Жыхарку Менска Марыну (імя зьмененае дзеля бясьпекі) затрымалі раніцай, калі яна зьбіралася зь дзіцем выходзіць з дому.
«Мне сказалі: „Праедзем, задамо вам пару пытаньняў“. У выніку ў свой дом я ўвайшла толькі праз паўтара года. Адпаведна і дзіцяці ня бачыла ўвесь гэты час», — расказала праваабаронцам «Вясны» Марына.
Пачуцьцё трывогі за дзіця не адпускала яе ўвесь тэрмін, а самай балючай стала немагчымасьць у гэты час быць маці.
У ізалятары на завулку Акрэсьціна ў Менску Марыну трымалі ў двухмеснай камэры разам зь іншымі палітычнымі, часам колькасьць арыштантак дасягала дванаццаці. Асабліва Марыну ўразіла абыякавае стаўленьне да жанчын з малымі дзецьмі.
«Асобны цяжар — гэта жанчыны, у якіх засталіся дома маленькія дзеці, пажылыя бацькі. Невыносна бачыць, як яны вар’яцеюць, не разумеючы, што будзе далей. Было асабліва страшна, калі ў жанчыны пачалася гістэрыка, а ты ня можаш выйсьці і табе трэба стрымліваць уласныя эмоцыі. Там ты разумееш, што тваё жыцьцё разбуранае», — згадвае перажытае на Акрэсьціна Марына.
Праз 10 дзён ізалятару Марыне выставілі абвінавачаньне паводле палітычнага артыкулу і этапавалі ў СІЗА на Валадарскага, а пазьней — у жодзінскую турму № 8. Там яе паставілі на прафіляктычны ўлік «як схільную да экстрэмізму». Праз гэтую працэдуру, паводле Марыны, праходзяць усе жанчыны, зьняволеныя «за палітыку».
Для адбыцьця пакараньня Марыну накіравалі ў гомельскую жаночую калёнію № 4. Сярод яе аповедаў пра гэтую вязьніцу — успамін пра жанчыну зь яе атраду, у якой адразу пасьля родаў забралі дзіця, а яе самую неўзабаве адправілі на працу.
«У нас у атрадзе была цяжарная жанчына. Яе павезьлі, яна нарадзіла. Прывозяць адразу — літаральна праз содні. Пару дзён жанчына знаходзіцца ў мэдычнай частцы, а потым у атрадзе. А дзіця застаецца бяз маці. Што яны там зь ім робяць, яна ня ведае. Дык яна, бедная, хадзіла 10 дзён і ня ведала, што зь яе дзіцем. Ня ведала, дзе яно і ці прывезьлі яго. На яе было балюча глядзець.
Зь дзецьмі там можна жыць, па-мойму, толькі з шасьці ці васьмі месяцаў, а грудное кармленьне наагул немагчымае, дзіця забіраюць адразу пасьля нараджэньня. Ты ня можаш яго даглядаць. Бачыш яго толькі дзьве гадзіны ў дзень. Пры гэтым працуеш як усе. А гэта самы галоўны пэрыяд, калі дзіцяці патрэбная мама, догляд — а тут адбываецца такі жахлівы падзел. І мама ня ведае, што зь яе дзіцем і дзе яно».
Марына падзялілася сваімі назіраньнямі і зьдзіўленьнем ад колькасьці асуджаных за нявыплату алімэнтаў жанчын.
«Яны іх саджаюць у „пазыковую яму“, і жанчыны проста ня бачаць прасьвету. Выходзяць і пʼюць яшчэ больш. Іх зноў садзяць. Я зь імі асабіста размаўляла, яны разумеюць, што жыцьця больш у іх ня будзе. То бок гэта павольнае самагубства. Таму я сьмяюся з гэтага „году жанчыны“, які абвясьціў Лукашэнка на 2026 год», — кажа Марына.
На люты 2026 году ў зьняволеньні знаходзяцца мінімум 169 палітзьняволеных жанчын, у 29 зь іх ёсьць дзеці, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле «Вясны», некаторых жанчын адпраўлялі ў СІЗА ўсяго празь некалькі месяцаў пасьля родаў. Акрамя гэтага, за кратамі знаходзяцца мінімум шэсьць шматдзетных маці.
21 студзеня экс-палітзьняволеная Марына Золатава паведаміла, што 39-гадовая палітзьняволеная Натальля Левая ў сакавіку 2026 году чакае нараджэньня дзіцяці за кратамі. Натальля зацяжарала пасьля спатканьня з мужам у калёніі. Гэта павінна быць першае дзіця ў сямʼі. Дагэтуль пара доўга не магла завесьці дзяцей. У ліпені 2024 году Натальлю асудзілі за данаты на шэсьць гадоў калёніі паводле трох крымінальных артыкулаў.