Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не апошняя сьмерць». Як выжываюць палітвязьні ў атрадзе для людзей з інваліднасьцю


Былы палітвязень Аляксей Галоўкін. Каляж
Былы палітвязень Аляксей Галоўкін. Каляж

Як выжыць у турме з другой групай інваліднасьці? Што такое атрад для людзей з інваліднасьцю ў бабруйскай калёніі? Што гаварылі за кратамі Вітольд Ашурак і Ігар Леднік? Як зьдзекуюцца ў калёніі з палітвязьня Гундара, у якога няма нагі?

Пра гэта ды іншае мы пагаворым з былым палітзьняволеным, 38-гадовым праграмістам Аляксеем Галоўкіным, які ў сьнежні 2023 году быў вымушаны экстранна пакінуць Беларусь. Цяпер ён у лягеры для ўцекачоў у Швайцарыі.

«Ігар Леднік гаварыў, што здароўе ў яго пагаршаецца, і калі да яго ня будзе спагадлівага стаўленьня, то да канца тэрміну ён не дажыве»

— Я хацела б пачаць размову з чарговай сьмерці палітвязьня за кратамі — Ігара Ледніка, які памёр 20 лютага ў Менскай раённай лякарні. 63-гадовага палітвязьня даставілі туды з бабруйскай калёніі. Мэдыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспасьпяхова. Ігар Леднік меў 2-ю групу інваліднасьці праз хваробу сэрца, а таксама іншыя хранічныя захворваньні. Вы сустракаліся зь Ігарам у калёніі, у тым ліку ў мэдычнай частцы. Раскажыце, як ён сябе адчуваў. Што давяло яго да сьмерці?

— Мы пазнаёміліся зь Ігарам вясной 2023 году ў санчастцы. У мяне былі праблемы з крывёй, а ён там ужо знаходзіўся. Ён быў у вельмі дрэнным стане. Калі псыхалягічна ён адчуваў сябе вельмі добра, быў добразычлівым, кантактным чалавекам з усьмешкай, то фізычна адчуваў ён сябе вельмі дрэнна. Вельмі павольна хадзіў, была задышка. Казаў, што сэрца вельмі моцна непакоіць, дрэнна працуе. За некалькі месяцаў да гэтага яму зрабілі апэрацыю на кішэчніку і выводзілі частку кішэчніку звонку праз брушную паражніну.

— Ці была апэрацыя на кішэчніку абумоўленая знаходжаньнем за кратамі? Ці магло яе выклікаць харчаваньне, якое там было? З чым яна была зьвязаная?

— Гэтага сказаць не магу. Ня памятаю ўжо. У СІЗА, падаецца, гэтую апэрацыю яму рабілі.

— Такая апэрацыя на кішэчніку даволі складаная, яна патрабуе адпаведнага абсталяваньня ў шпіталі і працяглай рэабілітацыі. Што вам вядома, ці была рэабілітацыя ў Ігара Ледніка пасьля апэрацыі?

— Рэабілітацыі, канечне, ніякай не было. Як толькі ўсё больш-менш загаілася, адправілі ў калёнію сядзець тэрмін. Рэабілітацыі ўвогуле ў нас у калёніі не існуе.

— Ігар Леднік меў хворае сэрца, у такіх выпадках чалавек патрабуе рэгулярнага кантролю ў лекара і пэўных мэдыкамэнтаў штодня. Ці была такая магчымасьць у яго?

— Яму нейкія таблеткі давалі. Іншая справа, што ён быў павінен быць на сталым кантролі ў кардыёляга. Кардыёляг можа прыехаць раз на адзін-два месяцы, хутка паглядзіць усіх і зьедзе. А кантраляваць стан здароўя такім хворым трэба раз на тыдзень. Ігар казаў, што здароўе ў яго пагаршаецца, і калі да канца тэрміну ягоным здароўем ня зоймуцца рэальна, а для гэтага трэба было і ў шпіталь яго вазіць, і кантраляваць жыцьцёва важныя паказьнікі, калі да яго ня будзе спагадлівага стаўленьня, то да канца тэрміну ён не дажыве. Як, уласна, і атрымалася.

— У Ігара Ледніка была другая група інваліднасьці. Наколькі вядома, каб яе прызначылі і не здымалі ў Беларусі, трэба мець сапраўды вельмі сур’ёзныя захворваньні. Вы таксама маеце другую групу інваліднасьці. Вас затрымалі ў сьнежні 2020 году, у чэрвені 2021 году судзьдзя Дзьмітры Кедаль асудзіў вас паводле чатырох артыкулаў, а па факце — за пратэставыя камэнтары, да трох гадоў пазбаўленьня волі. Суду адпачатку было вядома, што ў вас другая група інваліднасьці, што вы хварэеце на гемафілію, тым ня менш вас асудзілі. Ці ўздымалася пытаньне хваробы ў судзе, якая была рэакцыя?

Аляксей Галоўкін
Аляксей Галоўкін

— Канечне, судзьдзя ведаў. Мой адвакат рабіў асноўны ўпор на тое, што ў мяне другая група інваліднасьці. Пракурор запрошваў для мяне пяць гадоў, а судзьдзя даў тры. Можа, праз інваліднасьць нават. Але сама па сабе хвароба зьмякчальнымі абставінамі не зьяўляецца. У крымінальным ці крымінальна-прэцэсуальным кодэксе няма такога панятку, што калі хварэеш, тэрмін могуць замяніць на нешта мякчэйшае — хатні арышт, напрыклад. Магчыма, трэба быць пры сьмерці, мець чацьвёртую ступень раку, а ўсё астатняе хваробамі ня лічыцца насамрэч.

«Сядзець зь незгусальнасьцю крыві ня вельмі прыемна, ня раю туды з такой хваробай трапляць»

— Што азначае быць у зьняволеньні з такой хваробай, як гемафілія? Лекі, рызыкі, асаблівыя ўмовы...

— Сядзець зь незгусальнасьцю крыві ня вельмі прыемна. Кровазьліцьцё часта здараецца. Пасьля кайданкаў вялікія гематомы. Мэбля там уся жалезная, увесь час бʼесься аб нешта, потым сінякі пачынаюцца.А каб дапамогу атрымаць, не заўсёды і атрымаеш. Ня раю туды з такой хваробай трапляць. Калі чалавека этапуюць, то там зусім няма такога панятку, як мэдычная дапамога. Калі на этапе нешта здарыцца, то трэба толькі маліцца.

— Ці трэба пры вашай хваробе штодзённа прымаць лекі? Ці атрымлівалі вы іх?

— Мне трэба рабіць уколы, але ня кожны дзень, а раз на тыдзень ці на 10 дзён. Калі гаварыць пра СІЗА, то прэтэнзій не было ў гэтым пляне. Кожны раз, калі я казаў, што мне трэба ўкалоцца, доктар адразу прыходзіў. У калёніі было зусім інакш. Трэба запісацца на прыём, пройдзе некаторы час, бо прыём раз на два тыдні. Пакуль прыёму дачакаесься, усё гэта баліць. Калі адбываецца кровазьліцьцё ў непрыемнае месца, напрыклад у сустаў, гэта ня вельмі прыемна, і ў гэты момант можа высьветліцца, што патрэбныя ўколы скончыліся, а новых не завезьлі. За два месяцы да вызваленьня мне сказалі: «Хутка дадому пойдзем, якія ўколы. Цярпі». І два месяцы я быў без уколаў, што супярэчыць мэдычным інструкцыям.

— У інтэрвію «Новаму часу» вы расказвалі пра атрад для людзей з інваліднасьцю ў калёніі. Раскажыце пра яго больш падрабязна. Колькі там вязьняў, зь якімі хваробамі, якая мэддапамога, ці ёсьць паслабленьні праз хваробы.

— У кожнай калёніі ёсьць атрад, у якім сядзяць людзі, якія маюць праблемы са здароўем — інваліды, вельмі пажылыя людзі, людзі з псыхічнымі хваробамі. Вельмі спэцыфічны атрад у пляне кантынгенту. Паслабленьне — практычна ніхто з гэтага атраду ня ходзіць на працу. Больш паслабленьня няма. Працаўнікі адміністрацыі асабліва ў гэты атрад не заходзяць, ня хочуць пэцкаць рукі. Таму яны ўсе мерапрыемствы «па забесьпячэньні парадку» дэлегуюць іншым зэкам, так званым актывістам, і ўсю чорную працу робяць гэтыя людзі — прымушаюць інвалідаў шыхтавацца, прыбіраць сьнег на вуліцы гадзінамі.

— Колькі вязьняў у бабруйскай калёніі, якая частка зь іх людзт з інваліднасьцю і якую частку ў гэтым атрадзе складаюць палітвязьні?

— У калёніі на момант майго вызваленьня было 2400 чалавек. Калі не памыляюся, самая вялікая калёнія ў Беларусі. Атрад інвалідаў — каля 100 чалавек. Палітвязьняў у гэтым атрадзе было ў розны час ад 5 да 10 чалавек.Там сядзіць палітвязень Уладзімер Гундар, асуджаны па «справе Аўтуховіча», у якога нагі няма. У старшыні незалежнага прафсаюзу Генадзя Фядыніча праблемы з сэрцам. Ён таксама вельмі дрэнна ходзіць, таксама задышка, праблемы з сэрцам. Яго прымушаюць увесь час хадзіць зь мятлой і падмятаць. На працу ён ня ходзіць, але ад гэтай падсобнай працы яго ня вызвалілі. Такой працай усе без выключэньня палітвязьні займаюцца. Больш ніхто. Палітвязень Аляксандар Сакалоўскі там сядзіць, дык у яго інфаркт быў падчас зьняволеньня.

«Гену Фядынічу трэба пасядзець, адпачыць, пасьля таго як усе бычкі ад асфальту адскрабе»

— Раскажыце болей пра стан здароўя 67-гадовага Генадзя Фядыніча і 64-гадовага Ўладзімера Гундара.

— Фядыніча кожны дзень водзяць у санчастку даваць таблеткі. Я ня ведаю, ці тыя гэта таблеткі, якія яму патрэбныя, ня ведаю якасьці гэтых прэпаратаў. Што тычыцца Гундара, ён нармальна сябе адчувае фізычна. Зразумела, што ў чалавека няма нагі — ён ужо хворы, але вялікай слабасьці ў яго не назіраў. Ён ходзіць на мыліцах увесь час, каб на месцы не сядзець. Такі энэргічны дзядзька, цудоўны чалавек. А Гену Фядынічу трэба пасядзець, адпачыць, пасьля таго як усе бычкі ад асфальту адскрабе. А ўчастак вялікі, які яму трэба прыбраць. Майце на ўвазе, што летам там вельмі горача, а ўзімку вельмі халодна. Толькі некалькі месяцаў на год там камфортная тэмпэратура. Калі чалавек дрэнна сябе адчувае, у такіх умовах цяжка да канца тэрміну даседзець.

— Ці можна сказаць, што палітвязьняў за кратамі сьвядома даводзяць да сьмерці? Калі нічога ня зьменіцца год, два, тры, то паведамленьні пра сьмерці палітвязьняў стануць часьцейшымі?

— Я перакананы. Паводле лёгікі, колькасьць такіх сьмерцяў з гадамі стане большай. Час ідзе. Калі хворага чалавека пасадзілі ў 2020 годзе... Мне пашанцавала. У мяне тэрмін маленькі. А час ідзе. 5–6 гадоў сядзець. На вялікі жаль, гэта не апошняя сьмерць.

— У 2020 годзе часта казалі, што палітвязьні ня будуць свае тэрміны сядзець. Ці захаваліся цяпер такія настроі, калі людзі думаюць, што ня будуць да канца сядзець свае тэрміны?

