У жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі з 1 красавіка 2026 году могуць забараніць аднаразовыя станкі для галеньня, піша праваабарончы тэлеграм-канал Mayday.team.
Паводле крыніцаў каналу, яшчэ ў сьнежні 2025 году родным асуджаных жанчын забаранілі перадаваць ім у перадачах брытвы. З 1 красавіка раней перададзеныя станкі адміністрацыя будзе прымусова адбіраць і ўтылізаваць. Да гэтай даты зьняволеным жанчынам нібыта будзе прапанавана добраахвотна іх пазбавіцца, а замест станкоў можна будзе карыстацца васковымі палоскамі і крэмамі для дэпіляцыі. Гэтыя гігіенічныя сродкі, якія даражэйшыя за станкі, можна будзе купіць у краме ў калёніі.
Свабода пагаварыла пра імавернасьць такіх зьменаў з былымі палітзьняволенымі, якія адбывалі свае тэрміны ў 4-й жаночай калёніі.
«Ужо пры мне было, што ўмовы карыстаньня станкамі зрабілі больш жорсткімі», — згадала Натальля Дуліна, якая адбывала пакараньне ў ПК-4 з чэрвеня 2023 па чэрвень 2025 году.
Паводле Натальлі Дулінай, мець станок для галеньня — заўсёды галаўны боль для зьняволеных, бо для іх гэта крыніца небясьпекі.
«Станкі з пазначэньнем іх колькасьці і апісаньнем трэба ўносіць у вопіс, і адпаведнасьць гэтага вопісу фактычнай наяўнасьці станкоў маглі ў кожны момант праверыць. Калі хоць аднаго недалічацца, узьнікнуць пытаньні, можа дайсьці да пакараньня», — заўважыла Натальля Дуліна і расказала аб прычынах такой увагі адміністрацыі калёніі да брытваў.
«Вы ж ведаеце, што з станку дастаюць лязо і робяць гэтак званую „мыйку“ — каб нешта нарэзаць як сталовым нажом ці што завастрыць. Але ж там сядзяць і былыя наркаманкі, і схільныя да агрэсіі — мала што можа ім прыйсьці ў галаву. Адміністрацыя адкрыта заяўляла пра такую праблемы. Магу меркаваць, што, магчыма, адбыўся нейкі непрыемны выпадак — нехта кагосьці (або сябе) парэзаў. Звычайна поўная забарона — тыповая рэакцыя на такія надзвычайныя здарэньні», — адзначыла Дуліна.
Былая палітзьняволеная асобна распавяла аб правілах карыстаньня ў калёніі нажамі, нажніцамі й іголкамі.
«Гэта ж таксама калюча-сякучы інвэнтар, таксама небясьпека. Таму і гэтыя прадметы выдаюцца толькі пад подпіс і на пэўны, даволі кароткі час. Пры мне выдавалі ўсяго на 20 хвілін. Часам даводзілася чакаць сваёй чаргі», — згадала Натальля Дуліна.
Журналістка Ларыса Шчыракова, якую летась у верасьні ўлады вывезьлі з калёніі за мяжу, не выключае, што загад забараніць станкі для галеньня мог прыйсьці ў калёнію зьверху.
«Дзіву даюся. Няўжо гэта адзінае, на што яны здатныя — няспынна прадукаваць розныя забароны!» — кажа Ларыса ў адрас адказных супрацоўнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС.
Шчыракова вельмі спачувае дзяўчатам і жанчынам, зьняволеным у ПК-4.
«Забарона станкоў будзе рэальна вельмі адчувальнай стратай. Усе жанчыны, за невялікім выняткам, карыстаюцца станкамі, асабліва маладыя жанчыны, якія амаль кожны дзень голяць падпахі, ногі, рукі. Раней, яшчэ да 2023 году, як я трапіла ў калёнію, станкі было дазволена трымаць у тумбачцы ў сэкцыі. Але ўжо пры мне іх забаранілі захоўваць у тумбачцы і загадалі трымаць у капцёрцы (сховішчы рэчаў зьняволеных. — РС). А гэта вельмі нязручна.
Прыклад: прыбеглі мы з душу, а капцёрка паводле раскладу зачыненая. І куды падзець тыя станкі і пры гэтым не зрабіць парушэньня? Іх нідзе нельга трымаць, толькі ў капцёрцы. Потым новы загад — усе станкі павінны быць на ўліку, унесеныя ў вопіс рэчаў. А гэта стварыла новыя праблемы, бо стала нельга ўжо проста выкінуць ужываныя станкі, іх трэба было прынесьці да капцёрніцы і аддаць на зьнішчэньне, ня здаў — парушэньне парадку», — згадала Ларыса Шчыракова.
Паводле былой палітзьняволенай, за два гады яе зьняволеньня ў жаночай гомельскай калёніі яна ня чула, каб былі сур’ёзныя траўмы ці нават дробныя здарэньні ад выкарыстаньня станкоў.
«Забарона на станкі будзе абсалютна бязглуздай, чыноўнікі ДВП нібыта паказваюць свой працоўны імпэт, а фактычна робяць цяжкае жыцьцё асуджаных яшчэ горшым», — ацэньвае Ларыса Шчыракова забарону зьняволеным жанчынам карыстацца станкамі для галеньня.
Форум