Калі Рада экспэртаў Ірану сабралася пад пагрозай амэрыканска-ізраільскіх авіяўдараў, каб выбраць новага вярхоўнага кіраўніка, яна абрала імя, якое гарантавана будзе ўспрынятае як правакацыя ў Злучаных Штатах і Ізраілі: яшчэ адзін Хамэнэі. Пра гэта кажуць экспэрты ў артыкуле журналіста Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Кіяна Шарыфі.
Тое, што Муджтаба Хамэнэі стаў новым вярхоўным лідэрам Ірану, зьяўляецца выразным пасланьнем Злучаным Штатам і Ізраілю: вонкавы ціск, у тым ліку забойствы кіраўнікоў, хутчэй загартуе, кіраўніцтва Ісламскай рэспублікі, чым зьменіць яго падыходы, кажуць экспэрты.
Муджтаба Хамэнэі — другі найстарэйшы сын врхоўнага кіраўніка Ірану Алі Хамэнэі. Аятала Алі Хамэнэі быў забіты ў выніку авіяўдару 28 лютага, калі Злучаныя Штаты і Ізраіль пачалі паветраную бамбардзіроўку Ірану.
Малодшы Хамэнэі вядомы як прыхільнік бескампраміснай лініі, і яго абраньне 8 сакавіка Радай экспэртаў — клерыкальным органам краіны — сымбалізуе пераемнасьць.
«Пасланьне з Тэгерану — гэта пасланьне непакорлівасьці: вы забілі аднаго Хамэнэі, але вось вам іншы», — сказаў Радыё Свабода Алі Альфанэх, старэйшы навуковы супрацоўнік вашынгтонскага Інстытуту дзяржаў Пэрсыдзкай затокі.
Адначасова гэты выбар паказаў, што сыстэма знаходзіцца пад вялікім унутраным напружаньнем і што магутны Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), элітная галіна ўзброеных сілаў Ірану і аснова тэакратыі краіны, стаў больш уплывовым для вызначэньня кіраўніка 90-мільённай краіны, чым палітычныя эліта, у якой дамінуюць клерыкалы, кажуць экспэрты.
«Спадчыннае кіраваньне»
Каб выбраць новага вярхоўнага лідэра, Рада экспэртаў, якая складаецца з 88 чальцоў, была вымушаная сабрацца дыстанцыйна, баючыся стаць мішэньню для авіяўдараў ЗША і Ізраіля. Абвяшчэньне таксама адклалі праз засьцярогі, што прызначэньне пераемніка адразу ж зробіць яго галоўнай мішэньню.
Паведамляецца, што за кулісамі КВІР аказваў ціск на дэлегатаў, каб яны падтрымалі Хамэнэі, што падкрэсьлівала ўнутраныя рознагалосьсі. Першапачатковае онлайн-пасяджэньне было аспрэчана з працэдурных прычынаў. Каб завяршыць галасаваньне, спатрэбілася другое пасяджэньне.
Выбар Хамэнэі рызыкуе раззлаваць людзей, асабліва сярод адданых прыхільнікаў Ісламскай рэспублікі. Некаторыя раней сьцьвярджалі, што крок да «спадчыннага кіраваньня» антыманархічным караням Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.
«У краіне, дзе рэвалюцыя змагалася супраць манархіі, урад цяпер стаў спадчынным, — сказаў у інтэрвію Іранскай службе Радыё Свабода Мэхрзад Буруджэрдзі з Місурыйскага ўнівэрсытэту навукі і тэхналёгіі. — З такога гледзішча гэта крыніца сораму для Ісламскай рэспублікі».
Фармальны лідэр, але насамрэч рада
56-гадовы Муджтаба Хамэнэі ніколі раней не займаў выбарных пасадаў. Яго рэлігійны аўтарытэт застаецца прадметам спрэчак: ён мае ранг худжаталісьляма (шыіцкага клірыка сярэдняга рангу), а ня тытул аяталы, які надае вярхоўным лідэрам іх тэалягічную ўладу.
Аднак пасьля абраньня афіцыйная прапаганда імкліва павысіла яго ў статусе, і дзяржаўныя СМІ цяпер называюць яго выключна тытулам аяталы.
Адсутнасьць вопыту ў малодшага Хамэнэі робіць яго цалкам залежным ад так званай «глыбіннай дзяржавы» Ірану, у якой дамінуе КВІР, кажа Буруджэрдзі.
«Ён ніколі не займаў выбарных пасадаў, каб выконваць кіраўнічыя задачы, — сказаў Баруджэрдзі, — яму дапамаглі толькі яго цесныя адносіны з службамі бясьпекі і выведкі».
Малодшы Хамэнэі правёў два дзесяцігодзьдзі ў офісе свайго бацькі, каардынуючы ўзаемадзеяньне паміж клерыкальным кіраўніцтвам краіны і КВІР.
Алі Альфанэх з Інстытуту дзяржаў Пэрсыдзкай затокі лічыць, што Хамэнэі, як і ягонаму бацьку, спатрэбяцца гады, каб умацаваць уладу. Да таго часу, кажа Альфанэх, «я чакаю, што нефармальная кіраўнічая рада, якая складаецца з прэзыдэнта, сьпікера парлямэнту, кіраўніка судовай улады і прадстаўнікоў КВІР і рэгулярных вайскоўцаў, будзе кантраляваць справы дзяржавы».
Альфанэх таксама сказаў, што ўплывовы кіраўнік нацыянальнай бясьпекі Алі Ларыджані будзе сярод тых, хто будзе дапамагаць «нефармальнай кіраўнічай радзе». Будучы сакратаром Найвышэйшай нацыянальнай рады бясьпекі Ірану, Ларыджані стаў ключавым уплывовым пасярэднікам пасьля 12-дзённай вайны з Ізраілем у чэрвені 2025 году.
Іранскі сыгнал
Выбар Хамэнэі новым вярхоўным лідэрам выклікаў неадкладнае папярэджаньне з боку Ізраіля, заклятага ворага Тэгерана. Ізраільскія вайскоўцы пагражалі дабрацца да «любога пераемніка» старэйшага Хамэнэі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што выбар малодшага Хамэнэі будзе «непрымальным» і папярэдзіў, што новы лідэр Ірану «не пратрымаецца доўга» без ухвалы Амэрыкі.
Кідаючы выклік Трампу, Тэгеран пасылае сыгнал Беламу дому, лічыць Буруджэрдзі. «Яны кажуць Трампу: «Не, у адрозьненьне ад Вэнэсуэлы, мы маем права вызначаць, хто будзе наступным чалавекам, а ня вы», — сказаў ён.
У падрыхтоўцы гэтага матэрыялу ўдзельнічала Насрын Афшар з Іранскай службы Радыё Свабода.
Форум