— У 2020 годзе, калі мяне толькі пасадзілі, вера, што ня прыйдзецца сядзець да канца, была ўва ўсіх. Зь цягам часу было ўсё больш расчараваньня цяперашняй сытуацыяй і менш веры, што нешта зьменіцца бліжэйшым часам... Вельмі далёка ўсё зайшло. У краіне тэрор на ўзроўні трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Чакаць толькі замежнапалітычнай волі, калі нейкія дзяржавы вельмі моцна націснуць. Унутры Беларусі ўжо нічога зрабіць нельга. Цяпер фактычна расейская акупацыя. Нікога адпускаць ня будуць.

«Вітольд быў самым яркім палітзьняволеным з усіх, каго я сустракаў»

— Вы сядзелі ў СІЗА разам зь Вітольдам Ашуркам. Што найчасьцей з размоваў зь ім згадваецца цяпер?

— Мне не пашанцавала больш зь Ігарам Леднікам стасавацца, толькі дзесяць дзён. А зь Вітольдам пашанцавала быць разам некалькі месяцаў. Пры ўсёй павазе да ўсіх іншых — хтосьці большы апазыцыянэр, хтосьці меншы, але Вітольд быў адназначна самым яркім палітзьняволеным з усіх, каго я сустракаў. Самым першым і самым яркім. І застаецца. Чалавек вельмі ідэйны і прынцыповы. З усімі на вы размаўляў абавязкова. Часта гаварыў «вы крымінальнік, а я палітычны зьняволены», калі сварыўся зь некім. Ня вельмі моцна ішоў на кантакт з тымі, хто парушаў закон па непалітычных артыкулах. Вельмі начытаны чалавек. Мы вельмі шмат гаварылі ўвесь час. Гэта было вельмі цікава. Стан здароўя ў яго быў ідэальны для ягонага ўзросту — 50 гадоў. Калі я прачытаў пра сьмерць ад «спыненьня сэрца», гэты было вельмі дзіўна. Такога не бывае.

— Ці зьмяніліся вашы погляды на сытуацыю ў Беларусі за гады турмы? Што вы думаеце цяпер пра тое, што ў Беларусі адбываецца?

— Погляды ў мяне не зьмяніліся. У пратэставых акцыях я ўдзельнічаю з 2011 году. Я не выпадковы чалавек, сьвядома да ўсяго ставіўся.

— Чаму вы вырашылі зьехаць зь Беларусі празь некаторы час пасьля вызваленьня?

— Незадоўга да майго вызваленьня на мяне зноў завялі крымінальную справу. Сьледчы казаў, што я буду сядзець далей, што мне дададуць тэрмін. Вазілі мяне на так званыя сьледчыя мерапрыемствы ў мой родны горад Горадню. У выніку тэрміну не дадалі, але ніякіх папераў, што справа спыненая, я не атрымаў. Пасьля вызваленьня нада мной вісела аўра няпэўнасьці. Да таго ж да мяне былі прэтэнзіі, што мне «Байсол» дапамогу фінансавую аказваў. Таму я падумаў, што лепей не рызыкаваць, і зьехаў.

— Вы праграміст, мелі добрую працу да зьняволеньня. Цяпер вы ў лягеры для ўцекачоў у Швайцарыі. Што далей будзеце рабіць? Якая дапамога вам патрэбная?

— Дапамогі ніякай мне не патрэбна. Ёсьць цудоўныя сябры тут у Швайцарыі, нашы беларусы. Яны заўсёды побач і дапамогуць, калі трэба. Чым буду займацца? Трэба паглядзець. Спачатку трэба атрымаць пазытыўнае рашэньне міграцыйнай службы.

— Што дае надзею ў гэтай складанай сытуацыі?

— Рэжым, які цяпер сфармаваўся ў Беларусі, не эфэктыўны ні эканамічна, ні палітычна (гэтую ўладу амаль ніхто ўжо не прызнае). Гэты рэжым, як і расейскі, рана ці позна рухне праз сваю неэфэктыўнасьць. Бо гэта вялікая праца — увесь час усё грамадзтва кантраляваць. Таму ўсё рухне. Трэба пачакаць крыху.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG