— Калі казаць пра амэрыканскія і ізраільскія ўдары па Іране, дык тут уплыў будзе ўскосным. Гэта паўплывае найперш на расейскую эканоміку.
Непасрэдна на беларускую эканоміку могуць паўплываць удары Ірану па сваіх суседзях, найперш па Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Былі і нейкія ўдары па Амане, але Іран казаў, што ён па Амане нібыта ня бʼе. Окей, але па Эміратах дакладна бʼе. І гэта можа наўпрост паўплываць на беларускую эканоміку па двум напрамках.
Першы напрамак — дзяржаўны. Пасьля таго, як супраць Беларусі былі ўведзены санкцыі, таваразварот Беларусі з рэгіёнам вырас у дзясяткі разоў. Калі да 2020-га году гэта было ўсяго недзе 70 мільёнаў долараў у год, дык у 2024 годзе, як казаў амбасадар Беларусі ў Эміратах, адзін толькі беларускі экспарт у Эміраты склаў 3,6 мільярды даляраў.
І мы разумеем, што гэта за экспарт. Гэта, вядома ж, экспарт не ў Эміраты. Эміраты сталіся такім «хабам» для беларускай прадукцыі, адкуль яна ідзе ўжо далей. Яна ідзе ў Афрыку, у краіны Азіі, у іншыя краіны Пэрсыдзкай затокі, яна ішла ў той жа Іран, дарэчы. Але з Іранам таваразварот мінімальны.
3,6 мільярда даляраў — гэта вельмі шмат, вельмі вялікія абʼёмы. І калі будуць працягвацца ўдары па Эміратах, (а такая рызыка ёсьць), дык трэба будзе шукаць нейкі новы «хаб», новыя лягістычныя ланцужкі. Гэта цяжка, гэта возьме час, гэта будзе патрабаваць дадатковых грошай.
Другі напрамак ужо асабісты. Мы ж бачым, як Лукашэнка абжыўся ў Эміратах, як Лукашэнка абжыўся ў Амане. Мы бачым, што ён езьдзіць туды як да сябе дадому, візыты доўжацца тыднямі.
Няма амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі, але ёсьць нагоды казаць што хутчэй за ўсё Аман і Эміраты — такая ціхая гавань для лукашэнкаўскіх асабістых грошай. І відавочна, калі пачынаецца вайна, дык гэтая гавань становіцца ўжо не такой ціхай. Магчыма, нават трэба будзе шукаць, куды гэтыя грошы перавезьці.
Нездарма Лукашэнка, калі 4 сакавіка сустракаўся з амбасадарам Ірану ў Беларусі, з асаблівай занепакоенасьцю сказаў пра свой страх, што краіны Пэрсыдзкай затокі будуць уцягнутыя ў гэтую вайну. Беларускае Міністэрства замежных справаў таксама некалькі дзён таму таксама рабіла заяву менавіта з занепакоенасьцю на гэты конт, на тое, што краіны затокі будуць уцягнутыя ў вайну. Для Лукашэнкі гэта самы непрыемны вынік гэтай вайны.
Ваенныя дзеяньні выклікалі рост цэнаў на нафту. Некаторыя эканамісты кажуць, што гэта можа паспрыяць эканоміцы Расеі і, у сваю чаргу, гэта дасьць дадатковыя рынкі і стымулы для беларускай эканомікі. Вось што пра гэта кажа Андрэй Махоўскі.
— Высокія цэны на нафту патэнцыйна, калі разглядаць гэта як нейкага «сфэрычнага каня ў вакуўме», могуць даць Расеі больш грошай. Глядзіш, і беларускаму саюзьніку нешта перападзе.
Але па-першае, тут усё залежыць ад таго, колькі працягнецца гэтая вайна. Калі яна працягнецца, як Трамп напачатку абяцаў, чатыры тыдні, дык ніхто нічога не заўважыць і расейскай эканоміцы гэта не дапаможа.
Па-другое, мы бачым, што цэны на нафту вырасьлі ня так значна. Цана на нафту Brent на 5 сакавіка былі троху больш за 83 даляры за барэль.
І трэба разумець, што ёсьць вялікая зьніжка для расейскай нафты, у лютым гэтая зьніжка складала 26 даляраў за барэль. Калі, умоўна кажучы, прадаваць расейскую нафту з гэтай зьніжкай, то атрымаецца, што яна прадаецца па 57 долараў за барэль. І гэта нават ніжэй, чым тая цана на нафту, якая была закладзена ў расейскі бюджэт — 59 даляраў за барэль.
Зноў жа, расейскі бюджэт быў спрагназаваны з улікам цаны 59 даляраў за барэль на расейскую нафту, і гэта ўсё роўна вельмі вялікі дэфіцыт — 3,8 трыльёна расейскіх рублёў.
Каб расейскі бюджэт мог зьвесьці канцы з канцамі, каб не было ніякага дэфіцыту, цэны на расейскую нафту, паводле падлікаў агенцтва Reuters павінны скласьці каля 90 даляраў за барэль.
Я падкрэсьліваю, гэта цэны менавіта на расейскую нафту, не сусьветныя цэны. Нават у дасанкцыйныя часы зьніжка была 10 даляраў за барэль. Нават калі Расея здолее дамагчыся, каб гэтая зьніжка была мінімальнай, дык каб зьвярстаць бюджэт без дэфіцыту, сусьветныя цэны на нафту павінны быць больш за 100 даляраў за барэль.
0:00 Ці памяняе вайна на Блізкім Ўсходзе пляны Лукашэнкі. Валер Кавалеўскі
3:04 Ці працягнуццца перамовы з ЗША і вызваленьне палітвязьняў. Валер Кавалеўскі
5:55 Як вайна ўплывае на беларускую эканоміку і капітал Лукашэнкі. Андрэй Махоўскі
17:32 Супрацоўніцтва Беларусі з Іранам у вайсковай сфэры. Уладзімер Жыгар
24:40 Пэрспэктывы новай партыі Бабарыкі. Валер Кавалеўскі, Віталь Цыганкоў
36:06 Ці засталіся ў беларусаў магчымасьці эвакуацыі з краіны. Зьміцер Ягораў
39:30 Знойдзены невядомы асобнік кнігі Скарыны. Аляксандар Паршанкоў
45:04 Дзьмітры Гурневіч гутарыць з зоркамі беларускага Youtube Іванам Прусам і Глебам Сямёнавым. Фрагмэнт праграмы «Канапа»
Форум