Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША скасавалі санкцыі на расейскую нафту, але гэта вынятак

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выдала новую ліцэнзію, якая дазваляе краінам часова набываць пэўныя расейскія нафтапрадукты.

«Каб павялічыць глябальны ахоп існых паставак, Мінфін надае часовы дазвол, каб дазволіць краінам набываць расейскую нафту, якая цяпер знаходзіцца ў мары», — напісаў міністар фінансаў Скот Бэсэнт у сацыяльнай сетцы Х.

Ён дадаў, што «гэтая вузкаспэцыялізаваная кароткачасовая мера датычна толькі той нафты, што ўжо знаходзіцца ў моры, і не надасьць значнай фінансавай выгады расейскаму ўраду, якія атрымлівае большую частку сваіх энэргетычных даходаў ад падаткаў, што сьцягваюць на месцы здабычы».

Дзеяньне ліцэнзіі, апублікаванай на сайце Міністэрства фінансаў ЗША, распаўсюджваецца толькі на расейскую сырую нафту або нафтапрадукты, загружаныя на караблі да 12 сакавіка. Ліцэнзія дазваляе гэтыя пастаўкі да 11 красавіка.

Часовае скасаваньне санкцый на расейскую нафту адбываецца, нягледзячы на папярэдні ціск ЗША на Расею ў межах спробаў спыніць паток рэсурсаў на фінансаваньне вайны супраць Украіны.

Гэтае рашэньне ўхвалілі на тле росту цэн на нафту вышэй за 100 даляраў за барэль 12 сакавіка пасьля паведамленьняў пра далейшыя напады на караблі ў водах Пэрсыдзкай затокі і закрыцьцё ключавых нафтатэрміналаў. У Белым доме мяркуюць, што гэта рашэньне не прывядзе да атрыманьня Расеяй вялікай фінансавай выгады.

Раней ЗША выдалі Індыі 30-дзённую ліцэнзію на набыцьцё расейскай нафты, якая ўжо знаходзіцца ў моры. Бэсэнт тады заявіў, што гэты крок зрабілі для таго, каб «нафта працягвала паступаць на ўсясьветны рынак».

Эўракамісія, у сваю чаргу, заклікала ЗША выконваць абмежаваньні на нафту з Расеі.

ЗША і Ізраіль наносяць удары па Іране з 28 лютага. Тэгеран у адказ атакуе Ізраіль і амэрыканскія вайсковыя базы ў Пэрсыдзкай затоцы. Вайна на Блізкім Усходзе, што працягваецца ўжо два тыдні, фактычна закрыла Армускую пратоку, празь якую праходзіць пятая частка ўсясьветнага аб’ёму нафты, якую перавозяць танкеры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG