Аб тым, што падчас 61-ай сэсіі Рады ААН па правах чалавека адбыўся канфлікт паміж былой беларускай палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк і супрацоўніцай МЗС Беларусі Ларысай Бельскай, стала вядома ўвечары 12 сакавіка пасьля публікацыі відэа, на якім бачна, як дыпляматка вырывае з рук былой палітзьняволенай беларускі партрэты зьняволеных жанчын.
Ларыса Бельская на Сэсіі прадстаўляла афіцыйны Менск, Паліна Шарэнда ўдзельнічала ў яе працы як адна з дэлегатак ад беларускіх дэмакратычных сілаў. Па словах былой палітзьняволенай, падышоўшы да Бельскай з партрэтамі палітзьняволеных беларусак яна хацела прадэманстраваць, што насамрэч адбываецца ў краіне ў абвешчаны ўладамі Год жанчыны.
«Гэта была мая сьвядомая акцыя, — расказала ў размове са Свабодай Паліна Шарэнда-Пансюк. — Яе (Ларысу Бельскую — РС) нельга назваць прадстаўніцай Беларусі. Таму што яна не прадстаўляе беларусаў. А прадстаўляе злачынную групоўку, якая татальна парушае правы чалавека. І мне незразумела, чаму яна прадстаўляе Беларусь у АНН, арганізацыі, якая абараняе правы чалавека».
Канфлікт Паліны Шарэнды-Панасюк і беларускай дыпляматкі Ларысы Бельскай на паседжанні камісіі ААН у Жэневе. Фота "Вясны"
Партрэты зьняволеных Вольгі Маёравай і Алены Лазарчык Паліна Шарэнда-Панасюк узяла з сабой, бо яны абедзьве былі асуджаныя па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі. Яна называе іх сымбалямі катаваньняў жанчынаў у Беларусі.
«Мы пабачылі, якая была рэакцыя, — парцягвае Шарэнда-Панасюк. — Яна са злосьцю вырвала гэтыя партрэты. Пагражала выклікаць на мяне паліцыю. Проста ў залі паседжаньняў. Працягу канфлікт не меў. Я засталася ў залі на сэсіі. Гэта былі слуханьні групы экспэртаў, якія прадставілі даклад аб катаваньняў у Беларусі. Аб тым, што працягваюцца рэпрэсіі. Былі выступы дэлегатаў розных краін. У тым ліку і выступ Ларысы Бельскай, які зьмяшчаў набор штампаў. Аб тым, што ў Беларусі ўсё добра».
Дзяржаўныя Беларускія СМІ пра інцыдэнт прамаўчалі. Агенцтва БелТА распаўсюдзіла паведамленьне аб выступе Ларысы Бельскай з дакладам.
«Мы разумеем, што сілы, якія спрабавалі арганізаваць паўнавартасную спробу „каляровай рэвалюцыі“ у 2020 годзе ў Беларусі, захоўваюць свае намеры зьмены становішча рэчаў, — цытуе Ларысу Бельскую БелТА. — Таму яны ўводзяць санкцыі, ствараюць, фінансуюць і патрануюць падкантрольныя марыянэтачныя структуры, якія падштурхоўваюць антыбеларускае абмеркаваньне, і вядуць з імі перамовы аб лёсе Беларусі».
Паліна Шарэнда-Панасюк — былая палітзьняволеная. Была асуджаная па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі, у тым ліку за абразу Лукашэнкі і гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў. Правяла за кратамі больш за чатыры гады.