Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыніліся пастаўкі выбухоўкі, праблемы для «беларускага аўтамата». Як уплывае на беларускую вайсковую вытворчасьць вайна на Блізкім Усходзе

Паводле інфармацыі BelPol, прадпрыемства «Гомсельмаш» удзельнічае ў вырабе вайсковых дронаў
Паводле інфармацыі BelPol, прадпрыемства «Гомсельмаш» удзельнічае ў вырабе вайсковых дронаў

Прадстаўнік ініцыятывы BelPol Уладзімер Жыгар патлумачыў у праграме «ПіК Свабоды», як цяперашняя вайна на Блізкім Усходзе можа паўплываць на вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам і Расеяй.

— Паводле інфармацыі BelPol, супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Іранам мае дастаткова шматузроўневы характар. І вельмі многае ляжыць у плоскасьці мілітарызацыі Беларусі. Напрыклад, завод корпусных вырабаў — гэта прадпрыемства па фінальнай зборцы боепрыпасаў калібру 122 мм і 152 мм. Там непасрэдна запрэсоўваюць або заліваюць выбуховыя рэчывы. Гэтая вытворчасьць моцна залежыць ад узаемадзеяньня з Іранам, бо Беларусь не вырабляе ўласную выбухоўку — няма магчымасьцяў ствараць выбуховыя рэчывы.

Частку выбухоўкі і яе складнікаў плянавалася закупляць у Іране. Аднак у сувязі з сытуацыяй, якая цяпер там склалася, пастаўкі былі прыпыненыя. Няма выбухоўкі — няма выхаду на праектныя магутнасьці завода корпусных вырабаў, а значыць, няма і тысяч рэактыўных або артылерыйскіх снарадаў, якія Беларусь пастаўляе ў Расею.

Таксама Іран адыгрывае важную ролю ў пастаўках у Беларусь абсталяваная і камплектуючых для іншых вытворчасьцяў, якія не могуць набыць аналягічную прадукцыю ў краінах Захаду. Беларускае прадпрыемства Kidma Tech, якое ўваходзіць у сыстэму Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, спрабавала закупіць у Аўстрыі спэцыяльнае абсталяваньне для вытворчасьці ствала для так званага беларускага аўтамата VSK-100. Аднак праз санкцыйныя абмежаваньні і агульную «таксычнасьць» беларускага рэжыму гэтае абсталяваньне не было прададзена, таму яго пастаўшчыком выступіў Іран.

Калі гаварыць пра гэты аўтамат, яго хочуць паставіць на сэрыйную вытворчасьць. Але закупка дадатковага абсталяваньня, яго наладка і рамонт залежаць ад іранскіх пастаўнікоў. Праз праблемы ў Іране ўзьнікаюць цяжкасьці, і прадпрыемства не можа наладзіць сэрыйную вытворчасьць і прадаваць гэты аўтамат у Расею.

Што да бесьпілётнікаў, то расейскія «Шахеды» або «Герані», якія раней закупляліся ў Іране, часткова камплектуюцца на заводзе «Гомсельмаш». Таму наўрад ці цяпер стане менш удараў па Ўкраіне з выкарыстаньнем такога тыпу зброі, бо многія складнікі ўжо лякалізаваныя, і іх вытворчасьць наладжаная ў Беларусі і Расеі.

Акрамя таго, Беларусь можа пастаўляць у Расею ў большых аб’ёмах уласныя мадэлі БПЛА, такія як «Чекан», «Аскалон», «Міратворац» і «Міратворац-У» (вучэбная вэрсія). Магчыма павелічэньне аб’ёмаў паставак у Расею, а ў далейшым Расея, натуральна, будзе выкарыстоўваць іх у вайне супраць Украіны.

Мы таксама спыталіся ў спадара Жыгара, ці будзе цяперашняя сытуацыя азначаць большы прыбытак для беларускіх ваенных прадпрыемстваў і нарошчваньне магутнасьцяў.

— З аднаго боку, так, гэта магчыма. Але трэба разумець, што любыя санкцыйныя абмежаваньні, уведзеныя супраць Беларусі, запавольваюць працэс стварэньня зброі, боепрыпасаў, мікрачыпаў або аптычных прыбораў для мадэрнізацыі састарэлай расійскай тэхнікі. Яны ствараюць умовы, пры якіх канчатковы прадукт становіцца вельмі дарагім. Таму рэжым Лукашэнкі, безумоўна, будзе імкнуцца вырабляць і прадаваць больш, каб максымальна зарабіць. З іншага боку, неабходна ўзмацняць ціск, каб мілітарызацыя Беларусі як мінімум запавольвалася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG