Украінскія прафэсійныя каманды для супрацьдзеяньня іранскім бесьпілётнікам «Шахед» адправіліся ў Катар, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўскую Арабію.
Пра гэта ў час нарады ў WhatsApp заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі, паведамляюць украінскія СМІ.
«Што да сытуацыі на Блізкім Усходзе, мы накіравалі свае каманды, тры прафэсійныя каманды, цалкам забясьпечаныя», — сказаў Зеленскі.
Паводле яго слоў, на гэтым тыдні ўсе тры каманды будуць знаходзіцца ў трох розных краінах:
«Першыя тры краіны, якія мы накіравалі згодна з нашымі дамоўленасьцямі, — гэта Катар, Эміраты і Саудаўская Арабія».
Акрамя таго, прэзыдэнт заявіў, што Ўкраіна магла б атрымаць у абмен на аказаньне дапамогі арабскім краінам Блізкага Ўсходу.
«Па-першае, мы ўздымаем пытаньне ракет для сыстэмаў СПА, якіх у нас недастаткова. Гаворка ідзе пра PAC-2, PAC-3», — падкрэсьліў Зяленскі.
Таксама Зяленскі адзначыў, што ва Ўкраіне распрацавана шмат тэхналёгій і вялікія магчымасьці вырабніцтва бесьпілётнікаў, але няма дастаткова грошай, каб прызначыць іх на фінансаваньне такіх праектаў. Таму Ўкраіна спадзяецца на супрацу са Злучанымі Штатамі і на тое, што атрымаецца падпісаць дамову з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Асобна Зяленскі заявіў, што Ўкраіна, акрамя ракет-перахопнікаў PAC-2 і PAC-3, таксама хацела б атрымаць дадатковыя зэнітна-ракетныя комплексы Patriot у абмен на аказаньне дапамогі краінам Блізкага Ўсходу.
Пры пачатку іранскіх абстрэлаў краінаў Пэрсыдзкай затокі Зяленскі ўжо прапаноўваў тым дзяржавам дапамогу ў працы з «Шахедамі» і крылатымі ракетамі.
Форум