Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна з Іранам: МВФ чакае росту цэнаў і запаволеньня сусьветнай эканомікі

Караблі ў Армускай пратоцы
Караблі ў Армускай пратоцы

Вайна на Блізкім Усходзе ўдарыць па сусьветнай эканоміцы, заявіла кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева.

Сусьветныя пастаўкі нафты ўжо скараціліся на 13%. Нават пры хуткім заканчэньні канфлікту МВФ зьнізіць прагноз эканамічнага росту, паведаміла DW.

Крысталіна Георгіева
Крысталіна Георгіева

Вайна на Блізкім Усходзе прывядзе да росту інфляцыі і запаволеньня глябальнага эканамічнага росту. Аб гэтым заявіла сёньня кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крысталіна Георгіева ў інтэрвію агенцтву Reuters.

На наступным тыдні Фонд плянуе апублікаваць новы прагноз сусьветнай эканомікі.

Па словах кіраўніцы МВФ, вайна на Блізкім Усходзе выклікала «наймацнейшы ў гісторыі збой у глябальных пастаўках энерганосьбітаў» з-за фактычнай блякіроўкі Іранам Армускай протокі, празь якую праходзіць каля 20% сусьветных паставак нафты і газу. Канфлікт паміж Ізраілем, ЗША і Іранам, які працягваецца больш за месяц, ужо скараціў сусьветныя пастаўкі нафты на 13%, дадала яна.

Нават калі гэты канфлікт будзе хутка ўрэгуляваны, МВФ мае намер зьнізіць свой прагноз эканамічнага росту і павысіць прагноз інфляцыі, адзначыла Георгіева.

Паводле яе, калі б вайны на Блізкім Усходзе не было, прагноз МВФ на рост глябальнай эканомікі склаў бы 3,3% у 2026 годзе і 3,2% у 2027 годзе. Замест гэтага ўсё цяпер паказвае на рост цэнаў і запаволеньне эканомікі, падкрэсьліла Георгіева.

Кіраўніца МВФ таксама адзначыла, што мацней за іншых ад вайны цярпяць бедныя краіны, якія ня маюць энэргетычных рэзэрваў і бюджэтных магчымасьцяў для дапамогі насельніцтву. Гэта, у сваю чаргу, павялічвае рызыку сацыяльна-палітычных узрушэньняў, лічыць Георгіева.

Агенцтва Bloomberg паведаміла сёньня, што цэны на расейскую нафту вырасьлі да самага высокага ўзроўню за больш чым 13 гадоў.

Bloomberg са спасылкай на дадзеныя Argus Media на 2 красавіка піша, што цана на расейскую нафту маркі Urals, якая экспартуецца з порта Прыморск на Балтыцы, дасягнула 116 даляраў за барэль.

Гэтая цана, якая не ўключае транспартныя выдаткі, амаль удвая вышэйшая за сярэднюю цану ў 59 даляраў за барэль, закладзеную ў расейскім бюджэце на 2026 год.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG