набылі папулярнасьць за апошняе дзесяцігодзьдзе.

«Наколькі я разумею, прычына, зь якой расейцы робяць гэта, як мінімум у тым, каб падоўжыць ваенныя дзеяньні, адцягнуць увагу Злучаных Штатаў і Ізраілю, — сказала Граеўскі.— Яны бачаць, што Іран перажывае падобную сытуацыю, што і Расея ва Ўкраіне, дзе Злучаныя Штаты і, магчыма, іншыя краіны NATO далі падрабязную інфармацыю аб нацэльваньні ўкраінскім войскам», — дадала яна.

Іншымі словамі, калі Расея зможа прымусіць Вашынгтон яшчэ больш скараціць свае арсэналы зброі, атакуючы Іран, гэта будзе азначаць менш сыстэмаў узбраеньня, даступных Украіне: напрыклад, сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot, якія так патрэбныя Кіеву.

Гэтая магчымасьць не засталася незаўважанай Каяй Калас, кіраўніцай замежнапалітычнага ведамства Эўрапейскага зьвязу, якая правяла паралель паміж абменам выведнай інфармацыяй паміж Расеяй і Іранам і канфліктам ва Ўкраіне.

«Паведамленьні аб тым, што Масква і Тэгеран працуюць разам, каб зьнішчыць амэрыканскіх жаўнераў, не павінны быць нечаканасьцю, — сказала яна 9 сакавіка. — Украіна, зь іншага боку, прапануе дапамогу ў абароне амэрыканцаў і нашых партнэраў у Пэрсыдзкай затоцы. Адно гэта павінна сказаць вам, хто вашыя сябры», — дадала яна.

«Спадзяюся, што не»

Чыноўнікі адміністрацыі ЗША, у тым ліку прэзыдэнт Дональд Трамп, не пацьвердзілі гэтыя паведамленьні. Пасланец Белага дома Стыў Уіткаф, які меў шырокія кантакты з чыноўнікамі Крамля, у тым ліку з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, сказаў, што засьцярог расейскіх калег ад перадачы Ірану такой інфармацыі.

«Спадзяюся, што не», — сказаў Уіткаф, калі яго спыталі, ці ёсьць у яго доказы таго, што Масква перадае Ірану інфармацыю аб цэлях.

Расея адмаўляла гэта падчас тэлефоннай размовы паміж Трампам і Пуціным напярэдадні, заявіў Уіткаф каналу CNBC 10 сакавіка.

Ганна Баршчэўская, дасьледніца Вашынгтонскага інстытуту блізкаўсходняй палітыкі — амэрыканскага аналітычнага цэнтру, заявіла, што ў пэрыяд падрыхтоўкі да вайны многія назіральнікі засяроджваліся на тым, ці мае намер Расея выратаваць іранскі рэжым.

«Але яны ніколі не зьбіраліся гэтага рабіць, — сказала Баршчэўская. — І насамрэч, я ня думаю, што сам іранскі рэжым чакаў гэтага ад Расеі. Хутчэй за ўсё, Расея праявіла б стрыманасьць і публічна заяўляла б пра сябе як пра пасярэдніка, прыватна падтрымліваючы Іран і шукаючы магчымасьцяў атрымаць выгаду з гэтага крызісу», — сказала яна.

«Менавіта гэта Расея цяпер і робіць — абмен выведнымі данымі. Расея не зьбіралася прапаноўваць Ірану непасрэдную вайсковую дапамогу, бо ня хоча ваяваць са Злучанымі Штатамі ці Ізраілем. Гэта не на карысьць Расеі, — дадала Баршчэўская. — Але Расеі выгадна шукаць ускосныя спосабы падарваць амэрыкана-ізраільскую ваенную кампанію».

Яшчэ адзін намёк на тое, што Расея можа падзяліцца канфідэнцыйнымі выведнымі зьвесткамі з Іранам, ёсьць у пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве, якое было падпісана дзьвюма краінамі летась. У адным з пунктаў канкрэтна згадваецца абмен данымі выведак.

Акрамя бягучага абмену выведнымі данымі, Расея таксама паставіла Ірану некалькі абарончых сыстэмаў узбраеньня на працягу многіх гадоў: у тым ліку сыстэмы СПА С-300 і «Красуха», наземную сыстэму радыёэлектроннай барацьбы і радыёлякацыйнага глушэньня.

А як наконт Украіны?

Для многіх назіральнікаў паведамленьні аб абмене Масквой выведнымі данымі з Тэгеранам супярэчаць пазыцыі Крамля па іншых пытаньнях замежнай палітыкі. Напрыклад, пасьля захопу ЗША вэнэсуэльскага кіраўніка Нікаляса Мадура рэакцыя Крамля была стрыманай.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што Расея выкарыстоўвае гэты працэс для дасягненьня сваіх ваенных мэтаў. Экспэрты заявілі, што абмен расейскай выведнай інфармацыяй, хоць і выклікае трывогу ў ЗША і Ізраілю, хутчэй за ўсё, не перайшоў чырвонай рысы — тое, што выклікала бы больш лютую, больш агрэсіўную рэакцыю. Перадача магутнай ракетнай сыстэмы, такой як «Іскандэр», напрыклад, была б чырвонай рысай.

«Я ня думаю, што гэты даклад аб абмене выведнай інфармацыяй зьяўляецца сьмяротным ударам па перамовах Расеі па Ўкраіне», — сказала Баршчэўская.

Па словах Граеўскай, публічнасьць вакол пытаньня абмену расейскай выведнай інфармацыяй магла мець жаданы эфэкт для ЗША, бо тэмпы іранскіх нападаў у апошнія дні запаволіліся. Гэта можа быць часткова зьвязана з тым, што Масква скарачае аб’ём абмену інфармацыяй, каб пазьбегнуць далейшага раздражненьня Вашынгтону.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

XS
SM
MD
LG