Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасадзілі ў ШЫЗА, а пасьля знайшлі пляму ў лёгкіх». Былыя палітвязьні распавялі пра мэдыцыну ў вязьніцах


Ілюстрацыйны каляж.
Ілюстрацыйны каляж.

Чатыры былыя палітвязьні, якія цяпер аднаўляюцца пасьля доўгага зьняволеньня, распавялі праваабаронцам «Вясны» пра ўмовы ўтрыманьня, якія паўплывалі на псыхалягічны і фізычны стан, пра хваробы, што зьявіліся або ўзмацніліся за кратамі, а таксама пра выпрабаваньні, зь якімі сутыкнуліся ўжо на волі.

Па выніках размовы праваабаронца Кацярына (імя зьменена ў мэтах бясьпекі), якая працуе з былымі палітвязьнямі пасьля іх вызваленьня, распавяла пра агульную сытуацыю з мэдыцынскай дапамогай у зьняволеньні, і пра тое, як умовы ўтрыманьня могуць адбівацца на здароўі.

Марыя: «Лекары дзівіліся, як я жывая была пры такім ціску»

Былая палітзьнявленая Марыя (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) правяла за кратамі больш за два гады. Жанчына адзначае, што ў гомельскай жаночай калёніі № 4 вельмі складана трапіць на прыём да лекара:

«У зьняволеньні наогул вельмі складана сачыць за сваім здароўем. У пэўныя дні ў атрадах на стол выкладваюць спэцыяльныя паперкі для запісу да лекара. Дапусьцім, табе трэба да тэрапэўта і гінэколяга. Да аднаго лекара выдаюць два-тры талёнчыкі, гэта значыць для дзьвюх-трох чалавек. Таму ня ўсе пасьпяваюць запісацца. Напрыклад, быў пэрыяд запаленьняў ва ўсёй калёніі, літаральна ўсе атрады хварэлі. І ўявіце, да лекара могуць трапіць толькі два-тры чалавекі. Гэта ненармальна. Хворыя былі вымушаныя хадзіць на фабрыку, месьці гэты сьнег на вуліцы, дзяжурыць, мыць прыбіральні».

Пасьля заключэньня ў Марыі пачаліся хваробы тазабедранага суставу і калена. Да затрыманьня ў яе быў дыягнаставаны гонартроз (дэгенэратыўна-дыстрафічная паталёгія каленнага сустава), падчас зьняволеньня хранічная хвароба прагрэсавала. На гэта паўплывала, па словах жанчыны, пастаянная фізычная нагрузка і ўмовы ўтрыманьня.

У калёніі Марыя схуднела на 20 кіляграм.

«Відаць праз гэта ў мяне пачаў падаць ціск, пры тым, што заўсёды быў высокім. У мяне аднойчы ціск быў 60 на 40. Яны нават мне некалькі разоў выклікалі хуткую. Лекары зьдзівіліся, як я жывая была пры такім ціску», — распавяла былая палітзьняволеная Марыя.

Кірыл: «Проста фізычна ня мог прымаць ежу»

На момант затрыманьня ў Кірыла (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) былі дыягнаставаныя некалькі хваробаў, на якія дрэнна паўплывала зьняволеньня. Адна з іх — жоўцевакаменная хвароба (распаўсюджанае захворваньне, пры якім у жаўцяку ўтвараюцца камяні, здольныя выклікаць востры боль і небясьпечныя ўскладненьні, — заўв. рэд.). У 2019 годзе ў мужчыны мусіла адбыцца плянавая апэрацыя па выдаленьні жаўцяка, але здарыўся каранавірус і апэрацыю адклалі. Нягледзячы на сур’ёзнасьць захворваньня, якаснай дапамогі пры прыступах мужчына не атрымліваў:

«У зьняволеньні абсалютна ніякай дыягностыкі не праводзілася. Дзесьці на дзявятым месяцы зьняволеньня ў баранавіцкім СІЗА ў мяне здарыўся ноччу прыступ. Настолькі востры, што я ажно качаўся па падлозе. Я біў нагамі ў дзьверы і патрабаваў выкліку хуткай дапамогу. Мне было адмоўлена. Начальнік зьмены сказаў: „Ты ў нас ня першы, выклікаць не будзем“. Прыкладна а 10-й раніцы мне далі нейкую таблетку ад болю і на гэтым усё. Пасьля гэтага яно неяк само сабой прайшло. Я перастаў есьці. Ня тое, каб пачаў сябе абмяжоўваць, а проста фізычна ня мог прымаць ежу. Таму стаў траціць вагу. Калі мяне затрымалі, я важыў 98 кіляграмаў, а пасьля таго як я заехаў у калёнію, я важыў менш за 80 кіляграмаў. Я лічу, што гэта наступствы гэтай хваробы».

З часам хвароба суцішылася, узгадвае Кірыл. Ён зноў пачаў прымаць ежу, а таксама лекі, якія дасылалі сваякі. Але другі прыступ усё роўна адбыўся. Гэтым разам — у папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах.

«У калёніі ёсьць мэдчастка. Гэта таксама слабая мэдыцынская дапамога, але тым ня менш: мне адразу далі ўкол ад болю, таблеткі і ўзялі аналіз крыві. Вынікі мне, канешне, не сказалі, але, мабыць, аналіз пацьвердзіў хваробу. І зноў усё паступова прайшло».

Ужо пасьля вызваленьня і прымусовай дэпартацыі мужчына пачаў праходзіць мэдыцынскія абсьледаваньні. Кірыл папрасіў праверыць жаўцяк, каб яго ў выніку выдаліць.

«Я прайшоў дасьледаваньне ўльтрагукавое, дзе мне лекар паведаміў, што вельмі дрэнна бачыць гэты орган, таму нічога ня можа сказаць пра яго. Пасьля апэрацыі аказалася, што пазытыўных вынікаў не дасягнулі, бо гэты орган абсалютна дэградаваў, ужо не працаваў, і нават спаяўся з іншымі органамі. Таму яго немагчыма было выдаліць тым спосабам і неабходна правесьці іншыя дасьледаваньні. І лекар сказаў, што стан органа — гэта вынікі прыступаў, якія я перанёс у зьняволеньні. То бок гэта вынік таго, што я знаходзіўся там, і непрыняцьце неабходных мераў».

Людміла Ганчарэнка: «Колькі б той унітаз не праціралі, калі ў камэры 12 чалавек — самі разумееце»

Украінка Людміла Ганчарэнка — адна з палітзьняволеных, якіх абмянялі як ваеннапалонных у чэрвені 2024 года. Праз год пасьля вызваленьня ў былой палітзьняволенай знайшлі рак шчытападобнай залозы. Цяпер яна праходзіць лячэньне. Людміла распавядае, што праз антысанітарыю і дрэнныя ўмовы ў СІЗА ў яе зьявіўся вагінальны кандыдоз і цыстыт:

«Ужо на волі мне паставілі дыягназ „хранічны цыстыт“. Раней у мяне яго ніколі не было. Ня ведаю, зьвязана яно з турмамі ці не. У самой турме мяне турбаваў кандыдоз (малочніца). Да зьняволеньня ў мяне ніколі яго не было. Натуральна, што лячэньня там ніхто не прызначаў. Я сама купляла ў краме соду і ёй падмывалася. Таблеткі мне ніхто не даваў. У СІЗА я некалькі разоў прасіла адвесьці мяне да гінэколяга, але, вядома, не адвялі. А там гэта ўсё ад жудаснай антысанітарыі. Колькі б той унітаз не праціралі, калі ў камэры 12 чалавек — самі разумееце. Тым больш, што да палітвязьняў падсаджвалі недабрабытных. Напрыклад, жанчын, асуджаных па арт. 174 КК (нявыплата алімэнтаў). Ці, напрыклад, наркаманак, асуджаных па 328 КК. Там са мной сядзела жанчына з ВІЧ (вірус імунадэфіцыту чалавека). Адна сядзела з гепатытам, а мы пра гэта нават не ведалі — гэта ўсплыло толькі на карантыне ў калёніі. Нам там часам выдавалі па лыжцы бытавых сродкаў, часам самі нешта куплялі. І кожны раз перад паходам у туалет стараліся чысьціць унітаз. У калёніі ўсё вельмі чыста, нават стэрыльна».

Павал Вінаградаў: «Мне было дрэнна паўтары-дзьве гадзіны ў дзень ад прыёму лекаў»

Актывіст, былы палітвязень Павал Вінаградаў, якога вызвалілі і прымусова дэпартавалі з краіны пасьля амаль чатырох гадоў зьняволеньня, кажа, што праблемы з ныркамі пасьля халоднай камэры ШЫЗА — распаўсюджаная праблема сярод зьняволеных.

«Ад сядзеньня на плітцы і бэтоне ў мяне адзін раз адмарозілася прастата. Два тыдні пасьля гэтага ў мяне былі непрыемныя. Але гэта ў мяне само сабой неяк прайшло. У ШЫЗА катэгарычна няма чаго рабіць. Таму асноўным маім відам дзейнасьці было хаджэньне па камэры. Паколькі месцы мала, у асноўным ад чатырох да шасьці крокаў можна зрабіць, то частыя павароты моцна бʼюць па суставах у каленях».

А ў 2022 годзе ў ваўкавыскай ПК-11 у Паўла дыягнаставалі сухоты. Для лячэньня яго перавялі ў спэцыяльна прызначаную для гэтага калёнію — ПК-12 у Оршы. Павел падзяліўся, як у яго выявілі сухоты:

«Калі я прыехаў у ПК-11 г. Ваўкавыска, усіх ізноў прыбылых, па правілах пэнітэнцыярнай сыстэмы, павінны адводзіць у санчастку з карантыну для абсьледаваньня. Куды прывялі мяне? Правільна, у ШЫЗА. Я выпадкова выйшаў з ШЫЗА праз пяць сутак, проста таму, што няма каму было даваць мне дадатковыя суткі. І вось мяне праз пяць сутак вярнулі ў карантын, адкуль адразу адвялі ў санчастку. Там мне прасьвяцілі лёгкія і высьветлілі, што ў мяне там пляма. Пасьля гэтага я быў зьмешчаны ў ізалятар санчасткі. Сам факт наяўнасьці плямы яшчэ не значыць, што ў чалавека сухоты. Таму праводзіліся дадатковыя аналізы. У мяне праверылі кроў, якая ім не спадабалася. Таму мяне адправілі ў ПК-12 у г. Орша, дзе і ўтрымліваюцца хворыя на сухоты».

Там правялі дадатковыя абсьледаваньні, якія пацьвердзілі дыягназ. Пасьля гэтага Паўлу далі падпісаць дакумэнты, што ён згодны на спэцыяльнае лячэньне ў паскораным варыянце. Калі звычайна лячэньне праходзіць на працягу 18 месяцаў, то Паўлу прапанавалі прайсьці яго за шэсьць. Павал пагадзіўся. Прыкладна праз тыдзень пасьля падпісаньня гэтай паперы палітвязьня адправілі ў ШЫЗА.

«Што цікава: калі ты не ў ШЫЗА і ў цябе дыягнаставаныя сухоты, то ў цябе ёсьць ціхая гадзіна, а ў ШЫЗА — яе няма. Быццам ад зьмяшчэньня ў ШЫЗА ў цябе становіцца лягчэй дыягназ. Я мяркую, што ціхая гадзіна неабходная, магчыма, з-за пабочнага эфэкту ад лекаў. Я як такіх сухотаў не адчуваў. Але мне было дрэнна паўтары-дзьве гадзіны ў дзень ад прыёму лекаў. Таму што там рэальна ясі адразу жменю. І вось у ШЫЗА не было ціхай гадзіны, але было дрэнна ад таблетак. Я клаўся на падлогу, за што супраць мяне складалі новыя акты і дадавалі суткі ў ШЫЗА. Так мяне вылечылі таблеткамі ад сухотаў», — распавёў Павал Вінаградаў.

«У такіх жудасных умовах з 2021 году памерлі 9 палітвязьняў»

Праваабаронца Кацярына падсумавала зьвесткі, атрыманыя ад былых палітзьняволеных адносна іх хваробаў, лячэньня і наступстваў знаходжаньня ў вязьніцах. Паводле праваабаронцы, лад жыцьця — гэта адзін з асноўных фактараў, які ўплывае на здароўе чалавека. Але ў жудасных умовах утрыманьня ў месцах няволі вязьні не могуць весьці правільны лад жыцьця, мяркуе праваабаронца.

«У турме амаль усё, што павязана з ладам жыцьця, парушана. Зь фізычных фактараў мы назіраем: адсутнасьць паўнавартаснага харчаваньня, нармальнага асьвятленьня, нармальнага мікраклімату, нармальнай фізычнай нагрузкі — у СІЗА яна недастатковая, а ў калёніях часта празьмерная і незбалянсаваная. Перапоўненасьць камэр і скучанасьць людзей у калёніях, дрэнныя санітарныя ўмовы — „цудоўны“ фон для распаўсюджваньня інфэкцыйных хваробаў. Такія ўмовы для арганізма чалавека не аптымальныя. Хтосьці за кошт маладога ўзросту і рэзэрваў здароўя можа пэўны час пратрываць без асаблівых наступстваў, а хтосьці праз празьмерныя фізычныя нагрузкі захварэе на гемарой ці грыжу. З гэтых жа прычынаў вельмі частыя праблемы з апорна-рухальным апаратам такія як артрыты, ці міжпазванковыя грыжы, што праяўляюцца рэгулярным болем. Хтосьці ў турме пачынае часта хварэць на бранхіт і пнэўманію, таму што халодна, сыра і цесна. З астмай і алергіямі людзі моцна пакутуюць на прадпрыемствах, дзе ёсьць драўляны і мэталёвы пыл, пары хімічных рэчываў, а сродкаў індывідуальнай абароны няма. Недахоп у ежы гародніны, бялку, карысных тлушчаў уплывае на страваваньне і здароўе ў цэлым. Агулам хранічныя захворваньні маюць тэндэнцыю ў турме абвастрацца і пагаршацца. Хваробы, якія моцна зьвязаныя са стрэсам, абвастраюцца амаль заўсёды — псарыяз, падвышаны артэрыяльны ціск, арытміі, гастрыт, разлады сну», — адзначыла праваабаронца Кацярына.

Іншы чыньнік, які пагаршае і без таго катастрафічную сытуацыю, у беларускіх вязьніцах, гэта адсутнасьць якаснай і своечасовай мэдыцынскай дапамогі ўнутры пэнітэнцыярнай сыстэмы. Наступствы такіх умоў ужо мелі фатальны вынік: праз праблемы са здароўем і ўмовы ў зьняволеньні з 2021 году памерлі дзевяць палітвязьняў, нагадала праваабаронца «Вясны» Кацярына.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG